Янка Запруднік: “Гарантам незалежнасці павінен быць кожны грамадзянін”

Адзін з патрыярхаў беларускай дыяспары на Захадзе, сп. Янка Запруднік, усвядоміў каштоўнасць незалежнасці яшчэ ў тыя гады, калі яна падавалася далёкай зоркай, а большасць нашых чытачоў нават не нарадзілася. Пасля ўжо, будучы ў эміграцыі, з 1950-х і да сёння, ён спрабуе данесці гэтую каштоўнасць да суайчыннікаў, якія жывуць ужо ў незалежнай Беларусі.

Цяжка паверыць, але ў далёкіх 1940-х, калі Беларусь палала ў агні страшэннай вайны, вучням Баранавіцкай прагімназіі настаўнікі тлумачылі каштоўнасць незалежнасці і прынцып, паводле якога беларус мае быць гаспадаром на сваёй зямлі. Гэтымі настаўнікамі былі Лявон і Юрка Луцкевічы, легенды нацыянальнага руху. А сярод іх вучняў – Янка Запруднік, якога сёння па праве таксама можна назваць легендай.


02-7e87f0d32ffe4bf42f70cc75946c82ec.jpg


На пытанні “Анкеты Незалежнасці” адказвае Янка Запруднік, беларуска-амерыканскі гісторык і публіцыст, адзін з найбольш актыўных і вядомых дзеячаў нашай дыяспары ў ЗША.

Чым для вас ёсць незалежнасць Беларусі?

Незалежнасць Беларусі – гэта шлях да прагрэсу і дабрабыту праз шырокую сувязь з вонкавым светам. 

Калі вы асабіста прыйшлі да ўсведамлення каштоўнасці незалежнасці? Як гэта адбылося?

Да ўсведамлення каштоўнасці незалежнасці Беларусі я прыйшоў паступова ад маіх настаўнікаў у Баранавіцкай прагімназіі ў 1942–1944 гг., дзе нашымі настаўнікамі былі сыны Антона Луцкевіча, Лявон і Юрка, а пасля ад настаўнікаў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне (1946–1948 гг.) ды ў выніку перабывання ў нашым гурце бязбацькавічаў “Дванаццатка” на працы вуглякопам у Англіі (1948–1950 гг.).


03-44efc950421b3d73dac3cb9f98a6729e.jpg

На прэзэнтацыі кнігі “Кантакты” ў Мінску, 2016 год


У 1991-м незалежнасць на беларусаў звалілася “як мех з бульбай”, нечакана і бескаштоўна, ці гэта вынік шматлікіх цяжкіх намаганняў за доўгі час?

Незалежнасць не “звалілася” на Беларусь” у 1991 годзе, а сталася вынікам змагання за яе тысячаў нацыянальна свядомых сыноў і дачок народа пачынаючы ад сярэдзіны ХІХ стагоддзя.  

Дэмакратыя, фінансавы дабрабыт ці незалежнасць – што важнейшае для беларусаў? А для вас асабіста?

Для беларусаў, у тым ліку і для мяне асабіста, усе тры складнікі (незалежнасць-дэмакратыя-дабрабыт) павінныя быць неразлучна звязаныя ў адно цэлае. 

Ці даводзілася вам некалі тлумачыць суайчыннікам ці замежнікам каштоўнасць незалежнасці краіны?

Пра ўзаемную сувязь вышэйназваных трох складнікаў я гаварыў і пісаў беларусам і небеларусам безліч разоў праз дзясяткі гадоў, пачынаючы ад сярэдзіны 1950-х. 

Беларус, які не разумее каштоўнасці незалежнасці і гатовы ад яе адмовіцца, – вораг ці… Што рабіць і як ставіцца да такіх людзей?

Беларусам, якія не разумеюць вышэйназванай узаемасувязі, трэба паказваць прыклады іншых еўрапейскіх народаў, якія параўнальна з беларусамі жывуць у большым дабрабыце дзякуючы якраз незалежнасці ды свабодзе. 

Ці з’яўляюцца нацыянальная ідэнтычнасць, мова і культура неабходнымі і абавязковымі для незалежнасці?

Нацыянальная свядомасць, свая мова і культура – гэта арганічны вынік дзяржаўнай незалежнасці ды палітычнай свабоды. 

Ці ёсць цяпер небяспека для незалежнасці Беларусі? Калі так, то адкуль яна ідзе?

Пагроза страты дзяржаўнай незалежнасці Беларусі – гэта ў вялікай меры вынік Лукашэнкавай палітыкі, арыентаванай на стварэнне так званай “саюзнай дзяржавы”. Саюз жа з Расіяй – гэта саюз з імперыяй. У выніку такога “саюза” меншы “саюзнік” так ці інакш паплаціцца сваімі нацыянальнымі інтарэсамі. На пачатку такога здрадніцкага праекта прэзідэнт Лукашэнка прыцэльваўся заняць месца Ельцына ў Крамлі, а пасля прыходу да ўлады Пуціна стаўся нявольнікам расійскай эканамічна-палітычнай пятлі. 

Калі кажуць, што незалежная Беларусь можа быць толькі ў ваенным, эканамічным ці палітычным саюзе з іншымі дзяржавамі, як вы да гэтага ставіцеся? Калі і быць у саюзе, то з кім і на якіх умовах?

Пры сучасным раскладзе міжнародных узаемасувязяў і асабліва пры знаходжанні РБ паміж двума волатамі – Расіяй і Еўрапейскім саюзам – у інтарэсах Беларусі павінныя быць мінімальныя ваенныя саюзы, а максімальныя эканамічныя ды культурныя сувязі.

Хто можа быць гарантам незалежнасці: улада, армія, народ, партыі і грамадскія арганізацыі, наднацыянальныя міжнародныя структуры?

Гарантам незалежнасці павінен быць кожны грамадзянін ці грамадзянка на сваім месцы жыхарства і працы. І кожны з іх павінен ведаць і памятаць, што свабоду не даюць, свабоду здабываюць.   

Бяз’ядзерны статус Беларусі – плюс ці мінус што да пытання захавання суверэнітэту?

Беларусі з яе параўнальна невялікім эканамічным патэнцыялам не патрэбны ядзерны статус, ёй патрэбная палітыка нейтралітэту. 

Што могуць рабіць беларусы пры пагрозе незалежнасці краіны? Выходзіць на мітынгі, размаўляць па-беларуску, разбудоўваць недзяржаўны сектар, імкнуцца атрымаць ваенныя веды ці… збіраць валізы і рыхтавацца да выезду?..

Сучасная пагроза незалежнасці патрабуе розгаласу як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. Актывісты нацыянальнай самаабароны павінныя шукаць падтрымкі на абодвух узроўнях, нацыянальным і міжнародным.

Страта незалежнасці – гэта трагедыя, але наколькі непапраўная? Ці можа народ у такой крытычнай сітуацыі вярнуць незалежнасць і дзяржаўнасць? Калі можа, то якім чынам?

Незалежнасць – з’ява шматступенная, яна не можа быць страчанай поўнасцю і назаўсёды. Забарона або разгон дэманстрацый і пікетаў, зладжаных у імя нацыянальных інтарэсаў, – з’ява часовая, бо нельга назаўсёды забараніць жаданне-імкненне да свабоды. Сілу і моц гэтай ісціны дэманструе сама гісторыя Беларусі, гісторыя народа з ягоным жаданнем-імкненнем быць гаспадаром сваёй зямлі.

Гутарыў Алесь Кіркевіч, budzma.by,
фота Яўгена Ерчака