Жыццё і шляхі развіцця Беларускай дыяспары ў Кыргызстане

Беларусы ўпершыню ступілі на кыргызскую зямлю ў XIX стагоддзі, падчас маштабнага перасялення славянаў у Сярэднюю Азію і Казахстан. Большасць беларускіх перасяленцаў паходзілі з Мінскай і Магілёўскай губерняў. Выпраўляючыся ў далёкі свет, яны бралі з сабой часцінку ўлюбёнай радзімы: кнігі, нацыянальнае адзенне і хатнія рэчы, а галоўнае – памяць пра родную беларускую зямлю, культуру і традыцыі. Там, на чужыне, беларускі народ пусціў карані сваёй культуры, і ў Кыргызстане сёння можна пабачыць яе яскравую, моцную рунь.

Істотная колькасць беларускіх мігрантаў перасялілася ў Кыргызстан у 60-я гады XX стагоддзя. Перапіс насельніцтва 1989 г. зафіксаваў, што ў Кыргызстане тады жыло каля 10 тыс. беларусаў

У 1993 годзе на афіцыйным сходзе беларусаў Кыргызстана было створана грамадскае аб’яднанне «Свiтанак». Амаль усе гэтыя людзі розных спецыяльнасцяў і сацыяльных слаёў сталі сябрамі гэтай дыяспары.

У шматнацыянальным Кыргызстане гэтая абшчына стала першым аб’яднаннем нацыянальнай меншасці. Сябры беларускага грамадства актыўна бяруць удзел у круглых сталах, канферэнцыях і паседжаннях Асамблеі народу Кыргызстана, развіваючы міжэтнічныя сувязі. Яны маюць вялікі ўплыў і аўтарытэт, як у асяроддзі этнічных беларусаў, гэтак і ў кыргызскім грамадстве.

Сябры аб’яднання актыўна ўдзельнічаюць у працы Цэнтра беларускай мовы, культуры і гісторыі пры Бішкекскім гуманітарным універсітэце. Мэта Цэнтра – пашырэнне супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і культуры паміж Беларуссю і Кыргызстанам, падрыхтоўка спецыялістаў па беларускай мове.

Пазней «Свiтанак» пераўтварыўся ў дзве абшчыны – Грамадскае аб’яднанне беларусаў у Кыргызскай Рэспубліцы «Свiтанак» і Беларускі культурны цэнтр у Кыргызскай Рэспубліцы «Крыніца».

Беларускія абшчыны ўсяляк садзейнічалі захаванню культуры і звычаяў свайго народу, дапамагалі суайчыннікам, падтрымліваюць цёплыя сяброўскія адносіны з прадстаўнікамі іншых дыяспар, прапагандуюць ідэі міжнацыянальнай талерантнасці і дружбы народаў. Сябры суполак актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці Кыргызстана, садзейнічаючы станоўчаму ўспрыманню кыргызстанцамі знешняй і ўнутранай палітыкі, якая праводзіцца Рэспублікай Беларусь, а таксама падтрыманнем пазітыўнага іміджу Беларусі і беларусаў у Кыргызскай Рэспубліцы.

Культурнае жыццё беларускіх грамадскіх аб’яднанняў разнастайнае і насычанае. Беларусы Кыргызстана з вялікай павагай ставяцца да сваіх традыцый. Разам адзначаюць святы – Гуканне вясны, Купалле, Дзень Незалежнасці Беларусі ды іншыя нацыянальныя святы. Шторазу гэта суправаджаецца яскравымі выступамі нацыянальных фальклорных калектываў дыяспары.

Культурны цэнтр «Крыніца» з’яўляецца калектыўным сябрам міжнароднай арганізацыі «Саюзная грамадзянская палата», якую заснаваў лётчык-касманаўт П.Клімук, і падтрымлівае сувязь з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь.

Беларусы Кыргызстана, асабліва моладзь, з цікаўнасцю вывучаюць культурную спадчыну сваёй гістарычнай Радзімы: развучваюць песні на беларускай мове, нацыянальныя танцы, вывучаюць народныя абрады, вучацца граць на народных інструментах – дудзе, бубне, барабане ды іншых. Некаторыя навучаюцца нацыянальнаму прыкладному майстэрству. Нярэдка ўдзельнікі самадзейнасці самі аздабляюць нацыянальныя касцюмы для выступаў.

У склад вакальна-харэаграфічнага ансамблю «Свiтанак» уваходзяць людзі рознага веку. Ансамбль удзельнічае ў гарадскіх фестывалях, конкурсах, курултаях ды святах, арганізоўвае выязныя сольныя канцэрты за межы сталіцы.

У гасцях у «Свiтанка» і «Крынiцы» можна пазнаёміцца ​​з творчасцю народных умельцаў Беларусі. Выставы-калекцыі дыяспары складаюцца з мноства беларускіх сувеніраў, зробленых з гліны, лубу, саломкі, шкла, дрэва, ільну, скуры ды іншых прыродных матэрыялаў.

Да святочнага стала, на якім заўжды ёсць розныя нацыянальныя стравы з бульбы, беларусы на знак сяброўства запрашаюць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Дранікі ўжо атрымалі шырокае прызнанне сярод жыхароў шматнацыянальнага Кыргызстана.

Беларуская дыяспара цесна супрацоўнічае з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Кыргызстане. Мастацкія калектывы самадзейнасці пры грамадскім аб’яднанні «Свiтанак» выступаюць на розных прыёмах з нагоды нацыянальных святаў у пасольстве, а таксама на шматлікіх іншых імпрэзах.

Сябры беларускай абшчыны атрымліваюць перыядычныя выданні, інфармацыйныя агляды аб грамадска-палітычным, эканамічным і культурным жыцці Беларусі, падрыхтаваныя пасольствам. Амбасада рэгулярна інфармуе суайчыннікаў пра змены ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь, аб наяўнасці вольнага жытла і вакансій у арганізацыях Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, сябры беларускай дыяспары заўсёды ў курсе асноўных падзей, якія адбываюцца на гістарычнай Радзіме.

Аднак час няўмольны, сацыяльныя адносіны ў грамадстве змяняюцца, і за гэтыя гады частка беларусаў вярнулася на Радзіму ў пошуках лепшай долі, большая частка старэйшага пакалення сышла незваротна, а моладзь з’ехала атрымліваць адукацыю за мяжу.

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту Кыргызскай Рэспублікі, у канцы 2018 году ў краіне засталося каля 981 грамадзяна беларускай нацыянальнасці, гэта менш за 1 працэнт ад усяго насельніцтва. І таму, каб праз моцнае сяброўства і згуртаванасць беларусы Кыргызстана надалей маглі падтрымліваць і развіваць нацыянальны дух сваёй Радзімы ў гасціннай цэнтральнаазіяцкай краіне, з ініцыятывы і пры падтрымцы Беларускага Пасольства ў Кыргызстане было прынята рашэнне аб’яднаць дзве грамадскія арганізацыі ў адзіны Грамадскі Саюз беларускай дыяспары ў Кыргызстане. Старшынёй Аб’яднанне абраны А.С. Шут. Намеснікам Т.В. Плавінская.

Намеснік старшыні Грамадскага саюзу беларусаў у Кыргызстане Т.Плавінская