Зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы да Дня Герояў 2017

Дарагія суродзічы!

У лістападзе шмат якія народы ўшаноўваюць памяць сваіх герояў. Прыкладам, а 11-ай гадзіне 11-га дня 11-га месяца ўся Канада аддае пашану хвілінай маўчаньня сваім змагарам. Ад прадстаўнічкі каралевы да вэтэранаў і звычайных грамадзянаў, старыя і маладыя, з удзячнасьцю прыгадваюць суайчыньнікаў, якія аддалі жыцьцё на алтар Бацькаўшчыны. Ускладаюцца вянкі на магілах невядомых жаўнераў і паўсюль адбываюцца адпаведныя абрады.

Беларускі народ да нядаўняга часу ня ведаў – бо было забаронена ведаць – пра сваіх першых герояў першай у ХХ стагодзьдзі беларускай дзяржавы, нашых слаўных Случчакоў, якія ў 1920 змагаліся за Беларускую Народную Рэспубліку. Толькі ў вольным сьвеце беларусы пра іх ведалі і з удзячнасьцю іх ушаноўвалі ў канцы лістапада.

У гэтым 2017 годзе ў Беларусі яшчэ ўсё трэба прасіць дазвол ў гарадзкіх управах, каб магчы ўшанаваць іх памяць.  І паколькі ніколі не вядома, у якой ступені “чалавечкі ў цывільным” дазволяць спакойна адзначыць Дзень Герояў, выходзяць на вуліцы не дзесяткі  тысяч, а толькі пару сотняў удзячных патрыётаў.

Дарагія суродзічы! Віншую вас сёньня ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з гэтай вялікай падзеяй у жыцьці нашага народу – Слуцкім Збройным Чынам.

Успомніце з удзячнасьцю тых дзесяць тысяч Герояў, якія хацелі вас абараніць ад надыходзячага захопніка-чужынца. Яны на гэта заслужылі.

Вечная ім памяць!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Лістапад 2017



Тэгі: БНР