Жыў-быў адзін ювелір. Памяці Пятра Якубука

Адышоў у Вечнасць Пётр Якубук: ювелір, мастак, вялікай душы чалавек. І адзін з актывістаў беларускай дыяспары ў Крыме: доўгі час узначальваў Ялцінскае аддзяленне тамтэйшага Беларускага нацыянальна-культурнага таварыства.


01-p1016012.jpg

Пётр Якубук у вобразе класічнага мастака ў берэце. Ялта, 2015 год. Фота - Дзіна Шаўчэнка


І быў альбом

На пачатку года ў нас, беларусаў Крыма, была падстава парадавацца за супляменніка. Пры падтрымцы Дзяржкамітэта па справах міжнацыянальных адносін і дэпартаваных грамадзян РК, за кошт сродкаў бюджэту Рэспублікі Крым выйшаў прыгожы альбом. Выходныя дадзеныя: Якубук П. Г. Музыка камня: альбом. — Симферополь: ГАУ РК “Медиацентр им. И. Гаспринского”, 2019. — 112 с.: илл.


02-dsc_1756.jpg

Альбом “Музыка каменя” ў часе яго прэзентацыі. Фота - Дзіна Шаўчэнка


Выданне — на рускай ды англійскай мовах, з якаснымі здымкамі, рэпрадукцыямі твораў. Адлюстроўвае вынікі 50‑гадовай дзейнасці майстра. І адразу бачна, да чаго творца мае інтарэс, якія глыбокія веды й майстэрства ў вытанчаным мастацтве, які тонкі густ у яго ды адчуванне матэрыялаў, з якімі працуе. Калі выйшаў альбом, свет яшчэ не ўзрушвалі хвалі пандэміі, спалучаных з імі каранцінаў. І не ведалі мы, што гэта — своеасаблівая лебядзіная песня ювеліра. На такой высокай, шчымліва-прыгожай ноце, узятай у элітным мастацтве, адышоў Майстар у Вечнасць. Абарвалася жыццё творцы 15 кастрычніка.


Студэнт у 75 гадоў!

Пётр Якубук — заслужаны мастак Аўтаномнай Рэспублікі Крым (2011). Нарадзіўся 27 верасня 1937 года ў беларускай вёсцы Хмелева. У 1963‑м закончыў Мінскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці мастак-афарміцель. (У некаторых публікацыях называў ён месцам нараджэння вёску Дзям’янавічы, не ўказваючы раён. Дзіне Шаўчэнцы казаў пра Хмелева Камянецкага раёна — цяпер аграгарадок у Жабінкаўскім раёне Брэстчыны. Дарэчы, у Хмелеўскім сельсавеце ёсць і Дзяменічы. То можа й карані роду ювеліра адтуль? У тэксце БелТА (снежань 2007), падрыхтаваным карэспандэнтам на падставе гутаркі з земляком у Кіеве (там да 70‑годдзя майстра ў Доме мастака ладзілася персанальная выстава) чытаем: “Каля 45 гадоў Пётр Якубук жыве й працуе ў Крыме, і пры тым ніколі не забывае Беларусь. Па словах мастака-ювеліра, ён заўсёды з цеплынёй згадвае маляўнічыя мясціны Брэсцкай вобласці, дзе нарадзіўся, Кобрынскі дзіцячы дом, у якім выхоўваўся, застаўшыся ў гады вайны сіратой, Мінскае мастацкае вучылішча ды сваіх настаўнікаў”. Згаданае вучылішча сёння — Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава. І можа ў сценах яго магчыма было б зладзіць выставу майстра: ён жа марыў, каб такое адбылося ў Беларусі. А Дзіна Шаўчэнка, паведамляе, хоча пераслаць туды альбом “Музыка каменя” выпускніка Пятра Якубука. — Рэд.)

