З роднай мовай пачынаецца жыццё

Міжнароднаму дню роднай мовы Самарская абласная грамадская арганізацыя беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» і яе творчыя партнёры штогод прысвячаюць пазнавальныя музычна-літаратурныя праграмы

Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года заснавала Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага.

Самарская абласная грамадская арганізацыя беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» ужо традыцыйна напярэдадні Дня роднай мовы праводзіць мерапрыемствы, падводзіць вынікі і плануе новыя мерапрыемствы па папулярызацыі беларускай мовы на самарскай зямлі. За два дзесяцігоддзі актыўнай працы самарскім беларусам удалося выбудаваць сістэму, якая дазваляе вельмі эфектыўна вырашаць гэтую задачу.


01.jpg

Прадстаўнікі беларускай нядзельнай школы «Родны кут» – Варвара Ненашэва, Уладзіслаў Даутаў, Ірына Сакалова (другі шэраг) і Эміль Даутаў з заслужанымі ўзнагародамі і галоўным заўзятарам каманды, прэзідэнтам САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000»


Для захавання і папулярызацыі традыцый беларускага народа ў сферы культуры і адукацыі, у межах падпісаных дамоваў і пагадненняў аб адукацыйным і творчым супрацоўніцтве ажыццяўляецца партнэрства з агульнаадукацыйнымі школамі і ўстановамі дадатковай адукацыі ў Самарскай вобласці. Творчымі партнёрамі беларусаў з’яўляюцца МБАУ Школы №№36, 77, 101, 114, 123, 124, 176, Гімназія №2 гарадской акругі Самара, МБУ ДА «Цэнтр пазашкольнай адукацыі «Творчество», дзіцячыя музычныя школы №№7, 17, 20 і школа мастацтваў №3 «Младость» г.а. Самара, ДБАУ САШ с. Екацярынаўка Безянчукскага раёна Самарскай вобласці, МАУ «Цэнтр культурнага развіцця» с. Багатае Самарскай вобласці, «ЦДТ «Камертон» пгт. Безянчук, Дом вучнёўскай моладзі «Мечта» г. Тальяці.

На пляцоўках творчых партнёраў «Руска-Беларускага Братэрства 2000» праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, беларускія народныя святы і фестывалі мастацтваў, музычна-літаратурныя вечары да юбілеяў класікаў беларускай літаратуры.


02.jpg

Актывісткі САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000» і мамы Юлія Цяплянская і Таццяна Даутава з дзецьмі на мерапрыемстве


Характэрна, што творчыя калектывы і салісты як самой арганізацыі беларусаў, так і яе партнёраў, у свае рэпертуары рэгулярна ўключаюць беларускія творы. Вялікую работу ў гэтым накірунку праводзяць педагогі Вольга Пісарава ДБАУ САШ с. Екацерынаўка і Алена Балвашэнкава, педагог вышэйшай катэгорыі дадатковай адукацыі школы №176 гарадской акругі Самара.

– У гэтай школе я працую пятнаццаць гадоў. Займаемся і пастаноўкай тэатралізаваных святаў, і прадстаўленняў. Больш за ўсё, з усіх жанраў, люблю агітбрыгаду. Заўсёды любіла і люблю паэзію, асабліва ваенную. Падабаецца творчасць беларускіх паэтаў Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Аркадзя Куляшова, Пятруся Броўкі... Мае вучні пастаянныя ўдзельнікі мерапрыемстваў беларускай арганізацыі і з задавальненнем чытаюць вершы беларускіх паэтаў, як на рускай, так і на беларускай мовах. Хачу сказаць словы сардэчнай падзякі ад сябе, бацькоў маіх вучняў і саміх вучняў, паважанай Ірыне Глускай, прэзідэнту САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000» за тое, што знаёміць нас з самабытнай беларускай культурай, за асаблівы падыход да дзяцей і цудоўны кантакт з бацькамі. Гэта вельмі важна для падрастаючага пакалення, – перакананая Алена Балвашэнкава.


03.jpg

Уладзіслаў Даутаў, саліст Узорнага беларускага вакальнага ансамбля «Очарование» выконваў песню на беларускай мове «Небасхіл Еўропы»


Сапраўды, яе вучні, рэгулярна прымаючы ўдзел у міжнародных, усерасійскіх, рэгіянальных конкурсах, выконваючы творы беларускіх паэтаў, займаюць прызавыя месцы. Асабліва педагог адзначае Марыю Серабракову, Мацвея Сакалова, Сафію Кудрашову, Лізавету Пустошкіну і Канстанціна Скварцова.

– Што беларуская паэзія дае мне асабіста? Паэзія – як агонь, загараецца ўнутры, у душы. Агонь гэты паліць, грэе і асвятляе. Мне падабаецца беларуская мова, яна гучыць спеўна, меладычна, а гук льецца пяшчотна і нараспеў. Праз беларускую паэзію я даведваюся аб цудоўнай краіне Беларусі, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Канстанцін Скварцоў.


04.jpg


05.jpg

На другім этапе квэсту трэба было правільна і хутка з прапанаваных літар скласці слова або фразу на беларускай мове


Родная мова... Класік беларускай літаратуры Янка Купала казаў: «У песнях жа родны край, родныя словы жылі і жывуць, і жыць будуць заўсёды». І мерапрыемствы, якія правялі і ў якіх удзельнічалі беларусы Самарскай вобласці, пацвярджаюць гэтыя словы беларускага класіка.

