Кожная з канферэнцый “Шлях да ўзаемнасці”, лічаць яе ўдзельнікі, — гэта сапраўдная падзея ў беларуска-польскім навуковым свеце. Сёлета праходзіла ўжо ў 23-і раз і ладзілася Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы, кафедрай філалогіі Універсітэта ў Беластоку разам з Гродзенскім дзяржуніверсітэтам імя Янкі Купалы і Саюзам палякаў на Беларусі.
Як вядома, гэты ўнікальны навуковы форум праводзіцца з 1993 года па чарзе: у Беларусі ды Польшчы. Абмяркоўваюцца на ім праблемы гістарычных і сучасных дачыненняў суседніх народаў, моўныя, літаратурныя, культурныя, навукова-адукацыйныя ды іншыя сувязі паміж краінамі. Пачыналася ўсё з сустрэч выкладчыкаў Гродзенскага і Беластоцкага ўніверсітэтаў, цяпер гэта салідныя канферэнцыі. Узрасла й цікавасць да іх з беларускага боку. На гэты раз у Беласток прыехалі навукоўцы з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, інстытутаў гісторыі ды падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі. Былі выкладчыкі, аспіранты з розных універсітэтаў Мінска, Гродна, Брэста, Віцебска. У рабоце канферэнцыі паўдзельнічаў консул Беларусі ў Беластоку Вадзім Свярчкоў, дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве Міхаіл Рыбакоў, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі ды старшыня Саюза палякаў на Беларусі Мечыслаў Лысы.
На працягу двух дзён былі зачытаны дзясяткі навуковых паведамленняў. Гучалі даклады, звязаныя з польска-беларускімі стасункамі ў галіне літаратуры, гісторыі, культуры. Навукоўцы дыскутавалі, напрыклад, на тэму антычных уплываў на новую беларускую літаратуру, гаварылі пра значэнне спадчыны Францыска Скарыны для сусветнай супольнасці, распрацоўвалі перспектыўныя кірункі развіцця беларуска-польскага памежжа. У вітальным слове старшыня Саюза палякаў на Беларусі Мечыслаў Лысы адзначаў: “Для нас, палякаў, якія жывуць у Беларусі, веданне і разуменне гісторыі — справа вельмі важная. Таму заўсёды чакаем ад дакладчыкаў канферэнцыі новых фактаў і адкрыццяў”. Аднаму з арганізатараў канферэнцыі, намесніку старшыні БГКТ у Польшчы Базылю Сегеню найбольш цікавымі падаліся даклады пра развіццё мовы на Беласточчыне: “Моўныя пытанні для мяне заўсёды вельмі важныя. Землі, на якіх нам лёсам наканавана жыць, — выключныя. І гэта вялікае шчасце, бо тут сутыкаюцца і моўныя, і культурныя, і цывілізацыйныя стыхіі: сапраўдны рай для даследчыкаў”.
Па выніках ХХIII Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Шлях да ўзаемнасці” будзе выдадзены зборнік з усімі матэрыяламі — дакладамі па філалогіі, гісторыі, культуралогіі, эканоміцы, паліталогіі, этнаграфіі, турызме, што прагучалі пад час пасяджэнняў.