"Яшчэ не Еўропа, але ўжо і не Азія". Алег Рудакоў узяў удзел у праекце “Тры пытанні”

Алег Рудакоў, вядомы беларускі актывіст у Іркуцку, наведаў Беларусь з культурніцкай праграмай клубу “Крывічы”. Клуб заснаваны ў 1997 годзе і гуртуе вакол сябе беларусаў Прыбайкалля.

У Менску Алег Рудакоў узяў удзел у праекце “Тры пытанні” каманды Haroshak.by. Ён распавёў пра сваё бачанне Беларусі: “Беларусь становіцца ўсё больш і больш еўрапейскай. Яшчэ не Еўропа, але ўжо і не Азія”. Выказаўся пра характар беларусаў і знакаміты стэрэатып датычна беларускай мовы: маўляў, яна вельмі падобная да рускай.

“Ёсць стэрэатып, што рускія і беларусы такія ўжо браты, і мовы ў іх аднолькавыя, ну гэкаюць беларусы, чэкаюць, але такія самыя… [Расейцы кажуць], чулі мы вашага прэзідэнта, ён размаўляе амаль так, як мы. А я кажу: дык ён па-руску размаўляе, толькі з беларускім акцэнтам. А сапраўдная беларуская мова ўнікальная, і вы яе можаце нават не зразумець”.



Праект “Тры пытанні” распачаты незалежнай беларускай студыяй Haroshak.by у 2017 годзе. Яго мэта – даць выказацца самім беларусам пра сябе, сваю краіну і мову. На сёння выйшлі 20 ролікаў. Удзел узялі як вядомыя асобы – Андрусь Такіндаг, Наста Кудасава, беларускамоўная іспанка Анхела Эспіноса Руіс, – так і немедыйныя асобы, сярод якіх настаўнікі, маладыя навукоўцы, журналісты, фатографы…

Узяць удзел у праекце можа кожны, хто мае жаданне выказацца.

budzma.by паводле haroshak.by