Зусім нядаўна скончыліся летнія каникулы. Школьны званок паклікаў дзяцей за парты. Час ляціць вельмі хутка. Вось ужо і Дзень настаўніка, які ва ўсім свеце адзначаецца 5 кастрычніка.
У беларускім таварыстве «Уздым» ёсць добрая традыцыя – напярэдадні свята настаўнікаў пачынаць заняткі ў беларускай школе "Вясёлка" (заняткі ў школе праходзяць па нядзелях з 13.00 да 15.00 у Цэнтры беларускай культуры).
1 верасня ў Беларусі ў г. Слонім Гродзенскай вобласці прайшло свята «Дзень беларускага пісьменства». Гэтай падзеі быў прысвечаны і наш першы школьны адкрыты ўрок, які падрыхтавалі і правялі куратар беларускай школы Людміла Сінякова, настаўнікі Алeна Радзівонава і Вольга Паўловіч.
На ўроку прысутнічалі выхаванцы беларускай школы, дзеці членаў таварыства «Уздым», бацькі. Ганаровым госцем быў паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька, які чытаў для дзяцей свае вершы.
З віншавальнымі словамі да бацькоў і дзяцей звярнулася старшыня беларускага таварыства «Уздым», кіраўнік ЦБК Жанна Раманоўская. Яна перадала падарункі - кнігі, якія для дзяцей падрыхтавала пасольства РБ у Латвіі. Да пачатку навучальнага года школа атрымала кнігі пра Беларусь, мастацкую і метадычную літаратуру.
Вось ужо на працягу некалькіх гадоў нашы дзеці прымаюць удзел у міжнародным конкурсе малюнкаў, які арганізуе аб'яднанне беларусаў «Радзіма» з г. Талін (Эстонія). У гэтым годзе мы зноў атрымалі запрашэнне. Тэма конкурсу "Спяваюць паэты на зямлі ..". конкурс прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння беларускай паэткі Еўдакіі Лось, творчасць якой звязана з Латвіяй. Дзецям было прапанаванa прачытаць вершы паэткі і падрыхтаваць да 20 кастрычніка малюнкі.
Мы, настаўнікі, спадзяемся, што і ў гэтым годзе ў зборніку вершаў Е. Лось, які будзе выдадзены на эстонскай зямлі, будуць надрукаваны малюнкі нашых дзяцей.
У школе "Вясёлка" прагучаў першы школьны званок, які па традыцыі даў самы маленькі вучань школы Алекс Кавалеўскі разам са сваёй мамай Марытай.
А потым быў салодкі стол і чаяванне, падчас якога абмяркоўваліся розныя пытанні.
Чакаем новае папаўненне ў нашу школу "Вясёлка".
Людміла Сінякова,
куратар беларускай школы "Вясёлка",
член праўлення таварыства «Уздым»