«Залатая пчолка» – сузор’е талентаў

Лізавета Глубінец, актывістка моладзевага аддзялення Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» стала лаўрэатам XVIII Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка», які праходзіў з 23 по26 мая ў Клімавічах.

«Залатая пчолка» за гады свайго творчага развіцця з рэгіянальнага Фестывалю дзіцячай творчасці ператварылася ў маштабны Міжнародны праект, у якім штогод прымаюць удзел юныя таленты з блізкага і далёкага замежжа. У Форуме гэтага года свае творчыя дасягненні прадэманстравалі звыш за 700 адораных дзяцей з 8 краін – Беларусі, Балгарыі, Латвіі, Расіі, Сербіі, Славакіі, Украіны і Узбекістана. Ад «Руска-Беларускага Братэрства 2000» годна прадставіла Самарскі рэгіён Лізавета Глубінец, выступіўшы у фінальным этапе Фестывалю.


01.jpg

Уручэнне Дыплома лаўрэата XVIII Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» Лізавеце Глубінец



Лізавета Глубінец даўно марыла наведаць Беларусь. Ведаючы пра запаветную мару дзяўчыны, прэзідэнт «Руска-Беларускага Братэрства 2000» Ірына Глуская вырашыла адправіць заяўку на ўдзел Лізы ў завочным адборачным туры конкурсу-фестывалю. І, як аказалася, не дарма...

– Ад імя аргкамітэту XVIII Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» наша зорачка – Лізавета – атрымала запрашэнне да ўдзелу ў вочным фінальным туры конкурсу ў жанры «Вакальнае мастацтва». Я перакананая, што па-іншаму і быць не магло, бо Ліза – выхаванка таленавітага педагога вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі па класе эстраднага вакалу МБУ ДО ЦВО «Творчество» Іны Сухачэўскай, мастацкага кіраўніка беларускага вакальнага ансамбля« Каданс». Іна Ігараўна ўкладае ў кожнага вучня часцінку сваёй душы і цеплыню свайго сэрца. Таму і запрашэнне Лізы на творчы Форум у Клімавічы, безумоўна, таксама і яе заслуга як педагога. Асаблівы ўнёсак у ажыццяўленне Лізінай мары ўнесла яе мама Кацярына Данілкіна, якая ўзяла на сябе ўсе транспартныя выдаткі, – распавядае Ірына Міхайлаўна.


02.jpg

Лізавета Глубінец з ўзнагародамі у скульптурнай кампазіцыі «Залатая пчолка» у гарадскім парку горада Клімавічы

Сапраўды, Кацярына Мікалаеўна заўсёды падтрымлівае сваю таленавітую дачку і ў далёкія творчыя паездкі выпраўляецца разам з ёй. Так было і ў маі 2016 года, калі Ліза ўдзельнічала ў XIX Міжнародным фестывалі «Союз талантов России» у Сочы, на якім юная спявачка заняла ганаровае трэцяе месца. Не стала выключэннем і падарожжа ў Беларусь.

– Калі Ірына Глуская патэлефанавала мне і прапанавала прадставіць дачку ў праграме завочнага адборачнага тура Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка», я без асаблівых роздумаў пагадзілася, бо для Лізы гэта новы вопыт і магчымасць прадэманстраваць свой творчы патэнцыял. Яна і ў дарогу нас выпраўляла. Ведаючы пра мару Лізаветы наведаць Беларусь, яна ўсебакова садзейнічала ў яе ажыццяўленні... Пачынаючы ад выбару конкурсных нумароў на адборачны тур і падачы заяўкі, аплаты фестывальнага ўнёску, падрыхтоўкі прэзентацыі і самарскай сімволікі, сцэнічных беларускіх касцюмаў, і заканчваючы падрыхтоўкай сувеніраў для беларускага боку, – не хаваючы сваіх эмоцый, распавядае мама Лізы.


03.jpg

Лізавета Глубінец дае інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 4», Магілёў

Фестываль «Залатая пчолка»... Як можна сцісла ахарактарызаваць гэты творчы Форум? Каласальная насычанасць мерапрыемствамі, шквал эмоцый, сузор’е талентаў і нястрымнае жаданне адораных юнакоў – перамагчы... Але прадстаўніца беларусаў самарскай зямлі Лізавета Глубінец – настойлівая, і, нягледзячы на даволі працяглую дарогу, яна годна выступіла ў конкурснай праграме і заняла ганаровае другое месца ў жанры «Вакальнае мастацтва», намінацыі «Салісты. Эстрадныя спевы», у сярэдняй узроставай катэгорыі 13–15 гадоў. Ва ўрачыстай абстаноўцы Лізавеце быў уручаны Дыплом лаўрэата 2 ступені і каштоўны падарунак.

– Для конкурснай праграмы былі абраны два эмацыйныя творы – узрушвальная з-за сваёй глыбіні і зместу песня «Снег» (словы і музыка Алены Ваенгі) і нявыдуманыя гісторыя, якая зрабілася песняй «Помнят люди» (словы Яўгена Далматоўскага, музыка Оскара Фельцмана). Гэты год для Беларусі асаблівы – наша гістарычная радзіма адзначае 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І песня «Помнят люди» стварыла асаблівую атмасферу ў глядзельнай зале... Бо ў ёй ідзе гаворка пра сяброўства паміж народамі, калі беларуская дзяўчына ратуе ад фашыстаў савецкага разведчыка родам з Грузіі. Гэтая тэма для беларускіх гледачоў вельмі блізкая, – перакананая Іна Сухачэўская.


04.jpg

Кацярына Мікалаеўна Данілкіна, мама Лізы заўсёды падтрымлівае сваю таленавітую дачку і ў далёкія творчыя паездкі адпраўляецца разам з ёй

Кажуць, што поспех прыходзіць да тых, хто гатовы пачаць з малога і старанна працаваць... Творчасць Лізаветы Глубінец пацвярджае гэта. З дзевяцігадовага ўзросту яна займаецца вакалам. Выступае сольна і ў складзе ўзорнага дзіцячага вакальнага ансамбля «Очарование» МБУ ДО ЦВО «Творчество», ансамбля-спадарожніка заслужанага беларускага вакальнага ансамбля«Каданс». У яе рэпертуары рознахарактарныя творы сучасных беларускіх, рускіх, украінскіх, армянскіх кампазітараў, апрацоўкі народных песень, перакладанні музыкі беларускіх, рускіх і замежных класікаў, фальклорная і духоўная музыка. У творчай скарбонцы Лізы больш за 60 Дыпломаў лаўрэата, узнагародныя статуэткі, медалі і шматлікія фестывальныя падарункі.

У гэтым годзе Ліза паспяхова скончыла 9 класаў агульнаадукацыйнай школы №91 гарадской акругі Самара. Цяпер яна наведвае майстар-класы і курсы па сумежных профілях – сцэнічная мова, візаж/грым і плануе працягнуць вучобу на аддзяленні «Эстрадны вакал» у Самарскай музычнай вучэльні імя Д. Г. Шаталава.


05.jpg

Фота на памяць: Ала Фёдараўна Асмалоўская, куратар самарскіх беларусаў і Кацярына Мікалаеўна Данілкіна, мама Лізы

Мы ад усёй душы жадаем таленавітай Лізавеце Глубінец новых вяршынь, поспехаў на іспытах пры паступленні ў музычную вучэльню, а «Залатая пчолка» няхай стане для яе яшчэ адным добрым трамплінам у творчую будучыню...

Мікалай Бойка, «Руска-Беларускае Братэрства 2000»