Жаночы вобраз беларускага пратэсту

Ва Уроцлаве ствараецца мурал, прысвечаны салідарнасці з Беларуссю і ў памяць аб узнагароджанні беларускай апазіцыі прэміяй ім. Сахарава. Ён будзе ўяўляць сабой постаць жанчыны, як сімвал жаночай рэвалюцыі і як вобраз тых жанчын, якія ўзначалілі беларускі мірны пратэст, а таксама ў гонар ўсіх тых беларусак, якія мужна выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў.


01-fota_kacjaryny_hruszeckaj__2__logo.jpg

Праца над муралам


Выява з’явіцца на фасадзе дома па вуліцы Легніцкай, 64. Мурал будзе вельмі добра бачны, бо вуліца Легніцкая з'яўляецца адной з галоўных транспартных магістраляў горада. Праект здзяйсняецца па ініцыятыве Бюро Еўрапейскага парламента ва Уроцлаве. Аўтарам роспісу з'яўляецца беларуская мастачка з Брэста Ганна Радзько, аўтарка ілюстрацыі Рамана Бандарэнкі «Я выходжу». Афіцыйнае адкрыццё мурала запланаванае на 31 сакавіка.

Паводле ініцыятара праекта і дырэктара бюро Еўрапейскага парламента ва Уроцлаве Лешака Гася, мурал будзе яшчэ і сігналам таго, што Уроцлаў і Еўрапейскі Саюз стаяць за імі сцяной. Лешак Гась так каментуе яго стварэнне:

Міграцыя ўзмацняецца, асабліва ў апошні час. Як рэгіянальнае бюро, мы хочам ўнесці нашу цэгліну ў інтэграцыйны Уроцлаў. Ствараючы мурал, мы збіраемся ўпісацца ў гарадскі пейзаж. І ў той жа час мы хочам паказаць, што наша дзейнасць не абмяжоўваецца толькі пляцоўкай, а ўваходзіць у прастору Уроцлава.


02-7_137_logo.jpg

Флэшмоб каля Сырэнкі ў Варшаве

А яшчэ будзе створаны фільм пра тое, як ішла праца над муралам. У працы над фільмам будуць задзейнічаны беларускія артысты, а музычным матывам стануць «Муры» Яцэка Качмарскага па-беларуску ў выкананні акцёраў уроцлаўскага музычнага тэатра «Капітоль». Беларусы Уроцлава плануюць адзначыць адкрыццё мурала і дапамогуць перакласці фільм на беларускую мову.

Гераіня мурала будзе дэманстраваць непахіснасць і нязломную рашучасць. Але пры гэтым яна будзе мірнай, на знак характэрнай мірнай барацьбы беларускіх пратэстаў. Мірны пратэст беларусаў супраць дыктатуры, які доўжыцца ўжо некалькі месяцаў, мае з большага жаночы твар. Галоўнымі яго сімваламі сталі лідар дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская і нязломная Марыя Калеснікава, сябра Каардынацыйнай Рады. Летась Дэмакратычная апазіцыя Беларусі, якую прадстаўляе Святлана Ціханоўская і яшчэ 9 чалавек, была ўзнагароджаная Еўрапарламентам прэміяй ім. Сахарава за Свабоду думкі. Таксама беларускія жанчыны за сваю рашучую барацьбу і дзейнасць былі намінаваныя на Нобелеўскую прэмію міру. І таму мурал прысвечаны менавіта жанчынам, героям барацьбы за будучыню нашай краіны. Сярод тых, хто займаецца роспісам мурала, ёсць беларускі, якія стала пражываюць у Польшчы.

За час мірных пратэстаў шмат беларусак былі вымушаныя пакінуць радзіму па палітычных матывах. Але актыўную дзейнасць яны працягнулі і на эміграцыі, беларускія жанчыны прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх палітычных акцыях у падтрымку Беларусі. У Варшаве вядомасць набылі масавыя флэшмобы сусветнага чэленджа «Jerusalema», адзін з такіх быў зладжаны 7 лютага, у Дзень Міжнароднай Салідарнасці з Беларуссю, ініцыяваны Святланай Ціханоўскай.


05-fota_kacjaryny_hruszeckaj__5__logo.jpg

Чэлендж "Jeruzalema"


А да Дня Волі дзяўчыны ў вопратцы ў колерах нацыянальнага сцяга зладзілі адмысловы флэшмоб – сярэднявечныя ліцвінскія танцы пад песню гурта PAWA «Шлях дамоў». Пры гэтым флэшмоб прайшоў з выкарыстаннем раёных сцягоў. Удалым атрымалася і месца правядзення – каля фантана са скульптурай сырэнкі (сімвал Варшавы), у якасці мадэлі да якой у свой час выступіла ўраджэнка Мінскай губерніі

Крыстына Крахельска (1914–1944), даследчыца беларускага фальклору, паэтэса і ўдзельніца Варшаўскага паўстання. Яе бацькі пераехалі ў Польшчу пасля падзей Слуцкага паўстання.

Нядаўна ў Варшаве паўстала яшчэ адна суполка беларускай дыяспары – «У пратэста жаночы твар. Варшава», у якую ўваходзяць выключна жанчыны, які па палітычных матывах апынуліся паза межамі радзімы ў Польшчы. Яе ўзначаліла Ганна Шаркоўская, якая пераехала ў Варшаву на вучобу па праграме Каліноўскага, адна з актывістак грамадзянскай ініцыятывы «Сумленныя людзі». Суполка прымае актыўны ўдзел у палітычных акцыях беларускай дыяспары, займаецца вырабам бранзалетак з нацыянальнай сімволікай і міні-сцяжкоў для акцый, плакатаў, стыкераў і ўкладышаў для распаўсюджвання.


07-fota_kacjaryny_hruszeckaj__7__logo.jpg

Актывісткі суполкі «У пратэста жаночы твар. Варшава». У цэнтры - лідарка суполкі Ганна Шаркоўская.


Беларускі нагадваюць – мы выходзілі, выходзім і будзем выходзіць да таго часу, пакуль патрабаванні народа не будуць выкананыя. Беларускі польскай дыяспары ўсімі сіламі падтрымліваюць пратэст на роднай зямлі і заклікаюць дыяспару больш актыўна выходзіць у Польшчы і нагадваць нелігітымнай уладзе па той бок мяжы, што пратэст ніколі не садзьмецца, а таксама падтрымліваць баявы дух землякоў, якія засталіся дома. Цяпер як ніколі важная падтрымка адзін аднаго і згуртаванасць.

Алег Грушэцкі, Кацярына Грушэцкая, novychas.by,
фота Кацярыны Грушэцкай