За просьбу выдаць гуманітарную візу ў Польшчу аршанцу пагражалі артыкулам за «здраду радзіме»

Аршанскі актывіст Сяргей Мярненка вымушаны быў тэрмінова пакінуць Беларусь з-за таго, што спецслужбы атрымалі доступ да інфармацыі з памяшкання Візавага цэнтру Рэспублікі Польша ў Магілёве і палохалі яго крымінальным артыкулам.

Улетку 2020 года назіральніка за выбарамі прэзідэнта Беларусі Сяргея Мярненку затрымлівалі некалькі разоў, тройчы яго каралі адміністрацыйным арыштам, цягалі на допыты, расшуквалі па сваяках і знаёмых. А некалькі тыдняў таму запрасілі сведкам па крымінальнай справе ягонага сябра па пратэстным артыкуле.

Адчуўшы, што дабром гэта не скончыцца і для яго самога, Сяргей Мярненка звярнуўся ў Візавы цэнтр Польшы ў Магілёве. Аднак праз некаторы час Сяргея выклікалі ў Аршанскі ГАУС і паказалі раздрукоўку ягонага ліста, верагодна з камеры відэаназірання. Ліст ён пісаў у польскую амбасаду з аргументацыяй просьбы выдаць яму гуманітарную тэрміновую візу.


02-mernenka-02.jpg


Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі актывіста, што гэты зварот можа стаць падставай для арыкула "Здрада радзіме" (арт. 356 КК РБ).

Пасля таго, як сілавікі прыехалі па месцы жыхарства маці і зрабілі грунтоўны ператрус, актывіст пакінуў Беларусь.

Самога Мярненку здымалі на камеру, пагражалі дубінкай і кастэтам, казалі, што гэта яго чакае, калі ён адмовіцца распавядаць пра ліст на відэакамеру.

Зараз Сяргей Мярненка знаходзіцца ў бяспецы.

ПЦ «Вясна»