Міжнародны дзень роднай мовы прысвечаны аднаму з галоўных здабыткаў чалавецтва – моўнай разнастайнасці. Мова народа – унікальнае адлюстраванне яго гістарычнага досведу, у ёй знаходзіць ўвасабленне культурная традыцыя. Родная мова з моманту нараджэння пачынае вызначаць светаўспрыманне кожнага чалавека, надзяляючы яго асаблівым бачаннем рэчаў.


06.jpg

А ў інтэлектуальнай гульні правільна адказаць на заданне


Гэтыя маштабныя абагульненні вельмі натуральна праглядаліся праз жывую канкрэтыку свята, якое прайшло ў гонар Дня роднай мовы ў Доме дружбы народаў Самарскай вобласці. На яго сабраліся дзеці, і яны былі шчырымі ва ўсім. Відаць было, што ім не толькі радасна гаварыць і спяваць на роднай мове, але і слухаць тых, хто размаўляе на іншых мовах.

– Выставу беларускай літаратуры і друкаваных СМІ на беларускай мове, якую мы штогод праводзім і прысвячаем Міжнароднаму дню роднай мовы ў «Доме дружбы народаў», з вялікім задавальненнем і цікавасцю наведваюць навучэнцы нашых адукацыйных і творчых партнёраў. Моладзь і педагогі з году ў год папаўняюць свае веды пра беларусаў і іх гістарычную радзіму, многія дзеці, незалежна ад сваёй нацыянальнай прыналежнасці, на чыстай беларускай мове чытаюць вершы, выконваюць вакальныя творы. Сёлета нашу выставачную экспазіцыю наведалі навучэнцы школы №123 і гімназіі №2 г.а. Самара, а Радзівон Беразоўскі, Лізавета Кузьміна і Паліна Габава з ДБАУ САШ с. Екацерынаўка з задавальненнем прачыталі для прысутных вершы Пятруся Броўкі «Родны край», «Мёртвая вёска» і «Неўміручасць», і «Лес» Пятра Глебкі. Падобныя мерапрыемствы ў шматнацыянальным Самарскім рэгіёне несумненна спрыяюць умацаванню дружбы народаў, папулярызацыі родных моў, – перакананая Ірына Глуская, прэзідэнт «Руска-Беларускага Братэрства 2000».


07.jpg


08.jpg

Выстава ў беларускім офісе


Прадстаўнікі беларускай нядзельнай школы «Родны кут» Варвара Ненашева, Ірына Сакалова, Уладзіслаў і Эміль Даутавы ў складзе двух шматнацыянальных каманд прынялі актыўны ўдзел у квэсце і інтэлектуальным спаборніцтве. Квэст складаўся з чатырох этапаў, падчас якіх удзельнікі каманды павінны былі паказаць веданне моў – скласці з літар прапанаваныя словы або фразы на розных мовах, прадэманстраваць веды па гісторыі, традыцый і культуры народаў. А ў інтэлектуальным спаборніцтве камандам былі прапанаваны пытанні, прысвечаныя не толькі Міжнароднаму дню роднай мовы, але і надыходзячай урачыстай даце – 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў.

Адна з чатырох шматнацыянальных каманд з назвай «Дружба», у якой удзельнічалі два беларускія прадстаўнікі – Эміля Даўтава і Варвара Ненашэва, заняла першае месца, і ўсе члены каманды былі ва ўрачыстай абстаноўцы ўзнагароджаны памятнымі дыпломамі.


10.jpg

Гімназія №2 г.а. Самара, 5 «Б» клас у гасцях у сваіх партнёраў – абласной арганізацыі беларусаў «Руска-Беларускае Братэрства 2000» у ДКУ СА «Дом дружбы народов» на мерапрыемствах да Міжнароднага дня роднай мовы


Лістом з падзякай ад «Дома дружбы народаў» за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы, была адзначана Іна Сухачэўская, кіраўнік беларускай нядзельнай школы «Родны кут» «Руска-Беларускага Братэрства 2000».

Дзень роднай мовы адзначылі з душэўным уздымам. Дух добразычлівасці, паразуменне і імкненне больш даведацца адзін пра аднаго аб’ядноўвалі ўсіх, хто сабраўся – і дзяцей, і дарослых. А напрыканцы святочных мерапрыемстваў была прадстаўлена шматнацыянальная канцэртная праграма, у якой прагучала і песня на беларускай мове «Небасхіл Еўропы» ў выкананні Уладзіслава Даутава, саліста узорнага беларускага вакальнага ансамбля «Очарование». Юны вакаліст цешыў не толькі чысцінёй голасу, але і непаўторнай душэўнай манерай выканання і паэзіяй рухаў, якія перадаюцца праз пакаленні на аснове жывых беларускіх нацыянальных традыцый.


09.jpg

Варвара Ненашэва і Эміль Даутаў з узнагародамі


– Любіце і шануйце сваю родную мову! У ёй наша мінулае, сучаснасць і будучыня! Усе мовы прызнаюцца роўнымі, паколькі кожная з іх унікальным чынам адпавядае прызначэнню чалавека, і кожная ўяўляе з сябе жывую спадчыну, якую варта ахоўваць. Ад імя праўлення арганізацыі хачу выказаць самыя шчырыя словы ўдзячнасці нашым дзеткам і іх бацькам, і асобна падзякаваць Юліі Цяплянскай і Таццяне Даутавай за іх адказнасць, усебаковую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў. Шчыры дзякуй актывістам суполкі, гасцям свята, сябрам і ўсім, каму падабаецца беларуская культура і мова! – падвяла вынік кіраўніца самарскіх беларусаў І.М. Глуская.

Мікалай Бойка, "Руска-Беларускага Братэрства 2000"