“У 2009‑м Пётр Якубук закончыў Львоўскую нацыянальную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” — чытаем на вокладцы альбома. І лічба 2009 — не апіска, не памылка! Удакладняю: ён спачатку стаў бакалаўрам, атрымаў спецыяльнасць мастака па метале, педагога. І ў 2013‑м (у 75 гадоў!) закончыў там жа, у Львове, магістратуру па спецыяльнасці “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Такія “дэталі” збіраю з біяграфічных матэрыялаў, рукою Пятра Рыгоравіча напісаных. І сама памятаю, як жывы, энергічны беларус увесь час ездзіў на сесіі.


Цёплая зямля пры цёплым моры

З 1963 года, маючы спецыяльнасць мастака-афарміцеля, жыў ён у Крыме. Але як там аказаўся? Для мяне зямляк напісаў: “Закончыў рамеснае вучылішча № 2 у Вентспілсе, якое рыхтавала суднавых механікаў для рыбалоўнага флоту, але па стане здароўя вярнуўся ў Кобрын. Пачаў працаваць слесарам на рамонтным заводзе, закончыў вечаровую школу рабочай моладзі”. Потым вучыўся ў Мінску, і далей пра Ялту: “Працаваў мастаком-афарміцелем у санаторыі “Россия”, у міжнародным лагеры “Спутник”. Ажаніўся, пераехаў у Алупку, працаваў у экскурсійным бюро”. У запісах знаходжу, што выхоўваўся Пётр пасля вайны ў дзіцячым доме № 2 у Кобрыне. І ў 1949‑м за поспехі на абласной Мастацкай алімпіядзе дзіцячых дамоў быў адзначаны пуцёўкай ва Усесаюзны піянерлагер “Артек”. Так і пазнаёміўся з Крымам! Цёплую зямлю пры цёплым моры “прапісвалі” яму потым і ўрачы, і яна паклікала пасталелага, са свабодным дыпломам сірату-беларуса да сябе.

І зачаравала, і прыгрэла, і не адпусціла…


03-stranicy_iz_phpuhalp3_1.jpg


Светлыя згадкі пра добрых людзей

У беларусаў Крыма ёсць такая традыцыя: пасля імпрэзаў, што праходзяць у розных гарадах паўвострава, дзе ёсць супляменнікі, любім пасядзець-пагаварыць пра Беларусь і пра сябе. Дзясяткі разоў з цікавасцю слухаем памятныя гісторыі з біяграфій адзін аднаго, навіны з Бацькаўшчыны. І Пётр Рыгоравіч, бывала, згадваў знакавыя моманты біяграфіі, любіў расказаць пра дабрыню й спагадлівасць Валянціны Аляксандраўны Сакаловай — выхавальніцы ў дзіцячым доме, кіраўніцы танцгуртка. І пазней сям’я той сардэчнай жанчыны была яму роднаю: там дарылі яму любоў, пра яго клапаціліся.

Успамінаў з вялікай удзячнасцю й Пятра Чыпышава, настаўніка малявання й чарчэння ў школе ў Кобрыне: гэта ж ён прымеціў здольнасці ў маленькага Пеці ды ў ягонай душы зарадзіў жаданне стаць мастаком.

А яшчэ мы ўсе ўдзячныя, разам з Пятром Рыгоравічам, дырэктару Мінскага мастацкага вучылішча Івану Рыгоравічу Краснеўскаму, які актыўна дапамагаў Пятру Якубуку “замацавацца” ў вучылішчы, бо не набраў юнак належных балаў. Гэта была цэлая гісторыя пра залічэнне вольным слухачом! А ў канцы навучальнага года Пётр стаў “рэальным студэнтам”, перайшоў на другі курс. Шчасце, згадваў, было бязмежным! І надалей дырэктар не выпускаў яго з поля зроку, падтрымліваў, калі трэба.

“У станаўленні мяне як мастака шмат зрабіў выкладчык жывапісу, малюнка й кампазіцыі Акім Міхайлавіч Шаўчэнка” — і такую фразу-ўдзячнасць аднаму з дабрадзеяў мы памятаем. Дзякуючы Пятру Рыгоравічу ведаем, хто дапамагаў яму не згубіцца ў жыцці, разам з ім былі мы ўдзячныя Усявышняму, што ў Беларусі такіх людзей сіраце паслаў.


