Зьміцер Дрыгайла: Апакаліпсіс нашых дзён

Некалькі дзён адсутнічаў у Маскве. Выяжджаў з выспы стабільнасьці, а вярнуўся ў вір падзеяў.

Самалёт спазьніўся на дзьве гадзіны: аэрапорт «Жукоўскі» з-за шчыльнага туману не даваў дазвол на вылет зь Менску. Прыляцелі злыя й сьпяшаліся па справах. Але не: толькі сьцюард адчыніў дзьверы ляйнэру, як у салён раптоўна забеглі дзьве цёткі ў халатах, масках ды зь нейкімі прыладамі й адразу пайшлі па шэрагах, настаўляючы тыя прылады (дыстанцыйныя тэрмомэтры) на кожнага пасажыра. Экіпаж, натуральна, абурыўся: несанкцыянаванае пранікненьне на тэрыторыю замежнай дзяржавы, якой у РФ зьяўляецца кожны борт Belavia. Задзьмула паліцыяй. Спрытную цётку ў масцы нашая каманда бортправаднікоў ня выпусьціла з самалёту, пакуль не правяла зь ёй тлумачальную працу. Аргумэнт «масачніцы», у сваю чаргу, быў такі: «Мне сказалі, я раблю. Вы яшчэ пабачыце, як у іншых аэрапортах дзейнічаюць. Гэта яшчэ толькі пачатак».

Прагучала апакаліптычна. Але й папраўдзе ў Маскве відавочна больш праяваў барацьбы з эпідэміяй COVID-19: санітарны кантроль, колькасьць людзей у масках, асобныя рубрыкі ў кожным СМІ, у размовах мінакоў. Пры тым, што на раніцу нядзелі захворваньне на каранавірус ва ўсёй Расеі выявілі ў 17 чалавек. Аднак маштаб эпідэміі ў сьвеце ўражвае: успышка COVID-19 пачалася ў Кітаі пры канцы сьнежня, а зараз на вірус хварэюць ужо больш чым у 90 краінах, колькасьць захварэлых пераадолела стотысячны рубеж. Зь іх, праўда, 80 тыс. - у Кітаі, але колькасьць краінаў, дзе хворых ідэнтыфікуюць, імкліва расьце. Памерла ўжо 3,5 тыс. чалавек, але вылекавалася 60 тыс.

Паралельны нібыта працэс: ад пачатку году расейскі рубель зьнізіўся да даляру ЗША ад 61:1 да 64:1. Ад’ехаў на колькі дзён, вярнуўся, а тут ужо 66. Ад суботы - 67,5. У дзень, калі вы чытаеце тэкст, ня меней за 69. Што ж адбываецца? Ды проста прынялі плян барацьбы з каранавірусам у Маскве! Вось жа праўду кажуць: не такі страшэнны вірус, як плян барацьбы зь ім. Першая думка пасьля прачытаньня - нам штосьці недагаворвалі пра фактычны маштаб праблемы.

Тут і базы дадзеных пра зоны распаўсюду віруса, куды будуць унесеныя звесткі пра месцы пражываньня, працы й наведвання хворых, атрыманыя з выкарыстаньнем відэаназіраньня і геаінфармацыйных тэхналёгіяў. Кватэры ўсіх, хто захварэў, пасьля іх шпіталізацыі павінны дэзынфікаваць. Згодна з дакумэнтам, іх суседзям будзе забаронена пакідаць кватэру, а ля пад’езду ўсталююць ахову. На хатні карантын зьмесцяць таксама сяброў і знаёмых інфікаваных, якія кантактавалі зь імі на працягу апошніх 14 дзён, а таксама аднакляснікаў іх дзяцей. У школах, дзе вучацца дзеці тых, хто захварэў, увядуць карантын. Поўную дэзынфэкцыю павінны праводзіць у кавярнях, гандлёвых і фітнэс-цэнтрах, якія наведвалі захварэлыя ды іх сваякі.

Будуць цалкам забароненыя спартыўныя мерапрыемствы, зачыненыя стадыёны і спартыўныя пляцоўкі. А вось гэта ўжо й праўда нейкі апакаліпсіс. І ён распачаўся. Адменены Пецярбургскі міжнародны эканамічны форум. Ён быў заплянаваны на 3-6 чэрвеня. Адменены інвэстыцыйны форум у Сочы. Баюся ўявіць, што будзе далей. Але тое ня толькі ў Расеі. З-за вірусу па ўсім сьвеце ўжо адменена больш за 400 буйных мерапрыемстваў: Пекінскі міжнародны аўтасалон, Сусьветны мабільны кангрэс у Барселоне, Сусьветная канфэрэнцыя распрацоўнікаў Google у Каліфорніі, тыдні моды ў Шанхаі, Пекіне й Мілане, паказ калекцыі Gucci, карнавалы ў Венецыі і Базэлі, адклалі правядзеньне Азіяцкага эканамічнага форуму, які быў запланаваны на 24-27 сакавіка на востраве Хайнань. Facebook з-за каранавірусу адмяніла штогадовую канфэрэнцыю распрацоўнікаў, што мелася адбыцца 5-6 траўня ў Сан-Хасэ. Адмененыя штогадовыя сустрэчы Міжнароднага валютнага фонду й Сусьветнага банку.

Толькі пры канцы мінулага году пайшла на спад гандлёвая вайна ЗША ды Кітая, толькі аналітыкі хорам прадказалі рост сусьветнай эканомікі, як прыляцеў «чорны лебедзь» у выглядзе каранавірусу. І панеслася: сектар паслуг праваліўся па ўсім сьвеце (тут і турызм, і транспарт, і HoReCa), плюс краіны вымушаныя выдаткаваць сумы на наўпроставыя захады па барацьбе з вірусам, ад памежных па пэрымэтры да ўласна мэдычных унутры. А калі вірус здолее патрапіць у краіны Афрыкі, Паўднёвай Амэрыкі ды Цэнтральнай Азіі (пакуль усё кепска толькі ў Іране) - будзе гамон.

То бок увесь сьвет штарміць. А падае расейскі (а за ім, на жаль, і наш) рубель. І, калі насамрэч, дык больш, чым каранавірус, на курс паўплываў абвал коштаў на нафту. У лютым сярэдні кошт Urals быў $54,2 за барэль, што нашмат менш, чым год таму ($64). А тут яшчэ ў пятніцу ў Вене праваліліся перамовы Расеі з краінамі, што ўваходзяць у Арганізацыю экспартэраў нафты (OPEC) па пытаньні скарачэньня здабычы нафты, і кошт Brent на біржы абваліўся на 10% за дзень, а ў панядзелак - яшчэ на 30%, што пацягне за сабой абвал коштаў на Urals і далейшую дэвальвацыю расейскага рубля.

Але бывае й горш: у Латвіі пакуль на каранавірус захварэў адзін чалавек, а ў крамах з паліц зьмятаюць грэчку, туалетную паперу й запалкі. У Італіі ад пачатку эпідэміі кніга Альбэра Камю «Чума» у рэйтынгу бэстсэлераў у кнігарнях узьняслася зь 71-га на трэцяе месца, у розных краінах імкліва растуць продажы навукова-папулярных кніг кшталту «Пандэмія: Сусьветная гісторыя сьмяротных вірусаў», «Вірусы. Хутчэй сябры, чым ворагі», «Міфы пра мікробы і вірусы: як жыве наш унутраны сьвет», «Імунітэт. Як у цябе справы?» Мабыць, індустрыя кніжнага гандлю гэтым разам выступіць драйвэрам росту сусьветнай эканомікі?

Зьміцер Дрыгайла, “Белгазета”