У беларускім цэнтры пры саборы св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку ў нядзелю, 10 чэрвеня, адбылася прэзентацыя і прагляд фільма "То-то-то", — першага фільма, знятага беларускім фольк-гуртом з Канады "Яваровы людзі".
Прэзентацыю вяла Віялета Кавалёва, кіраўнік гурту "Яваровы людзі", рэжысёр і сааўтар сцэнару фільму.
Прэзентацыя прайшла пры падтрымцы Беларуска-Амерыканскага Задзіночання.
Фільм "То-то-то" — гэта музычная казка. У ім няма словаў, ёсць толькі беларускія народныя песні ў выкананні гурта, часам у спалучэнні з інструментальнай музыкай. Хоць у сюжэце выкарыстоўваюцца некаторыя матывы беларускага фальклору, фільм не з’яўляецца экранізацыяй ніводнай вядомай нам беларускай казкі. Гэтую гісторыю прыдумалі, выканалі, знялі і зманціравалі самі ўдзельнікі гурта "Яваровы людзі". Фільм здымаўся ў Таронта і на поўначы правінцыі Антарыё.
Прысутныя павіншавалі Віялету і ўвесь гурт "Яваровы людзі" з выхадам іх першага фільма, які з упэўненасцю можна назваць паспяховым. Усе прысутныя адзначылі акторскае майстэрства герояў фільма.
Віктар Дудараў даў некалькі прафесійных парадаў па відэаздымцы і мантажу.
Зянон Пазьняк, як тэатразнаўца паводле адукацыі, таксама даў станоўчую характарыстыку фільму і асабліва пакрэсліў, што гурту ўдалося зрабіць галоўнае — стварыць прыемную атмасферу праз спалучэнне гісторыі фільма, народных песень і малюнкаў прыроды.