Па выніках мінулага года іх тры. Лідар апярэджвае латвійскія сеткі Rimi і Maxima.
Лідарам штогадовага топ-100, які складае рэсурс CrediWeb на падставе аб’ёмаў абароту рэйтынгу, стаў дыстрыбутар Uralkali Trading. Ён уваходзіць у структуру аднаго з найбуйнейшых у свеце вытворцаў калійных угнаенняў расійскага «Уралкалія».
Акцыянерам і намеснікам старшыні савета дырэктараў «Уралкалія» з’яўляецца грамадзянін Беларусі Дзмітрый Лобяк. Ён — аднакурснік іншага буйнога акцыянера «Уралкалія», ураджэнца Мінска Дзмітрыя Мазепіна. Uralkali Trading, абарот якога ў 2018 годзе склаў амаль 2 млрд еўра, апярэдзіў яшчэ адну латвійскую кампанію Мазепіна — Uralchem Trading (звыш 885 млн еўра). Пасля Uralkali Trading у першай дзесятцы таксама засталіся такія кампаніі як латвійскія сеткі Rimi і Maxima, Severstal Distribution, Latvenergo, Orlen Latvia, Elko Grupa, Air Baltic Corporation.
Досыць высокія пазіцыі на працягу апошніх гадоў займае ў гэтым рэйтынгу беларуская кампанія Transbaltic Oil. У мінулым годзе дачка Беларускай нафтавай кампаніі паставіла на балтыйскі рынак нафтапрадуктаў на суму звыш 180 млн еўра. Пры гэтым абарот Transbaltic Oil у параўнанні з 2017 годам вырас на 14,3%.
Нарэшце, у першай сотні самых буйных бізнесаў Латвіі па выніках 2018 года аказалася кампанія Asbis Baltic — дыстрыбутар холдынгу Asbis, заснавальнікам і акцыянерам якога з’яўляецца беларускі бізнесмен Сяргей Касцевіч. У 2018 годзе абарот Asbis Baltic павялічыўся на 226% і дасягнуў 80 млн еўра. Гэты паказчык больш чым, напрыклад, у Latvijas Balzams, Scania Latvia, Cido Grupa, Knauf і інш.