tvory.by – на варце беларушчыны

Баранавіцкая гарадская арганізацыя “Таварыства беларускай мовы” можа ганарыцца не толькі тым, што мае свой дом-сядзібу, але і сваім сайтам tvory.by. Гэта ключавое слова – “творы” – сведчыць аб тым, што на варце беларушчыны стаяць творы нашых землякоў у розных галінах мастацтва. Найперш – напісаныя на роднай мове творы літаратурныя.

Раздзел сайта “Беларуская літаратура” ахоплівае перыяд развіцця пісьменства Баранавіцкага краю ад 1996 года, калі пабачыла свет першая кніга нашага паэта Міколы Бусько “У Нёмна на плячах”. Каштоўна тое, што сайт падае не толькі творчыя біяграфіі літаратараў і выявы іх кніг, але таксама вершы і прозу шэрагу аўтараў, гэткіх як Венанцы Бутрым, Іван Лагвіновіч, Аляксей Белы, Алесь Корнеў, Ян Збажына, Анатоль Станкевіч. У гэтым жа раздзеле можна знайсці і змест трох нумароў літаратурнага альманаха “Святліца”, што выйшлі ў Баранавічах у 1997, 2000 і 2006 гадах. Цалкам, нават з малюнкамі, прадстаўлена і кніга выбранай беларускай паэзіі перыяду 1980–1995 гадоў “Агледзіны”. Варта адзначыць, што восем са ста сямідзесяці трох аўтараў гэтай кнігі – з Баранавічаў. У падраздзеле “Аўдыёкнігі” змешчаны дыск з вершамі Алеся Корнева “Услед за ластаўкай” і дыск Алеся Бакача “Ну-ля-Вы-я”. Дзеля аказання дапамогі маладым паэтам існуе падраздзел “Тэорыя вершаскладання”.

У раздзеле “Дзецям” ёсць сапраўдны падарунак – амаль 500 выбраных вершаў беларускіх паэтаў усіх часоў, напісаных для дзяцей. Яны змешчаны пад вокладкай першага тома “Добрыя вершы”, які мае назву “Побач з намі на зямлі” (укладальнік Алег Мінкін). З гэтай нагоды прыгадаем важную народную справу будучыні: чакае свайго арганізатара і мецэната выданне другога і трэцяга тамоў кнігі.

Асаблівае месца займае на сайце Слова з вялікай літары – слова Божае: у раздзеле “Новы Запавет” знаходзіцца адпаведная аўдыёкніга, выдадзеная “Біблейскім таварыствам у Рэспубліцы Беларусь” у 2010 годзе.

Біяграфіі і творы больш як дваццаці мастакоў нашага горада вы знойдзеце ў раздзеле “Выяўленчае мастацтва”.


03_Колас Алена_Свіцязянка..jpg

Алена Колас "Свіцязянка"


А які россып талентаў можна пабачыць у “Дэкаратыўна-прыкладным мастацтве”! Гэта кавальства, разбярства, саломапляценне, вышыўка, бісерапляценне, бацік, лялька, лясная скульптура, кераміка… Заўважу, што наш славуты Алесь Фалей прадстаўлены ў двух вышэй названых раздзелах творамі жывапісу і кавальства.


01_Фалей Алесь_Маманцяня_кавальства.jpg

Алесь Фалей "Маманцяня"


02_Фалей Алесь_Сабака на ровары_кавальства.jpg

Алесь Фалей "Сабака на ровары"



Імгненні прыгажосці нашай зямлі, “злоўленыя” ў аб’ектыў, дораць гледачам чатыры майстры кадра ў раздзеле “Фотамастацтва”.

Песні сапраўды народнага і любімага ў Баранавічах гурта вандроўных музыкаў “Фэст” можна паслухаць у раздзеле “Беларуская песенная творчасць”. А яшчэ ў гэтым раздзеле чакаюць свайго слухача два дыскі з песнямі нашай Галіны Ярашэвіч: “Ларысіна танга” і “Цябе спяваю”. Песні напісаны і праспяваны спадарыняй Галінай на вершы Ларысы Геніюш і іншых беларускіх паэтаў, у тым ліку Алеся Корнева і Аляксея Белага з Баранавічаў.

У раздзеле “Класічная музыка” пакуль што ёсць толькі творы сябра двух кампазітарскіх саюзаў Юрыя Вальмуса.

Раздзел “Краязнаўства” павядзе наведвальніка сайта ў віртуальную вандроўку па ваколіцах Баранавічаў і па іншых мясцінах краю. Усе артыкулы раздзела напісаны журналістам Алесем Гізуном і змешчаны на сайце з дазволу рэдакцыі газеты “Інтэкс-прэс”, якая іх некалі друкавала.

Напэўна, таго, хто ўпершыню наведае сайт, адразу ж зацікавіць раздзел “Відэа”. Клікнуўшы па гэтым слове вы трапіце на канал “Таварыства беларускай мовы” горада Баранавічы ў “ютубе”. На сёння на канале змешчаны 64 дакументальныя відэасюжэты пра беларускае культурнае жыццё Баранавічаў. Гэта запісы выступленняў мясцовых паэтаў і бардаў, запісы з прэзентацый кніг, творчых вечарын, сустрэчаў з аўтарамі часопіса “Дзеяслоў”, запісы выступленняў у цэнтральнай бібліятэцы знаных паэтаў Алеся Разанава, Міхася Скоблы, Андрэя Хадановіча, спявачкі Таццяны Грыневіч-Матафонавай, запісы выступленняў лялечнага тэатра ТБМ, калядавання сяброў ТБМ, а таксама запісы з мерапрыемстваў, праведзеных у доме-сядзібе ТБМ і іншыя матэрыялы.

Што датычыць асвятлення дзейнасці таварыства, то на галоўнай старонцы сайта вы знойдзеце актуальную навіну і фотаздымкі да яе.

У раздзеле “Пра ТБМ” знаходзіцца летапіс таварыства, Пасведчанне аб яго рэгістрацыі, Статут і рэквізіты, а таксама парады для тых, хто хоча стаць нашым сябрам.

У раздзеле “Фота ТБМ” адлюстравана фотахроніка дзейнасці арганізацыі па гадах, пачынаючы з 2006 года.

І, нарэшце, раздзел “Праблемы” нагадвае пра галоўную праблему нашага грамадства – пагрозу знікнення беларускай мовы, а значыць народа і незалежнай дзяржавы. Таму сімвалічна, што ў афармленні галоўнай старонкі сайта выкарыстаны радкі верша Венанцы Бутрыма: “Прыдзе час – усё патоне ў начы. Данясці. Не згубіць. Зберагчы!”

Алесь Бакач, tvory.by