«Павел, трымайся, мы побач»

Больш за 700 чалавек было затрымана ад пачатку выбарчай кампаніі. Шмат з іх — тыя, хто ўпершыню спазнаў усе цікавосткі палітычнага жыцця ў краіне. Але сярод затрыманых ёсць чалавек, які больш за 20 гадоў свайго жыцця прысвяціў змаганню за дэмакратычную Беларусь, хаця мог быць паспяховым інжынерам-геолагам.

Першыя затрыманні Павел Севярынец зведаў яшчэ ў 1997 годзе. Агулам колькасць затрыманняў супрацоўнікамі КДБ і міліцыі перакрочыла сотню. Штрафы, суткі, «хімія», турма… Вось і цяпер сустаршыня БХД Павел Севярынец ужо другі месяц адбывае адміністрацыйныя арышты ў ізалятары на Акрэсціна. Маці, жонка і сястра палітыка распавялі «Новаму Часу» пра тое, як яны перажываюць гэтыя дні.


02-zatrymanne_16_krasavika_2009_h.jpg

Затрыманне 16 красавіка 2009 г. Фота Юрыя Дзядзінкіна


Таццяна Севярынец: «За тое, што адбываецца, віна ляжыць на кожным беларусе»

Гэты арышт для Паўла Севярынца далёка не першы, палітык з 1990-х гадоў перыядычна трапляе на суткі, двойчы адбываў «хімію». Але, па словах маці Паўла Таццяны Севярынец, па сваёй жорсткасці ён адрозніваецца ад папярэдніх.

«Адрознівацца пачало адразу, з брутальнага затрымання на вачах у дзіцяці і жонкі. Але, на жаль, гэта чакалася і гэтага сцерагліся», — гаворыць спадарыня Таццяна.

Паводле яе словаў, калі стала вядома, што людзей у ІЧУ катуюць (адбіраюць рэчы, не перадаюць перадачы, кідаюць у халодны карцар, не даюць матрацы, не водзяць у душ і на прагулкі), перажываць зняволенне сына стала зусім невыносна. Калі раней можна было патэлефанаваць у ізалятар і даведацца, дзе ён, цяпер прыйшлося тэлефанаваць па вышэйшых інстанцыях, выказваць абурэнне, патрабаваць спыніць катаванні.

«Гэта сцяна, — гаворыць маці пра супрацоўнікаў інстанцый, у якія звярталася. — Літаральна 9 чэрвеня стала вядома, што не прымаюць перадачы, я даведалася, чый гэта загад, дамаглася, каб далі тэлефон начальніка ЦІП Шапецькі, я з ім гаварыла асабіста. Вельмі па-хамску са мной размаўляў, я потым на гэта напісала скаргу ў ГУУС Мінгарвыканкама, потым у МУС, калі даведаліся пра катаванні. 17-га паехала ў Мінск, каб перадаць перадачу і падмяніць Паўла ў Курапатах. На Акрэсціна напісала скаргу ў кнігу скаргаў, размаўляла з дзяжурным інспектарам, спрабавала прысарамаціць, але безвынікова... Сцяна абыякавасці і нават нейкай унутранай задаволенасці службоўцаў (бо ўвесь час пасміхаліся), што дэманструюць сваю ўладу.

Вельмі цяжка, вельмі. Есці, спаць, гаварыць пра што... Адчуванне, як сыходзяць сілы. Таму, каб не дайсці да адчаю, проста стараешся гнаць ад сябе такія думкі, толькі малітва супакойвае».

Цяпер Таццяна Яўгенаўна найбольш непакоіцца пра здароўе Паўла, і без таго моцна падарванае ранейшымі адсідкамі. А таксама — за яго жыццё, бо, па словах жанчыны, улада гатовая на ўсё.

Таццяна Севярынец сама адчувае пастаянны ціск: раней выходзіла на пікеты, каб падтрымаць мірныя пратэсты, і цяпер пры парозе ў яе заўжды напагатове заплечнік з рэчамі.


