
У рамках Пашыранага складу Каардынацыйнай Рады створана Працоўная група па падтрымцы беларускай мовы і культуры. Сваімі мэтамі ўдзельнікі Працоўнай групы ставяць абарону беларускай культуры, сімволікі і спадчыны — як унутры Рады, так і звонку, — а таксама дапамогу ў беларусізацыі самой КР.
У Радзе раней ужо паўстаў шэраг працоўных груп, якія дзейнічаюць па розных напрамках: эканамічная, рэгіянальная, фемінісцкая, хрысціянская. Цяпер ёсць і ў падтрымку беларускай мовы і культуры. Поўны спіс груп знаходзіцца на старонцы rada.vision/by
Працоўная група толькі пачынае сваю дзейнасць. У тэлеграм-канале групы ўжо апублікавана заява ў абарону нацыянальнай сімволікі беларусаў — герба "Пагоня" і бела-чырвона-белага сцяга. У заяве адзначаецца, што:
«У 2020-м годзе беларусаў пераследуюць за карыстанне беларускай нацыянальнай сімволікай, мірных мітынгоўцаў знявольваюць за бела-чырвона-белыя сцягі ці сцягі з "Пагоняй", супрацоўнікі сілавых структур рэжыму вырываюць і зневажаюць гэтыя сімвалы. У дварах і мікрараёнах сілавікамі вядзецца сапраўдная вайна супраць сцягоў і ўпрыгожванняў нацыянальнымі беларускімі колерамі. Гэта недапушчальна і абуральна.
Супраць бела-чырвона-белага сцяга і герба "Пагоня" вядзецца паклёпніцкая прапаганда ў падкантрольных рэжыму СМІ, скіраваная як на разбурэнне нацыянальнай памяці, так і на раскол беларусаў.»
З поўным тэкстам заявы можна азнаёміцца па спасылцы https://t.me/bmova_rada/5
Апрача гэтага, Працоўная група пракаментавала нядаўняе апытанне аб Канстытуцыі на платформе “Голас”, а таксама выступіла ў падтрымку Народнага Ультыматуму і агульнанацыянальнай забастоўкі.
Кожны зацікаўлены можа звязацца з Працоўнай групай па адрасе bmova.rada@protonmail.com, а азнаёміцца з усімі заявамі групы - у тэлеграм-канале t.me/bmova_rada.