Заява Беларускага фонда культурнай салідарнасці ў сувязі Народным ультыматумам

Звяртаемся да ўсіх, хто працуе ў сферы культуры.

Да тых, хто меў забарону на выступы, каго выкрэслівалі са школьных праграмаў і падручнікаў.

Да тых, хто працуе ў дзяржаўных бібліятэках, тэатрах, музеях, выставачных залях, куды не пускаюць “забароненых”.

Сёння мы ўсе разам – бо нельга больш быць убаку і абыякава ставіцца да таго, што зараз адбываецца ў Беларусі.

У нашай краіне не дзейнічае закон. Беларусаў катуюць і забіваюць. Рэжым канчаткова ператварыўся ў антынародную крымінальную хеўру.

Пагадзіцца з гэтым немагчыма. Рабіць выгляд, што так і трэба – ганебна.

Мы мусім сказаць сваё слова і выступіць адзіным фронтам.

Заклікаем усіх дзеячаў культуры падтрымаць патрабаванні Народнага ўльтыматума, а ў выпадку яго невыканання далучыцца да Агульнанацыянальнай забастоўкі.

 Для людзей культуры гэта азначае:

–   поўнае спыненне дзейнасці ў межах культурных устаноў: не даём канцэрты, не граем спектаклі, не выстаўляем працы і г.д. Гледачоў таксама заклікаем адмовіцца ад наведвання культурных устаноў з 26 кастрычніка.

–  незалежным творцам ад 26 кастрычніка варта цалкам спыніць сваю дзейнасць у клубах і на карпаратыўных мерапрыемствах. Прамоўтэраў таксама заклікаем устрымацца ад арганізацыі івэнтаў.

Пры гэтым мы не заклікаем музыкаў не граць, актораў не выступаць, мастакоў не маляваць, а паэтаў не чытаць свае вершы. Кожны можа падтрымаць акцыі салідарнасці на раёнах. Выступіць у падтрымку лекараў, настаўнікаў, шахцёраў. Усіх тых, хто проста цяпер будуе новую Беларусь.

У сваю чаргу Беларускі фонд культурнай салідарнасці зробіць усё, каб падтрымаць тых, хто звольнены за выказванне сваёй пазіцыі і трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю.

Мы ўжо пачалі дапамагаць тым, хто пацярпеў за свае погляды. Сярод іх Народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік, дырыжор ансамбля “Харошкі” Іван Ерамеевіч, пісьменнік Уладзімір Садоўскі, спявачка Валерыя Валадзько, тэлевядоўца Кацярына Пытлева, купалаўцы ды іншыя творцы, якія не збаяліся помсты рэжыму.

Калегаў за мяжой мы заклікаем у гэтыя дні ладзіць акцыі салідарнасці – каб падтрымаць беларусаў маральна і фінансава. Па пытаннях ахвяраванняў у падтрымку беларускіх культурных дзеячаў просім звяртацца на старонку Фонда культурнай салідарнасці ў Facebook.

Абазначайцеся ў сацыяльных сетках хэштэгам #by_culture, каб заявіць, што вам не ўсё адно. 

Разам мы сіла! Беларусь будзе вольнай!

tuzinfm.by