03-taccjana_sevjarynec.jpg

Таццяна Севярынец. Фота з фб


«Ходзіць бясконца міліцыя, як і за ўсімі, як паўсюль. Яшчэ моцна гнятуць гэтыя беззаконня суды, гэтыя маладыя аўчаркі, гэтыя суддзі, што цынічна і нахабна лепяць людзям штрафы і суткі», — прызнаецца Таццяна Севярынец.

Пасля затрымання Паўла Севярынца на яго адрас гучалі выказванні, што яму не варта было выходзіць на пікет 7 чэрвеня, дый наогул, час «старой апазіцыі» прайшоў. Але маці палітыка кажа: Павел — чалавек, які не можа сядзець дома, калі адбываюцца падзеі такога кшталту.

«Тым больш, ён лічыў сябе абавязаным стаць на месца Сяргея Ціханоўскага, якога тады ўжо арыштавалі. І так павінна быць. Гэта бой! — перакананая Таццяна Севярынец. — Што тычыцца зласліўцаў, то іх месца, як заўсёды, пад венікам — адтуль бяспечна гаўкаць. Я грэбую падобнымі, менавіта праз такіх разумнікаў мы і дакацілася да стану Карэі. Людзі спалі, пахропваючы, 26 гадоў, прадралі вочы, моцна напалохаліся, што нехта іх кліча на барыкады. Тым больш, Павел клікаў да мірных пратэстаў, а гэтыя і на такое не здольныя».

У той жа час жанчына адчувае моцную падтрымку, вельмі ўдзячная праваабаронцам і журналістам.

«Вельмі чакаю, што больш рашуча і катэгарычна будуць дзейнічаць еўрапейскія палітыкі. А вось сярод саміх беларусаў яшчэ шмат хто не разумее, што за тое, што цяпер адбываецца, віна ляжыць на кожным з іх: маўчалі, дазволілі, цярпелі, гатовыя і далей цярпець, не адчуваюць, што далей за любое варушэнне, прамы позірк яны рызыкуюць атрымаць не суткі і штраф, а кулю ў патыліцу».


04-fota_z_fb_paula_sevjarynca.jpg

Фота з фб Паўла Севярынца


Вольга Севярынец: «Знаходжу сілы ў бясконцай падтрымцы знаёмых і незнаёмых людзей»

Жонка Паўла Вольга Севярынец кажа, што не адчувае недахопу ў падтрымцы.

«Вялікая колькасць людзей падтрымлівае яго і нашу сям’ю, людзі пішуць заявы па розных інстанцыях, прапаноўваюць дапамогу, у мяне мноства паведамленняў у сацсетках ад незнаёмых людзей, грамадскія арганізацыі, міжнародная супольнасць амаль штодзённа выступаюць з заявамі і патрабаваннямі вызваліць палітвязняў, у тым ліку Паўла. Міжнародная Амністыя прызнала яго вязнем сумлення. Яго імя ўзгадваюць на самых высокіх узроўнях. І я вельмі ўдзячная кожнаму, хто прыкладае любыя высілкі ў напрамку вызвалення і падтрымкі палітвязняў», — зазначае Вольга.

Каментуючы папрок жонкі арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага Святланы, што беларусы слаба падтрымліва­юць яе мужа, Вольга Севярынец мяркуе, што кандыдатка ў прэзідэнты вельмі хоча, каб ахвяры яе сям’і і асабіста Сяргея былі не дарэмныя.

«Гэтая пара неверагодна годна і прыгожа праходзіць праз каласальныя цяжкасці. І вельмі хочацца, каб цярпенне Ціханоўскіх, Бабарыкаў, Севярынцаў, Статкевічаў, Навумікаў і многіх іншых смелых людзей не было дарэмнае, а натхніла многіх-многіх беларусаў вырашыцца і перамагчы».

Узгадваючы свой досвед, Вольга Севярынец кажа, што лісты і паштоўкі да вязняў часам прапускаюць, таму пісаць іх варта. Любая вестка з волі — гэта вялікая падтрымка для тых, хто за кратамі.

