Зміцер Ярашэўскі: “Трэба “хадзіць у народ”, а не паслугоўвацца лозунгамі!”

Апошнія 37 гадоў спадар Зміцер жыве ў Германіі, а пра “незалежнасць” упершыню пачуў… у дваццаць, у цягніку, ад украінскіх студэнтак, якія яшчэ ў часы Саюза марылі пра дзяржаву са сваёй мовай, уладай і парадкамі. На пытанні “Анкеты незалежнасці” адказвае выкладчык з Цюрынгіі Зміцер Ярашэўскі.

Большую частку свайго жыцця спадар Зміцер пражыў у Германіі. Прычынай выезду сталі складанасці з працай для ягонай жонкі, якая была грамадзянкай ГДР. Пасля пераезду, але яшчэ перад падзеннем Берлінскага мура працаваў настаўнікам рускай і ангельскай моваў.

Пасля скончыў факультэт французскай мовы ў Енскім універсітэце, працягваў працу ў гімназіі, выкладаючы французскую і ангельскую: руская страціла сваю актуальнасць і прывабнасць для немцаў. Цяпер на пенсіі, жыве ў Цюрынгіі.

Чым для вас ёсць незалежнасць Беларусі?

Незалежнасць – гэта вольна і свабодна, без страху жыць і дыхаць у краіне, дзе на кожным кроку адчуваецца, што гэта вольная, самастойная краіна, у якой свая мова, свая адукацыя на роднай мове, тэлебачанне і радыё на мове тутэйшай нацыі, свае ўстановы, якія служаць людзям, а не пэўнай катэгорыі насельніцтва.

Гэта свабодны абмен думкамі паміж людзьмі розных поглядаў. Гэта нармальныя, спакойныя выбары без буфетаў і самадзейнасці, дзе кожны можа быць чальцом выбарчай камісіі, наглядаць, як праходзяць гэтыя выбары, і прысутнічаць пры падліку галасоў.

Калі вы асабіста прыйшлі да ўсведамлення каштоўнасці незалежнасці? Як гэта адбылося?

Калі ўпершыню ва ўзросце 20 гадоў сустрэўся ў цягніку з маладымі ўкраінскімі студэнтамі, якія марылі пра самастойную ўкраінскую дзяржаву, дзе ўсюды гучыць украінская мова, дзе на чале дзяржавы стаіць кіраўніцтва, выбранае народам, якому народ давярае. Калі дзяржава дае магчымасць сваім грамадзянам наведваць іншыя краіны, а не трымае іх на ланцугу і не корміць светлай будучыняй на лекцыях пра маркізм-ленінізм.

У 1991-м незалежнасць на беларусаў звалілася “як мех з бульбай”, нечакана і бескаштоўна, ці гэта вынік шматлікіх цяжкіх намаганняў за доўгі час?

Можна па-рознаму ставіцца да гэтага пытання. Гэта і вынік шматлікіх цяжкіх выпрабаванняў пэўнай часткі людзей, гэта і нечаканасць і разгубленасць для спакойных, “талерантных” і ў многіх сітуацыях задаволеных беларусаў, якія прывыклі да выказвання “абы не было вайны”.

Дэмакратыя, фінансавы дабрабыт ці незалежнасць – што важнейшае для беларусаў? А для вас асабіста?

Для большасці беларусаў фінансавы дабрабыт – найважнейшая рыса задаволенасці і характару. Зноў жа: “абы не было вайны”. Для мяне гэта дэмакратыя, звязаная з незалежнасцю і дабрабытам.

Ці даводзілася вам калі-небудзь тлумачыць суайчыннікам ці замежнікам каштоўнасць незалежнасці краіны?

Так, даводзілася. Часам спакойна, часам жорстка. Часам людзі задумваліся, часам прыслухоўваліся. Часам заставаліся пры сваіх догмах, і дыскусія не давала вынікаў.

Беларус, які не разумее каштоўнасці незалежнасці і гатовы ад яе адмовіцца, – вораг ці… Што рабіць і як ставіцца да такіх людзей?

Трэба цярпліва размаўляць і тлумачыць, што ўяўляюць сабой каштоўнасці незалежнасці. Трэба “хадзіць у народ”, а не паслугоўвацца лозунгамі.

Ці з’яўляюцца нацыянальная ідэнтычнасць, мова і культура неабходнымі і абавязковымі для незалежнасці?

Мова, культура, нацыянальная свядомасць – гэта першыя прыкметы незалежнасці як канкрэтнай асобы, так і дзяржавы. Я падзяляю прынцып “няма мовы – няма дзяржавы”. Кожная краіна ганарыцца сваёй мовай, культурай, нацыянальнай прыналежнасцю.

Многія беларусы проста не задумваюцца над гэтым, таму і “выбіраюць” саўковага прэзідэнта, саўковы парламент, якія з пагардай ставяцца да мовы і культуры тытульнай нацыі, не выконваюць свае ж законы пра мову. Дзе адукацыя, дзе тэлебачанне, дзе прэса на мове беларусаў?

Ці ёсць цяпер небяспека для незалежнасці Беларусі? Калі так, то адкуль яна ідзе?

Так, ёсць небяспека для незалежнасці. Яна ідзе як з усходу, ад імперскай Расіі, так і ад абыякавасці многіх беларусаў, перш за ўсё ад небеларускага прэзідэнта і кішэннага парламента.

Калі кажуць, што незалежная Беларусь можа быць толькі ў ваенным, эканамічным ці палітычным саюзе з іншымі дзяржавамі, як вы да гэтага ставіцеся? Калі і быць у саюзе, то з кім і на якіх умовах?

Незалежная Беларусь – гэта сапраўды незалежная дзяржава, якая павінная жыць сваім розумам і працай, якая падтрымлівае добрыя сувязі з усімі і перш за ўсё – з суседзямі.

Хто можа быць гарантам незалежнасці: улада, армія, народ, партыі і грамадскія арганізацыі, наднацыянальныя міжнародныя структуры?

Народ, выбраная народам пры сапраўды свабодных выбарах улада, грамадскія арганізацыі, а пасля – астатнія інстытуты.

Бяз’ядзерны статус Беларусі – плюс ці мінус што да пытання захавання суверэнітэту?

Для Беларусі як невялікай дзяржавы лепей быць дзяржавай бяз'ядзернай.

Што могуць рабіць беларусы пры пагрозе незалежнасці краіны? Выходзіць на мітынгі, размаўляць па-беларуску, разбудоўваць недзяржаўны сектар, імкнуцца атрымаць ваенныя веды ці… збіраць валізы і рыхтавацца да выезду?..

Мітынгі, маніфестацыі, кансалідацыя на моўным прынцыпе, барацьба за садкі, школы, універсітэты на беларускай мове. Жаданне ды імкненне размаўляць на роднай мове, каб сучасная кішэнная ўлада зразумела, што Беларусь жыла і будзе жыць

Страта незалежнасці – гэта трагедыя, але наколькі непапраўная? Ці можа народ у такой крытычнай сітуацыі вярнуць незалежнасць і дзяржаўнасць? Калі можа, то якім чынам?

Будзе лепш, калі такога не здарыцца.

Гутарыў Алесь Кіркевіч, budzma.by