13 кастрычніка прыняў удзел у літаратурна-музычнай імпрэзе ў Цэнтры беларускай культуры Даўгаўпілса, прысвечанай 90-годдзю з Дня нараджэння народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Тут быў прагледжаны, прысвечаны яму, відэасюжэт з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва і гучалі яго вершы і песні ў выкананні сяброў беларускага таварыства "Уздым" Жанны Раманоўскай, Галіны Сантоцкай, Ліліі Воранавай, Інны Валюшка, Валянціны Анікінай, Ніны Юхноўскай, Валерыя Амбросава. Я агучыў верш Ніла Гілевіча "Маці" і разам з усімі спяваў цудоўныя песні на яго словы "Сонца ў азерцы", "Купальская ноч над Гайнай", "Вы шуміце, бярозы..."
Упершыню я сустрэўся з Нілам Сымонавічам на яго лекцыі па беларускім фальклоры на філфаку БДУ, дзе завочна вучыўся. Затым – калі ён разам з іншымі знакамітымі пісьменнікамі наведаўся на семінар маладых літаратараў у Каралішчавічах. Пабачыўся з ім, і нават перамовіўся некалькімі словамі, на Першым з'ездзе беларусаў свету. Я ўдзячны Нілу Сымонавічу за тое, што ў яго артыкуле ў газеце "Літаратура і мастацтва", прысвечаным творчасці маладых паэтаў, знайшліся цёплыя совы ў адрас маіх, яшчэ нешматлікіх, паэтычных здабыткаў.
Станіслаў Валодзька