Праект «Дні беларускай культуры ў Іркуцкай вобласці» быў створаны ў гонар юбілею рэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага» (ІТБК) і падтрыманы Фондам прэзідэнцкіх грантаў. Шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на прадстаўленне традыцыйнай і сучаснай культуры беларусаў і беларускіх перасяленцаў Іркуцкай вобласці, аб'яднаў намаганні некалькіх муніцыпальных утварэнняў, а таксама прадставіў вынікі працы ўжо існуючых праграм беларусаў Прыбайкалля.
Мінская дэлегацыя з дванаццаці гасцей, якую ў міжнародным іркуцкім аэрапорце сустрэла кіраўніца ІТБК Алена Сіпакова, прыбыла, каб падтрымаць іркуцкіх калег і разам з імі годна прэзентаваць беларускую культуру ў рэгіёне.
Усіх удзельнікаў «Дзён беларускай культуры» чакала сямідзённае падарожжа па Іркуцкай вобласці і Прыбайкаллі.
З 22 па 24 жніўня беларускія госці наведалі архітэктурна этнаграфічны музей «Тальцы», сучасную арт-галерэю «CheGuevara», іркуцкае «Радыё Шансон», Камень Чэрскага, размешчаны ў пасёлку Ліствянка, Байкальскі лімналагічны музей, інфармацыйнае агенцтва «Байклал24», Дзяржаўную тэлевізійную і радыёвяшчальную кампанію, а таксама паўдзельнічалі ў «Шпацырах па старым Іркуцку». У многіх з пералічаных месцаў госсці выступалі з канцэртамі і ўдзельнічалі ў эфірах для жыхароў Іркуцку – гучалі беларускія песні ў выкананні народнага ансамбля «Вербiца» і прафесійных фалькларыстаў з асобнымі нумарамі дуэтам і сольна – Іллі Арыстава і Аляксея Галіча.
Тымі ж днямі акрамя канцэртаў у Іркуцку прайшлі майстар-класы па выцінанцы ад Вольгі Бабурынай, кіраўніцы секцыі выцінанкі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Дасведчаная прафесіяналка на адкрытым занятку не толькі стварыла чарговы шэдэўр, але і пазнаёміла мясцовых жыхароў з гісторыяй гэтага найцікавага народнага мастацтва выразання ўзораў з паперы.
Таксама ў Іркуцку адбыўся семінар-практыкум па беларускіх народных танцах, які зладзіў народны фальклорны ансамбль «Вербiца» – млын, полька-матылёк, кракавяк, лявоніха – харэографы атрымалі пацверджаныя сертыфікатамі веды пра асаблівасці беларускага сцэнічнага танца, якія спатрэбяцца ім у далейшай працы. Слухачы атрымалі сертыфікаты.
З 25 па 28 жніўня ўдзельнікі праводзілі вулічныя канцэрты і майстар класы ў Іркуцкім і Альхонскім раёнах.
«Вялікі беларускі канцэрт» адбыўся ў вёсцы Тургенеўка. Да мінскіх гасцей далучыліся творчыя калектывы рэгіёну з Куйтунскага, Усольскага і Іркуцкага раёнаў. Для гледачоў былі выкананыя найлепшыя беларускія песні пра каханне і паўсядзённы побыт. Падчас канцэрту Ілля Арыстаў, фалькларыст і выканаўца традыцыйных песень, зладзіў для дзяцей майстар-клас па вырабе капелюша. Кожнае дзіця мела магчымасць зайграць на музычных інструментах: цымбалах і барабане. Кожнаму жыхару Тургенеўкі запомніліся песні і танцы беларускіх артыстаў, іх прыгожыя, яркія касцюмы, тое, як родная мова і нацыянальны каларыт напоўнілі вёску беларускім духам.
27 жніўня майстар класы і канцэрт беларускага ансамбля адбыўся ўжо на тэрыторыі Байкала, на штогадовым фестывалі музыкі «Байкал Live». Народныя музыкі выйшлі на сцэну пад бурныя авацыі і выканалі традыцыйныя беларускія песні, а таксама песню Алеся Камоцкага «Велічным морам», якая паспела стаць хітом за гэтыя дні – пра мудрасьць і моц Байкала, пра сібірскіх беларусаў і Беларусь – далёкую гістарычную радзіму. Алесем Камоцкі напісаў яе ў 2015 годзе адмыслова для «Сустрэчы беларусаў свету на Байкале». Сёлета адбылася ўжо трэцяя такая сустрэча, падчас якой акрамя творчасці абмяркоўваліся пытанні захавання этнаграфічнага матэрыялу і фальклору перасяленцаў, аналізаваўся паспяховы вопыт калег у распрацоўцы сацыяльна значных праектаў, этна-праектаў і маршрутаў для турыстаў. Удзел у ёй бралі прадстаўнікі Іркуцкай вобласці, Масквы, Мінска і Маладзечна.
Праводзячы гасцей у аэрапорце Алена Сіпакова зазначыла: «Гэта не апошні прыезд беларускіх артыстаў у Сібір. Мы надалей будзем ладзіць падобныя праекты, каб іркуцяне мелі магчымасць знаёміцца з традыцыйнай і сучаснай беларускай культурай – гэта галоўная мэта дзейнасці нашай арганізацыі ўжо 25 гадоў».
Удзельнікі раз'ехаліся, але цёплыя зносіны працягваюцца ў адмыслова створаных чатах – актыўна абменьваюцца фатаграфіямі, музычным матэрыялам, плануюць сумесныя праекты на адлегласці, а каманда праекта зараз мантажуе ролікі, якія неўзабаве будуць прадстаўлены шырокай публіцы ў інтэрнэце. Гэта будзе анлайн-сустрэча з народнай майстрыцай Беларусі па выцінанцы Вольга Бабурынай. Кожны глядач зможа сам стварыць свой шэдэўр. Таксама будзе і выніковы фільм з канцэртнымі нумарамі і яркімі эпізодамі «Дзён беларускай культуры ў Іркуцкай вобласці».
Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага