Беларусы стварылі апку – аўкцыён дабрачынных сустрэч MakeSense. Сярод актуальных лотаў – сустрэча з дуэтам Naviband.
Прынцып працы MakeSense просты: удзельнік(-ца) выстаўляе сустрэчу з сабой на аўкцыён, пазначыўшы мэту – напрыклад, нэтворкінг, кансультацыя, спорт, спатканне; карыстальнікі робяць стаўкі; пераможца аплачвае сустрэчу; карыстальнікі апкі сустракаюцца; грошы ідуць на дабрачыннасць.
Час сягоння ковідны, таму сустрэцца можна і анлайн. Аўкцыён доўжыцца ад 5 да 14 дзён. Стаўкі пачынаюцца з 10 рублёў. Аплата сустрэчы адбываецца наўпрост у дадатку (на «яблыку» або android).
Ужо цяпер можна зрабіць сваю стаўку і сустрэцца анлайн з гуртом Naviband. Сярод іншых лотаў – сустрэчы з фітнэс-трэнерамі, спецыялістамі па маркетынгу і камунікацыях, анлайн-экскурсія па Шры-Ланцы. Ты і сам(-а) можаш напісаць аўтарам праекта, з кім бы табе хацелася сустрэцца, – яны абяцаюць пашукаць выхады на зорку.
Цяпер грошы ад аўкцыёнаў пералічваюць ініцыятыве YouCan, якая дапамагае атрымаць прафесійную адукацыю дзецям-сіротам. З заснавальніцай фонду, Кацярынай Брыль, таксама можна сустрэцца праз аўкцыён. MakeSense запрашае да супрацоўніцтва і іншыя ініцыятывы.
Акрамя аўкцыёнаў MakeSense прапануе магчымасці дэйтынгавага сэрвісу: свайпаеш, мэтчыш, камунікуеш.
Дзяніс Кандратовіч
аўтар праекта
«Dating-апкі вельмі прывабныя для інвестараў і карыстаюцца вялікім попытам у аўдыторыі. У свеце пастаянна ствараюцца новыя праекты для рамантычных і бізнэс-знаёмстваў, нэтворкінгу. Але тэма вельмі складаная, прапанаваць нешта ўнікальнае атрымоўваецца не ў кожнага. Мы верым, што наша ідэя будзе вылучацца сярод астатніх і атрымае шырокі водгук не толькі ў Беларусі, але і за мяжой».
MakeSense вырас з праекта «МаеСэнс» – платформы, якая запусцілася ў 2012-м і праіснавала да 2018-га. За час існавання MaeSens.by было арганізавана больш за 80 000 сустрэч, сабрана каля $ 1 млн для больш за 500 дабрачынных ініцыятыў.
Стваральнікі MakeSense упэўненыя, што іх новае дзецішча стане выдатнай магчымасцю для тых, хто хацеў(-ла) бы заняцца дабрачыннасцю, але не ведае, як да гэтага падступіцца. У ідэале вакол MakeSense сфармуецца супольнасць людзей, аб'яднаных не толькі месцам жыхарства, але і каштоўнасцямі.