Развагі празаіка і публіцыста. Рэцэнзія на кнігу Валера Санько

У кнізе «Сучаснае беларускае літаратурнае жыццё» (Мн.: МАЭН, 2015. – 280 стар.) аўтар Валер Санько ўпершыню доказна і аргументавана гаворыць пра парадкі/непарадкі ў беларускіх рэдакцыйных калектывах, у тых самых, якія зачастую любяць крытыкаваць іншых, вучыць, маралізаваць.

Першая частка кнігі – «Беларускае літаратурнае самаедства» – параўнальна нядаўняя перапіска пісьменніка з рэдакцыямі, паказвае праўду/няпраўду абодвух бакоў, другая частка высвечвае годнасць аўтарскіх твораў, справядлівасць/несправядлівасць узаемных ацэнак (прыдзірак, апраўданняў). Размова тычыцца дзяржаўных і недзяржаўных выданняў, рэспубліканскіх, абласных, раённых. Зачэплівае апошнія гады, хаця 50-гадовыя ўціскі дазваляюць В.А. Санько весці размову значна шырэй.

У Беларусі на 01.01.2015 зарэгістравана 1577 друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Рускамоўных 684, беларускамоўных 33, друкуюць матэрыялы на беларускай і рускай – 649.

Ва ўсіх газетах і часопісах, радыё і тэлестудыях, выдавецтвах працуюць старанныя талковыя спецыялісты. Усе хочуць, каб іх выданне, перадача, кніга прыносілі карысць народу, аўтарытэтнічалася ў маладых і старых чытачоў, слухачоў.

Размова ў кнізе ў асноўным ідзе пра местачковасць літаратурнага мыслення ў рэспубліканскіх літаратурных выданнях, іх перадузятасць, закасцянеласць. Замест дапамогі аўтару ў літустановах і газетах адкрытым і закамуфляваным патокам ідзе суцэльнае цэнзарства, «асадзі назад», шэрасць, усярэдненасць.

У раўнапраўнай двухмоўнай дзяржаве на асноваўтваральнай мове нацыі, на беларускай – усяго 33 выданні, 2,09%. Два і адна дзясятая працэнта! Скажыце каму пра такое раўнапраўства – доўга смяяцца будуць, іранізуе аўтар. (стар.7).

Няправільныя падлікі, няправільныя, тут жа запярэчаць. Астатнія не рускамоўныя, такіх усяго 684. Яны не ў 49 разоў перавышаюць беларускамоўныя, а ў 20,71 разоў.

Вось цяпер дакладныя падлікі, рускамоўныя перавышаюць беларускамоўныя... усяго ў 21 раз. Жахлівая няроўнасць!

Назавіце, у якой дзяржаве такое мажліва: не надрукаваць матэрыял на галоўнай мове дзяржавы, бо рэдактар за яго надрукаванне атрымае наганяй. Смех і грэх. Нават Міністр інфармацыі Беларусі Ліля Ананіч у пісьме Таварыству беларускай мовы 20.01.2015 не ўбачыла тут праблемы. (стар.8).

Прафесар, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч у заключэнні «Так не можа быць. Але так было, ёсць» (снежань, 2014) выказаўся ярка, каларытна:

“Сумненні аўтара, ці варта выносіць на вочы любога чытача дзесяцігоддзямі твораную беларускую літаратурную нізасць, – я катэгарычна адрынуў. Неабходна. Чытаеш перапіску паміж В. А. Санько і рэдакцыямі, поўную гора, бюракратычных вывертаў, намёкаў, узаемнай з’едлівасці – і асяляецца ў душы лагічны вывад. Так не можа быць”. (стар. 275).

Так падумвалася. Аднак пасля часопісна-газетных узгадкаў пра лёс твора (у асноўным аргументуе В. А. Санько) у другой частцы кнігі, «Адхіленыя творы», знаёмішся з разгляданым тэкстам, плюсамі-мінусамі сюжэта, характарыстыкамі герояў, моваю аўтара і адразу пераконваешся: мякка піша Валер Санько пра беларускае літаратурнае самаедства, надта далікатнічае.

Яму нельга было цярпець футбольную беларускую літаратурную нізоту пяцьдзясят гадоў. Даўно патрэбна было расказаць пра гэта народу. Толькі святло праўды выжане цемру невытлумачальнай з’едлівай прадузятасці і неасветнасці з нашых рэдакцыйных падвалаў, закуткоў. (стар.275).

...Чаго болей у жвавым патоку адхіленняў – злобы, дробнатварнасці ці элементарнай зайздроснай тупасці… – вызначыць не магу. Перачытваць тэкст кнігі другі раз, каб вызначыцца з канкрэтыкай ацэнкі, няма здароўя, сілы. Няхай гэта зробіць чытач, спадзяюся не на добразычлівага і лагоднага чытача – на аб’ектыўнага, праўдзівага. Крытыкі будуць шукаць у суцэльных замоўчваннях і адпісках цяпло і сардэчнасць, узважанасць ацэнак, жаданне памагчы беларускай літаратуры і аднаму з бядачных яе творцаў.  Не знойдуць. Так мне думаецца. (стар. 277).

...Правільна піша Санько: ні ў адной дзяржаве няма, не можа быць кіраўніком Саюза літаратурных арганізацыяў пісьменнік, які піша на мове чужой нацыі. На Беларусі ёсць.

Гэта норма? усе сляпыя? такі кіраўнік уцішыць боль пісьменніка-патрыёта? стане разбірацца ў яго праблемах? Нізашта. Не здолее, ды яго і не паслухаюць.

У якой бы мантыі рускамоўны пісьменнік Мікалай Чаргінец не хадзіў, генеральскай ці сенатарскай, яго слова для рэдактара часопіса, выдавецтва не будзе істотным». (стар. 278).

Знаёмства з паддывановымі рэдакцыйнымі гульнямі, даўнейшымі і цяперашнімі парадкамі на беларускіх літаратурных і газетных гонях зацікавіць філолагаў, вопытных і маладых журналістаў, пісьменнікаў.

Анатоль Жук, журналіст, г. Слуцак.