«Звычайна прапускаюць лісты палітычна нейтральныя і не занадта эмацыйныя, — адзначае Вольга. — Мае лісты Паўлу перадавалі ўсяго некалькі разоў, бо ад жонкі зняволенаму атрымаць ліст асабліва прыемна, а сістэма такога дапусціць не можа. Таму я пішу, але няшмат. Паўлу апошнія гады пісаць лісты ў адказ не даюць, але ён па выхадзе заўсёды дзякуе ўсім, хто яму пісаў».

На наступны дзень пасля таго, як Севярынца пасадзілі ў ізалятар на Акрэсціна, раптоўна ўтварылася эпідэміялагічна неспрыяльная абстаноўка і любыя перадачы забаранілі. Цяпер іх зноў прымаюць.

«Праўда, па маіх уражаннях, перадачы прымаюць пад настрой: часам адно бяруць, другое — не, наступны раз наадварот — гэта прынялі, тое — не. Газеты, кнігі, асадку і паперу — самае чаканае для Паўла — апошнія разы прымалі, але мы ведаем, што так і не перадалі».

Павел сядзіць на Акрэсціна ўжо другі месяц, за гэты час яго некалькі разоў судзілі, дадаючы новыя суткі. На знак пратэсту супраць умоваў утрымання палітык нават парэзаў сабе руку. Усю гэтую сітуацыю, з улікам адсутнасці інфармацыі пра стан роднага чалавека, блізкім перажываць надзвычай цяжка.

«Знаходжу сілы ў Богу, у нашым каханні, у сям’і і сябрах, у бясконцай падтрымцы знаёмых і незнаёмых людзей. Таксама ў веры, што кожнае цярпенне мае сэнс. Гэтым разам мне вельмі складана — думкі ўвесь час пра Паўла, пра тое, як ён там, як яму дапамагчы тут», — дзеліцца жонка вязня.

Яна, як і маці, найбольш трывожыцца за здароўе мужа.

«Выканаўцы загадаў ужо перайшлі мяжу — яны трымаюць людзей у халодным карцары тыднямі, без вады, душа, асабістых рэчаў. Вольга Нікалайчык перахварэла на сутках на бранхіт. Баюся, што Паша змучаецца там без нармальнага сну, у холадзе, з вошамі, пад пастаянным ціскам. Стараюся пра гэта не думаць і малюся, каб нішто кепскае яго не кранулася».


06-1_dzen_voli_2009_hod.jpg

Дзень Волі 2009 год. Фота Юрыя Дзядзінкіна


Не так даўно Вольга Севярынец запісала зварот да «людзей сістэмы», заклікаючы іх не выконваць злачынныя загады і захоўваць чалавечнасць.

«Я веру ў іх чалавечнасць, бо бачу іх вочы і заручальныя пярсцёнкі на руках. У сістэме працуюць розныя людзі. Я стараюся быць чалавечнай да іх і ставіцца да іх з павагай, і здараюцца моманты, калі і яны адказваюць мне тым жа. Да гэтага часу думаю пра міліцыянта з Савецкага суда, які ўступіўся за мяне на апошнім судзе над Паўлам, шкадую, што не падышла да яго і не падзякавала».

7 ліпеня з Акрэсціна вызвалілі Вольгу Нікалайчык, у яе засталіся недаседжаныя 28 сутак. Былі спадзяванні, што вызваляць і Паўла Севярынца, але замест гэтага яму дадалі яшчэ 15 сутак.

«Паша — лідар, а цяпер любы лідар зможа сабраць на вуліцы вялікую колькасць людзей, таму, думаю, ніхто яго да выбараў вызваляць не збіраецца», — мяркуе Вольга Севярынец.

Яна падлічыла, што палітык будзе сядзець да 21 жніўня. Жанчына вельмі спадзяецца, што пасля вызвалення іх жыццё будзе больш спакойным, такім, як раней, і яны змогуць аддаваць свае сілы на сям’ю, сяброў і будаванне лепшай Беларусі.

«Але загадваць цяжка, і лепш быць гатовым да ўсяго. Рэжым становіцца ўсё больш жорсткім і не мае ніякай міласэрнасці да тых, хто займае цвёрдую пазіцыю і не баіцца».