Ад экскурсавода ў Алупкінскім парку да старшыні ў Ялце

З размоваў яшчэ ведаю: амаль год у свой час Якубук “працаваў над мастацкімі асаблівасцямі Алупкінскага парку”, па якім вадзіў экскурсіі. Яго распрацоўкі былі прынятыя кіраўніцтвам Алупкінскага палаца-музея, Крымскага экскурсбюро. Тым часам спрабаваў зямляк творчыя сілы ў розных жанрах: рабіў першыя ювелірныя вырабы, пісаў алеем ды акварэллю, пастэллю, рысаваў алоўкам. І ўсё ж ювелірная справа прыцягвала найбольш — гэтым шляхам і пайшоў. А творчы стаж ягоны пачаўся ў 1969‑м.

У 1972‑м Пётр Рыгоравіч прыйшоў у Ялцінскія мастацка-вытворчыя майстэрні, пачаў актыўна выяўляцца як мастак. Там і працаваў па 1 кастрычніка 2004 года. У 1994‑м быў абраны старшынёй Ялцінскай арганізацыі Нацыянальнага Саюза мастакоў Украіны, адпрацаваў на той пасадзе два тэрміны. Быў удзельнікам шэрагу выстаў: міжнародных, усесаюзных, рэспубліканскіх. Напісаў мне, што ён — чалец Саюза мастакоў СССР (1990), Саюза мастакоў Украіны, Саюза мастакоў Расіі (2014).


04-stranicy_iz_phpuhalp3_1-2.jpg


Выстава, прэзентацыя і апошняя сустрэча

Гэтыя нататкі даводзіцца пісаць мне як тужлівы ўспамін пра старэйшага сябра, хоць задумала іх пасля выхаду альбома, які, ведаю, вельмі хацелася мець Пятру Рыгоравічу. А якасныя фотаздымкі ягоных работ зроблены былі яшчэ для каталога ягонай персанальнай выставы ў Кіеве (2007). І артыкулы, што ўвайшлі ў выданне, тады ж пісаліся. Іх і падаў майстар у выдавецтва. І ўсё нібыта складвалася ўдала…

Вельмі радаваліся мы ўсе, калі сёлета ў Сімферопалі, у Крымскім этнаграфічным музеі 3 ліпеня — якраз у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь! — адкрылася выстава ювелірных вырабаў Пятра Якубука, прайшла прэзентацыя згаданага фотаальбома. Імпрэза ладзілася з удзелам Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Крыма. Было прадстаўлена звыш сотні арыгінальных работ: жаночыя й мужчынскія ансамблі, наборы завушніц і пярсцёнкаў, кулоны ды іншыя вырабы. Шмат што зроблена з мельхіёру з выкарыстаннем паўкаштоўных камянёў (перламутр, горны хрусталь, апал, тапаз, сердалік, агат, малахіт, карал, бурштын…) у тэхніках скані, філіграні, зярнення.

На святочную імпрэзу з’ехаліся беларусы з усяго Крыма. Мы віншавалі Пятра Рыгоравіча з выхадам альбома, з Днём Незалежнасці й Днём Вызвалення Бацькаўшчыны. А ён жа быў “дзіцем вайны”, можна сказаць, моцна абпаленым яе полымем. Знаёміліся з выставай. Ягоныя працы заўсёды выклікаюць вялікі інтарэс, нейкім дзівосным чынам кранаюць патаемныя струны душы, знаходзяць водгук у сэрцах. Глядзіш — і атрымліваеш эстэтычную асалоду: як прыгожа! Як глыбока, тонка, вобразна! Прычым, лавіла сябе на думцы, цікава мне разважаць, ведаючы толькі некаторыя “перадгісторыі” ягоных твораў: што падштурхоўвала майстра да творчых пошукаў? Як ішло ўвасабленне ідэі, сам творчы працэс, і якое жыццё наканаванае кожнаму з тых унікальных вырабаў?

