«Блуканец» ужо ў продажы: Выйшлі друкам успаміны Карласа Шэрмана, выданне якіх падрыхтаваў Беларускі ПЭН

Кніга Карласа Шэрмана “Блуканец” выйшла ў цвёрдай і мяккай вокладцы. Фота Ганны Шарко.

Беларускі ПЭН рады паведаміць пра доўгачаканы выхад кнігі «Блуканец». Мемуары віцэ-прэзідэнта арганізацыі Карласа Шэрмана (1934 – 2005), напісаныя ім у апошнія гады жыцця, пабачылі свет у самым канцы 2020 года ў выдавецтве «Медысонт». У кнізе 270 старонак вялікага фармату, пры гэтым траціну выдання займае грунтоўная паслямова, якую напісаў Сяргей Шапран, а таксама каментары, якія падрыхтавалі Сяргей Шапран і Ганна Янкута пры ўдзеле Сяргея Дубаўца, Марыі Мартысевіч, Анхелы Эспіносы Руіс і Аляксандра Фядуты. Кніга таксама змяшчае анатацыю на англійскай і іспанскай мовах. Падрабязна пра змест кнігі чытайце тут.

Рэдактарамі кнігі выступілі Віктар Жыбуль і Ігар Кулікоў. Вокладку аформіў Анатоль Лазар. Каардынатаркі выдання – Марыя Мартысевіч і Таццяна Нядбай

Беларускі ПЭН шчыра дзякуе сям’і Карласа Шэрмана – Тамары і Таццяне Ніканавым, у цеснай супрацы з якімі рыхтавалася выданне, а таксама мецэнатам, без якіх з’яўленне кнігі не было б магчымым: Святлане Алексіевіч, Фонду «Вяртанне», Беларускай фундацыі імя Пётры Крэчэўскага і Прадстаўніцтву Еўрапейскага саюза ў Беларусі.

Кнігу ў мяккай вокладцы ўжо можна набыць у інтэрнэт-кнігарні “Тэхналогія”, а таксама ў некаторых кнігарнях Мінска. Па пытаннях супрацы ў рэалізацыі кнігі просьба звяртацца на адрас info@pen-centre.by.

Кнігу ў цвёрдай вокладцы, а таксама ў мяккай па спецыяльным кошце можна будзе набыць на прэзентацыі (час і месца якой будуць паведамленыя дадаткова).


Беларускі ПЭН-Цэнтр