07-85048705_541390493140255_5754588738722201600_n_logo_1_1.jpg

Фота з асабістага архіву Севрынцаў


Пакуль Вольга распавядае маленькаму сыну Францішку, чаму тата цяпер не побач. Стараецца часта казаць яму, што тата вельмі сумуе па ім і вельмі яго любіць.

«Калі Францішак капрызіць, кажу, што трэба быць цярплівым, як тата. Мы вучымся гаварыць для таты новыя словы і запамінаем усе Францішкавы дасягненні, каб пасля ўсё таксама распавесці тату. Вельмі чакаю моманту, калі Паша зможа зноў узяць Францішка на рукі, бо ведаю, што па ім ён сумуе найбольш».

Вольга прызнаецца: калі Павел не побач, яе жыццё быццам запавольваецца, губляе смак.  

«Я малюся, каб час чакання нашай сустрэчы скараціўся. Першае, што мне хочацца зрабіць пасля вызвалення, — гэта абняць Пашу, паглядзець яму ў вочы, каб упэўніцца, што ўсё добра, і сказаць яму, што я кахаю яго яшчэ больш».


08-fota_arcjoma_ljavy_3.jpg

Фота Арцёма Лявы


Ганна Севярынец: «Далей — толькі трыццаць сёмы год»

Сястра палітыка Ганна Севярынец распавядае, што заўжды падтрымлівала брата ў яго ўдзеле ў вызваленчым руху, а вось у метадах — не заўсёды.

«Я чалавек больш лагодны і схільны да кампрамісаў, і па маладосці мы з ім шмат спрачаліся па розных пытаннях. Цяпер, канешне, амаль не спрачаемся, так, супастаўляем пазіцыі. Цяпер я разумею, што для цэльных людзей кшталту нашага Паўла немагчыма быць непахісным у сваім змаганні — і адначасова кампрамісным у метадах», — заўважае Ганна Севярынец.

Яна ўзгадвае першыя братавы арышты, калі спачатку Павел трапіў на суткі, а потым і ў СІЗА на Валадарскага. Абодва разы спадарыня Ганна была непасрэднай удзельніцай падзей, бо тады, як і брат, вучылася ў Мінску, жыла з ім у адным інтэрнаце, а сувязь з бацькамі ў сярэдзіне дзевяностых была не такой хуткай, як цяпер.


09-hanna_sevjarynec_1.jpg

Ганна Севярынец


«Першы раз мой удзел заключаўся у тым, каб хаваць яго па прыватных кватэрах маіх аднакурснікаў: мы ўжо былі амаль “дэмбелі”, пяты курс, шмат хто жыў па-за інтэрнатам. Па маладосці гэта падавалася значна больш рамантычным, чым цяпер. Ну, а калі ўжо ён трапіў на Валадарку, здаецца, за ўдзел у пратэстах супраць “Дня единения России и Беларуси”, першы раз па крымінальным артыкуле (здаецца, гэта называлася “быць бакланам”, то-бок ісці па “хуліганцы”), нашы мама з татам якраз былі ў санаторыі ў Сочы, першы раз за ўсё іх жыццё. І мы з сястрычкай вырашылі ім нічога не казаць. Яны, бедныя, сядзелі сабе ў няведанні ў Сочы, а мы тут разграбаліся з гэтым усім: і з перадачамі, і з адвакатамі, і з судамі. Тады я ўпершыню трапіла на допыты да следчага, упершыню пасядзела ў чэргах да кіраўніцтва на Валадарцы, але тады ж я перазнаёмілася з усім тагачасным “Маладым Фронтам”, які імгненна і без маіх просьбаў аднекуль знаходзіў мне і машыны, каб ездзіць, і грошы, каб плаціць адвакату, і даваў такую нечуваную падтрымку, што я па сёння ўспрымаю іх, ужо дарослых людзей, сваімі сябрамі».

Па словах сястры вязня, умовы ўтрымання ў зняволенні рэдка бываюць выноснымі, але жахліва тое, што грамадства ўжо неяк прызвычаілася да гэтага. І да таго, што інфармацыю блізкім трэба літаральна вытрасаць з пенітэнцыярных устаноў, і што часцяком родны чалавек выходзіць адтуль з вошамі ці каростай, і да таго, што пасля ў яго жудасна баліць галава тыднямі, і да таго, што творыцца ў судах.