Нам з ім тады, у святочны дзень, удалося сам-насам перакінуцца словамі толькі некалькі хвілін, перад ад’ездам: ён кіраваўся ў Ялту, я — у Еўпаторыю. І мы ўзгадалі тады, як я прыязджала да яго ў госці ў Ялту, бывала ў майстэрні. Сказала, што запомнілася мне туга напятая вяроўка ды на ёй — мноства розных абцужкоў. “Кусачыкаў, — далікатна паправіў мяне майстар, шчасліва ўсміхаючыся. — І ёсць у мяне патаемная мара: музей маіх работ у майстэрні, у якой яны ствараліся. Ты напішы пра гэта можа ў газеце “Голас Радзімы”: хай і беларусы ведаюць, чаго я заўсёды моцна хацеў”.

Мне тады вельмі хацелася яго абняць і расцалаваць. Але я тое не зрабіла, вытрымліваючы бяспечную дыстанцыю: каранавірус… А цяпер ужо ніколі й не зраблю… Гэта была наша апошняя сустрэча.


05-stranicy_iz_phpuhalp3_1-3.jpg


Парадны партрэт мастака з кошкай

Раней, у 2015 годзе, я зрабіла ў Ялце “парадныя” здымкі Пятра Рыгоравіча: на іх ён у вобразе класічнага мастака ў берэце. Бадзёры, падцягнуты. Калі прыгледзецца, то злева пры ім сядзіць прыгожая кошка: гарманічна, нібы скульптурка! Дарэчы, у Крыме кошак паўсюль шмат, і тут гэта, можна сказаць, свяшчэнная жывёліна.

(У Гурзуфе на пачатку мая 2013‑га па вуліцы Чэхава сапраўды з’явілася скульптура… ката з бетона ў натуральную велічыню. І што цікава: аўтар таго крымскага твора — мастак-кераміст з Мінска Алег Іларыёнаў. — Рэд.)

Я здымала й працы ювеліра на дзвюх ягоных выставах. Бывала ў майстэрні, дзе ўразілі тыя самыя каля 20–25 “кусачыкаў” (такія маленькія працоўныя прылады) і шмат усяго іншага, таксама дробнага. Памятаю Пятра Рыгоравіча як чалавека добрага, сардэчнага, і ў нас з ім сяброўскія стасункі былі, зямляцкія. У творчасці ягонай бачацца мне матывы беларускія, блізкія мне вобразы, пейзажы, адзін з якіх мае яскравую назву: “Возера Нарач”.

Меў майстар вялікае жаданне прыехаць на Бацькаўшчыну з творчай справаздачай землякам, паказаць лепшае са зробленага: што стварыў, чаго дасягнуў. Мяркую, з часам, калі вырашыцца лёс ягонай творчай спадчыны, такое стане магчымым.


06-stranicy_iz_phpuhalp3_1-4.jpg


Урок у памяць пра ювеліра

А пакуль мы ў Еўпаторыі ўшаноўваем памяць земляка: падарылі, напрыклад, згаданы фотаальбом у Еўпатарыйскую дзіцячую мастацкую школу імя Ю. Волкава, задумалі розныя імпрэзы, прысвечаныя беларускай культуры. 19 лістапада выкладчыца школы Алена Канстанцінаўна Прынь (сяброўка суполкі “Крым — Беларусь”) правяла адкрыты ўрок па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, знаёміла вучняў з творчасцю свайго супляменніка Пятра Якубука, паказвала ў класе альбом “Музыка камня”.


