10 падзей і працэсаў, якія вызначылі і ўмацавалі беларускую незалежнасць цягам апошніх 30 гадоў

Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч напісаў пра 10 самых важных, на ягоны погляд, падзей, якія прадвызначылі 30-гадовую незалежнасць Беларусі.

1. 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР пастанавіў надаць Дэкларацыі аб суверэнітэце БССР канстытуцыйны статус. Саму Дэкларацыю прынялі 27 ліпеня 1990 года. А рашэнне 25 жніўня 1991 года дэ-юрэ азначала абвяшчэнне незалежнасці. Таксама быў замацаваны прыярытэт беларускіх законаў над агульнасаюзнымі. Такім чынам дзень 25 жніўня стаў лёсавызначальным у заснаванні беларускай незалежнасці.

2. 19 верасня 1991 года Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. У гэты дзень былі прыняты новыя дзяржаўныя сімвалы: герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг.

3. 8 снежня 1991 года былі падпісаны Белавежскія пагадненні, паводле якіх адбыўся роспуск СССР. Дакумент канстатаваў, «што Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». Белавежскія пагадненні былі ратыфікаваны Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 10 снежня 1991 года.

4. 15 сакавіка 1994 года Вярхоўны Савет прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Дакумент набыў моц 30 красавіка 1994 года.

5. Пабудова інстытутаў незалежнай дзяржавы: прэзідэнт, урад, парламент, мясцовыя органы ўлады, судовая сістэма, войска, праваахоўныя органы, мытня, памежная служба, фінансавая сістэма, адукацыйная сістэма і іншыя.

6. Увядзенне сваіх грошай, афіцыйнай грашовай адзінкі Беларусі – беларускага рубля. Гэта адбылося ў 1992 годзе. Пытанне важнае таму, што цягам усіх 30 гадоў існавання незалежнай дзяржавы адбываецца замах на ўласную грашовую адзінку. Пакуль беспаспяховы.

У 1994 годзе падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі тагачасны прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч падпісаў дамову з урадам Расіі аб аб’яднанні грашовых сістэм.

Артыкул 13 падпісанай у 1999 годзе «Дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расіі прадугледжваў увядзенне адзінай грашовай адзінкі. 30 лістапада 2000 года ў Мінску было падпісана Міждзяржаўнае пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расіяй аб увядзенні адзінай грашовай адзінкі і фарміраванні адзінага эмісійнага цэнтра «саюзнай дзяржавы». Яно прадугледжвала, што ролю адзінай грашовай адзінкі з 1 студзеня 2005 года павінен быў выконваць расійскі рубель, а з 1 студзеня 2008 года меліся ўвесці адзіную грашовую адзінку «саюзнай дзяржавы».

У 2019 годзе ўрады Беларусі і Расіі абмяркоўвалі 31 «дарожную карту» эканамічнай інтэграцыі. Якраз 31-я карта прадугледжвала пераход да адзінай валюты. Ці стаіць гэтае пытанне падчас сёлетняга абмеркавання 28 «дарожных карт», не паведамляецца.

7. Адмова Барыса Ельцына ў 1997–1999 гадах падпісваць ініцыяваныя Лукашэнкам дакументы. Нежаданне прэзідэнта РФ дапускаць Лукашэнку ў расійскую палітыку фактычна ўратавала незалежнасць Беларусі. Такі парадокс гісторыі.

8. Палітыка шматвектарнасці, якую праводзіў афіцыйны Мінск у 2014–2020 гадах, умацавала міжнародную суб’ектнасць Беларусі. Пазіцыя адноснага нейтралітэту ў канфлікце Расіі з Захадам і Украінай, тактыка балансавання паміж рознымі цэнтрамі сіл падвысіла аўтарытэт краіны ў свеце. Можна сказаць, што толькі ў гэтыя гады ў Беларусі з’явілася дыпламатыя.

9. Выбух масавых пратэстаў 2020 года стаў важнай праявай завяршальнага працэсу станаўлення беларускай нацыі. У процівагу рэжыму, які апелюе да савецкай традыцыі, пратэставае грамадства ўзяло на ўзбраенне традыцыйныя нацыянальныя сімвалы: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». На іх аснове фарміруецца новая (несавецкая) беларуская ідэнтычнасць. Пасіянарны выбух беларускага соцыуму – гэта своеасаблівая форма нацыянальна-вызвольнага руху.

 10. Сам факт існавання незалежнай дзяржавы цягам 30 гадоў умацоўвае беларускую дзяржаўнасць. Проста ў выніку інерцыі палітычнага працэсу. З’явілася новае пакаленне беларусаў, якія выраслі ў суверэннай дзяржаве і не разумеюць саму пастаноўку пытання аб пагрозе незалежнасці. І чым больш будзе існаваць незалежная Беларусь, тым больш гарантыі незваротнасці яе дзяржаўнасці.

«Народная Воля»