Міхась Казлоўскі і Сяргей Панізьнік выдалі кнігу твораў беларусаў у Латвіі – Вольгі і Сяргея Сахаравых

Фота з кнігі “Вольга Сахарава, Сяргей Сахараў. Выбраныя творы”.

“А што, Латвія ўваходзіла ў склад Заходняй Беларусі?” – з такім непаразуменнем сутыкнуўся краязнаўца і пісьменнік Міхась Казлоўскі, калі распавядаў, што рыхтуе кнігу пра рупліўцаў беларушчыны ў міжваенны перыяд на латвійскай зямлі.

Гэта толькі яшчэ больш упэўніла ў тым, што неабходна не толькі апублікаваць працы Вольгі і Сяргея Сахаравых, але і падрабязна апісаць краіну і час, у якіх яны працавалі.

Ідэя стварыць том, прысвечаны сямейнай пары Сахаравых, належыць паэту і журналісту Сяргею Панізьніку. Ён даўно хацеў выдаць кнігу і звярнуўся да Міхася Казлоўскага па дапамогу.

Панізьнік лічыць іх знакавымі асобамі ў беларускім культурна-асветным руху міжваеннай Латвіі. Такіх постацяў вылучаюць дзве – Кастусь Езавітаў і Сяргей Сахараў. Казлоўскі жартам называе іх беларуска-латышскімі Кірылай і Мяфодзіем.

Панізьнік захапіўся Сахаравымі з 70-х гадоў. Многія беларусы Латвіі дзяліліся матэрыяламі. У тым ліку дачка Ірына Вількель-Сахарава і ўнучка Нона Ахметулаева, якая цяпер жыве ў Рызе. Дзякуючы архіву кніга аздобленая сямейнымі фотаздымкамі, выявай рукапіса, вокладкамі тагачасных выданняў.

Як беларусаў паменела на 37 тысяч

У прадмове Міхась Казлоўскі імкнуўся акрэсліць кантэкст дзейнасці Сахаравых, гістарычны фон, на якім ім давялося жыць і працаваць. Вольга і Сяргей пабраліся шлюбам у 1905 годзе. Першую сусветную перажылі ў Юр’еўскім (Тартускім) павеце.

Пасля Люцынская гарадская рада запрасіла Сяргея Сахарава на пасаду дырэктара мясцовай гімназіі. У той час у сям’і ўжо былі дочкі Галіна і Ірына. Пасля прызначылі кіраўніком Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі. Тут яны апынуліся ў эпіцэнтры змагання за беларускую справу і сталі яе часткай.

Сяргей і Вольга Сахаравы з дочкамі Ірынай і Галінай. Лецішча, 27 ліпеня 1930 года.

А ў 1925 годзе адбыўся суд над васьмю беларускімі настаўнікамі, якіх абвінавацілі “ў злачынным таварыстве ў Латгаліі, якое ставіць мэтай адарваць ад Латвійскай дзяржавы тэрыторыю Дзвінскага, Рэжыцкага, Люцынскага і часткова Ілукштанскага паветаў і далучыць іх да Беларускай дзяржавы”. Вынікам такой агрэсіі да праяў беларушчыны сталі лічбы Уселатвійскага перапісу насельніцтва.

Калі ў 1920 годзе беларусамі сябе назвалі 75 650 чалавек, то ўжо ў 1925 – 38 010.

Такое памяншэнне невыпадковае на беларускіх этнічных землях, якія да рэвалюцыі ўваходзілі ў склад Віцебскай губерні, а да Латвіі далучаныя ў 1920 годзе са згоды Леніна.

Дух часу і подых эпохі

Пры гэтым Сахаравы былі не толькі педагогамі, пра якіх са шчырай падзякай узгадвалі вучні. Сяргей Сахараў збіраў этнаграфічныя матэрыялы, займаўся публіцыстыкай. Яго жонка пісала вершы і драматургічныя творы.

Вершы Вольгі з тэхнічнага пункту гледжання не вельмі дасканалыя, але гэты іх недахоп кампенсуецца шчырасцю, у іх адчуваецца дух часу і подых эпохі, заўважае укладальнік. А стаўленне да драматургіі ў яго праходзіла своеасаблівую эвалюцыю. Прачытаўшы іх гадоў з 10-15 таму, спачатку паставіўся да твораў даволі крытычна. А прачытаўшы другі раз, заўважыў шмат вартага і для друкавання, і для абмеркавання.

– Здавалася б, п’есы не адзначаюцца драматургічнымі знаходкамі, яркімі персанажамі, але яны дораць неверагоднае адчуванне сонечнасці і святла, – гаворыць Міхась Казлоўскі. – Часам творы варта перачытваць, бо самае галоўнае пасля першага прачытання я не заў­важыў. Ці знойдзецца драматург, які надасць ім другое жыццё?

Асаблівую каштоўнасць укладальнік бачыць у працы “Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў”, для якой Сяргей Сахараў не толькі сабраў этнаграфічны матэрыял, але і па-майстэрску апрацаваў.

Краязнаўца адзначае, што Сяргей Сахараў спалучае выдатныя якасці грамадзяніна і асобы, творцы і знакавай постаці. Гэта адлюстроўвае блок успамінаў пра яго і яго жонку.

Як і многіх дзеячаў беларускага адраджэння, Сахарава напаткаў трагічны лёс. Дачка Галіна загінула, прыёмны сын прапаў, жонка пайшла з жыцця раней часу. А ў 65 год чакала пяцігадовая ссылка.

– Мы не павінны забывацца, што адбывалася ў трагічны і велічны міжваенны перыяд, – падкрэслівае краязнаўца. – Былі беларускія арганізацыі ў Чэхаславакіі, ЗША, Францыі. Згадкі пра іх робяць нас нашмат багацейшымі. Даюць прыклад, як трэба працаваць, не звяртаючы на сітуацыю, час і неспрыяльнасць.

Сахаравы_Выбраныя-творы_вокладка_04

Вытрымкі з кнігі

“Паглядзіце, на што накіраваны зараз высілкі і геніяльнасць чалавецтва. Толькі на вонкавы дабрабыт нашага жыцця, на развіццё тэхнікі і прамысловасці…

Ідзіце ў народ, патаўчыцеся на рынках, прыслухайцеся да таго, што кажуць, аб чым думаюць, тужаць, – і вы ўбачыце, наколькі цікавае жыццё і колькі ўсюды неабходнай, жывой, прыгожай працы”.

      “Дабро і хараство ў жыцці”. Сяргей Сахараў.

“Бывала, зловіць па радыё беларускую перадачу, то кідаў усё, сядаў і слухаў, заклікаў іншых…

Сем’янінам ён быў бельмі добрым: клапатлівым, выключна пяшчотным і любячым бацькам…

У ежы быў больш вегетарыянцам. Здаралася, на абед рэжуць курыцу, ён ведае, што яе гатуюць, то не еў мяса зусім ці з вялікай неахвотай… Уздыхаючы, любіў гаварыць: “Грахі нашы цяжкія”…

Гадзіны за чатыры да канчыны, не расплюшчваючы вочы, сабраў апошнія сілы і, ледзь варушачы языком, даваў апошнія распараджэнні пра пахаванне, а таксама пра свае працы, фальклор”.

      “Успаміны пра майго бацьку Сахарава Сяргея Пятровіча”. Ірына Вількель-Сахарава.

Рэгіянальная газета