Ён светла марыў пра музей

Шмат хочацца мне расказаць — і ёсць напісаныя старонкі… — пра светлыя вобразы, якімі напоўнены ювелірныя творы майстра. Пра ціхае святло ягонай душы, што застаецца цёплым водбліскам у ягоныя вырабах. Ды можа пра тое іншым разам. Бо, спадзяюся, вырашыцца ўсё ж пытанне з Музеем ювеліра Пятра Якубука ў Ялце. І што кожны з беларусаў, наведваючы Крым, зможа яго наведаць, пабачыць працы супляменніка. Ён пра музей светла марыў, разумеючы: жыццё зямное — не вечнае, і творы мастацтва, нібы дзяцей сваіх, варта неяк уладкаваць у свеце, ды пры тым не рассеяць па ім бясследна. (Рыхтуючы нататкі да друку, знайшлі ў нэце тэкст, здымкі (апублікаваныя 18.06.2018) з сустрэчы тагачаснага кіраўніка адміністрацыі Ялты Аляксея Чалпанава з ювелірам у ягонай майстэрні. У тэксце ёсць яскравыя радкі пра нашага земляка: “Работы Петра Григорьевича известны не только в Ялте, но и далеко за пределами города и даже страны. Этот человек живет мечтой: оставить о себе след в истории нашего города, и все свои работы он хочет со временем передать в музейный фонд города”. — Рэд.)


07-stranicy_iz_phpuhalp3_1-5.jpg


…Метраў 10 да Максіма Багдановіча

…Каранавірус, каранцін вымусілі мяне развітацца з земляком завочна. Вянок на магілу Пятра Якубука з надпісам на стужцы “Ад “Беларусак Крыма” я адправіла з Еўпаторыі ў дзень яго пахавання ў рэйсавым аўтобусе на Ялту. Да таго ж актывісткі Крымскага рэспубліканскага культурна-асветніцкага таварыства “Беларускі Крыма” імя Еўфрасінні Полацкай (я суполку ўзначальваю, нядаўна зарэгістравана, пра тое пазней напішу) замаўлялі паніхіду на Саракавіны па Пятру Якубуку. Прычым у Еўпаторыі, у храме ў імя Свяціцеля Лукі Крымскага. (Мы пісалі ў тэкстах “Крыніца ёсць пры Ясянцы” і “Месца сілы — Ясянец”, што род хірурга Валянціна Войны-Ясянецкага, які ў цяжкія пасляваенныя гады служыў архіепіскапам Сімферопальскім і Крымскім Лукой, у прозвішчы нясе згадку пра родавае памесце ў вёсцы Ясянец. Яна цяпер — у Баранавіцкім раёне Брэстчыны, і родавымі каранямі святы з Беларуссю моцна паяднаны. — Рэд.) Настаяльнік храма, протаіерэй Уладзімір Бадах, які акармляе нашу суполку — таксама беларус, і ўжо размясціў абраз святой Еўфрасінні Полацкай у храме. Ягоная маці Ганна, у дзявоцтве Бельская, з Палесся родам: з вёскі Капцэвічы Петрыкаўскага раёна Гомельшчыны. Айцец Уладзімір адслужыў паніхіду 23 лістапада.

…Няпроста, з урыўкаў, з эмацыйным напружаннем збіраю нататкі. Ды ўвесь час нібыта прысутнасць нябачную адчуваю. Нешта спрабую ўспомніць — і быццам чую голас: “Вось забылася пра “Вясну ў Ялце” напісаць — а я ж табе расказваў і паказваў”. Спадзяюся, напішу яшчэ, Пётр Рыгоравіч… І не хочацца заканчваць тэкст: каб не сыходзіла той прысутнасці адчуванне. Бо стасункі, размовы з ім прыносілі мне заўсёды нейкую неверагодную радасць. Гэта быў светлы, душэўны чалавек. Які ўсім, хто быў навокал, дарыў дабрыню і любоў.

Вечная памяць вам, Пётр Рыгоравіч, і Царства Нябеснае. Мне расказалі, што на Старых гарадскіх могілках Ялты паміж магіламі Максіма Богдановіча і вашай — не больш за 10 метраў. І туды, я веру, ніколі не зарастуць беларускія сцежкі Крыма.

Дзіна Шаўчэнка, „Голас Радзімы“