«Але такога, каб літр вады на дзень, бясконцы карцар і такая колькасць сутак запар — гэта, канешне, канчатковае азвярэнне ўлады», — зазначае Ганна Севярынец.

Калі палітык парэзаў сабе руку — гэта быў пратэст, знак таго, што сітуацыя выходзіць далёка за межы не тое што дабра і зла, але і проста — за межы таго зла, якое можна сабе ўявіць.

«Я б хацела, каб гэтае змаганне нарэшце скончылася нашай агульнай перамогай, бо далей няма куды. Далей — толькі трыццаць сёмы год».

Ці варта было Паўлу Севярынцу выходзіць на пікет 7 чэрвеня? Ганна Севярынец мяркуе, што гэта той выпадак, калі яна не мае права ўказваць брату, што і як рабіць. Ён робіць тое, што лічыць патрэбным, — са сваім досведам у палітыцы, са сваім разуменнем учынкаў.

«Адно магу сказаць: цяпер такі час, калі невядома, што і як спрацуе, што будзе мець водгук, што будзе мець вынік. Ніхто цяпер не можа спрагназаваць, ад чаго, калі і як наш звыклы цягнік пратэсту саскочыць, нарэшце, са звыклых рэек — і падымуцца людзі. Таму цяпер важна, каб кожны рабіў учынкі — малыя і вялікія, спрэчныя і бясспрэчныя, хто на што здольны. Я ўсё хачу, каб мы перасталі дзяліцца на “старых” і “маладых”, у нас адна мэта, і ў нас адзін шлях — шлях смелых учынкаў. Між іншым, калі заглядаць крыху наперад, я упэўненая: мы пераможам не тады нават, калі на свае ўчынкі стануць здольныя публічныя людзі гераічнага складу. Краіна зменіцца тады, калі свае невялічкія, але надзвычай важныя ўчынкі зробяць тыя маленькія і наскрозь запалоханыя людзі, якія з’яўляюцца чальцамі выбарчых камісій. І калі гучныя ўчынкі з’яўляюцца бессэнсоўнымі самі па сабе, але правакуюць кожнага на свой уласны ўчынак — яны павінны быць».

Сястра палітыка не адчувае ніякай несправядлівасці ў тым, што яе брат столькі гадоў ідзе насуперак сістэме, у той час як людзі, якія цяпер «абудзіліся», спакойна жылі і рабілі бізнес.

«Я дзесяць гадоў адпрацавала ў бізнесе, у аптовым гандлі. Гэта не тое, што можна назваць “жыць прыпяваючы”. Бізнес у нашай краіне — гэта вельмі і вельмі няпросты і небяспечны шлях. І нерваў там, і небяспекі, у тым ліку турэмнай — не нашмат менш. Я ведаю і сярод дзеячоў старой апазіцыі тых, хто жыў і жыве прыпяваючы ў тыя часы, калі Павел бясконца сядзіць. Тут справа не ў нейкіх палітычных плынях альбо пакаленнях, а ў людзях. А ўвогуле, калі не перабіраць назапашаных за 26 гадоў крыўдаў, змаганне старых праклала сцежкі і шляхі. Тым, хто змагаецца цяпер, прасцей — менавіта таму яны больш моцныя, маюць пад сабой грунт, маюць напрацаваныя метады, набор нейкіх рэакцый. Яны моцныя за кошт сваёй маладосці, сваёй нябітасці, але і за кошт таго, што ідуць пракладзенымі шляхамі. І дзякуй Богу, што яны ідуць!» — перакананая суразмоўца.

Калі б брат мог яе пачуць, яна б сказала яму:

«Павел, трымайся, мы побач. Што б ні адбылося, ёсць мы, ёсць родавае гняздо — вёска Унорыца, ёсць наш род, нашы сваякі, жывыя і мёртвыя, гэта наша зямля, і мы адсюль нікуды не сыдзем і не з’едзем, хаця б і неба падала ў Дзвіну».

Але ён гэта і так ведае, дадае спадарыня Ганна.

Дзіяна Серадзюк, novychas.by