Як беларусам жывецца за мяжой? Наколькі складана адаптавацца на новым месцы? Што можа зрабіць беларуская дзяржава, каб беларусы замежжа падтрымлівалі з ёй больш цесныя стасункі? Меркаванні беларускіх эмігрантаў — у нашым матэрыяле.
Маша Савіцка, 35 гадоў, Воля Мракоўска, Польшча
Нарадзілася ў Мінску, апошнія пяць гадоў пастаянна жыве ў Польшчы, мае сталы від на жыхарства і беларускае грамадзянства.
Маша Савіцка
Я гісторык па адукацыі, прыехала ў Варшаву на стажыроўку па адной з праграм Erasmus, падчас яе і пазнаёмілася з будучым мужам.
Мне добра ў Польшчы, бо тут мая сям’я. У нас з Робертам двое дзяцей: Міра Адэля, 3 гады, і Эмілія, ёй хутка два. Таксама ў мяне ёсць старэйшы сын Кастусь ад першага шлюбу, яму адзінаццаць. Ён, дарэчы, традыцыйна праводзіць канікулы ў Беларусі з бацькам, бабулямі і дзядулем, таму лічыць, што там лепш. Я не пераконваю, але нядаўна сказала, што, калі надумае жыць у Беларусі, яму трэба будзе паўтара года адслужыць у арміі. Трохі задумаўся.
Дома мы размаўляем па-польску і па-руску. Мой муж — інжынер па адукацыі, але ён заўсёды цікавіўся культурай Усходняй Еўропы, ведае рускую мову. Вядома, ёсць думка навучыць дзяцей беларускай. Пакуль складаней за ўсё давялося Кастусю — першы год у польскай школе ён амаль нічога не разумеў. Пашэнціла, што ў яго школе шмат дзяцей эмігрантаў — в’етнамцаў, кітайцаў, украінцаў, ён асабліва не выдзяляецца.
На Варшаўскім Служэўцы. На скачках "Велька Варшаўска".
Жывём мы ва ўласнай кватэры. У Польшчы ёсць такое паняцце, як сацыяльнае жыллё, але на яго вялікія чэргі. Большасць сем’яў бярэ кватэры ў крэдыт. Раней была праграма MdM (“Mieszkanie dla młodych”), калі дзяржава часткова фінансавала жыллё. Агулам, займець уласнае жыццё маладой сям’і тут прасцей.
Першы год адаптацыі быў вельмі цяжкі. Я ўвесь час хварэла, такі стрэс быў: доўга рабіліся дакументы, праз гэта я не магла ўладкавацца на працу, паўгода сядзела дома ў нейкім вакууме. Неяк так атрымалася, што акурат тады да мяне не мог прыехаць ніхто з беларускіх сяброў. А я ж прызвычаілася да актыўнага сацыяльнага жыцця ў Мінску! Заўсёды можна было з кімсьці пабачыцца, паразмаўляць. Спачатку мы жылі ў Пясэчне, там сябравалі з суседзямі, а як пераехалі сюды, нікога знаёмага не было. Але я чытала, што ўсе людзі, якія пасля трыццаці пераязджаюць у новую краіну, маюць эмігранцкую дэпрэсію, трэба проста яе перажыць.
Потым, праўда, я выйшла на працу — прадавала боты ў гандлёвым цэнтры, але нядоўга: мы хацелі дзяцей, і я хутка пайшла ў дэкрэт. У Польшчы ты маеш права на аплачаны год дэкрэтнага адпачынку, далей можаш сядзець колькі заўгодна, але за свой кошт.
У дзіцячым садку. Pasowanie na przedszkolaka.
Я ўжо адбыла свой год, але ўсё адно пакуль дома, з маленькай Эміліяй. А вось Міра ходзіць у садок. Тут цікавая сітуацыя з садкамі: у дзяржаўны вельмі складана трапіць, прыватных шмат, але яны вельмі дарагія і там часам вялікія групы. Нам пашэнціла — Міра ходзіць у гмінны дзіцячы садок у суседняй вёсцы.
Воля Мракоўска знаходзіцца за трыццаць кіламетраў ад Варшавы. Я не так даўно пачала кіраваць машынай, таму не вельмі мабільная. Магчыма, таму маё кола сяброў пакуль не пашыраецца. Ну і ўплывае тое, што я працавала кароткі тэрмін, а цяпер сяджу з малымі дзеткамі, таму не паспела завесці сяброў сярод палякаў. Але кантактуем з адной беларускай сям’ёй, мы знаёмыя яшчэ з часоў студэнцтва.
Вядома, мне хочацца кантактаваць з беларусамі! Цяпер, вядома, я адаптавалася, але быў перыяд, калі вельмі моцна адчувала сваю іншасць.
Калі мы яшчэ жылі ў Пясэчне, я спрабавала хадзіць у Беларускі дом, але нешта не пайшло, там вельмі абыякавае стаўленне. А я ж наіўна думала, што беларусы за мяжой будуць адно аднаго падтрымліваць! Але, магчыма, у іх прафесійнае выгаранне, такое таксама здараецца.
Па адчуваннях я беларуска. Я ніколі не стану полькай — навошта? Я нават больш скажу: на дадзены момант мяне ўсе адно больш цікавіць тое, што адбываецца ў Беларусі, чым у Польшчы. Я чытаю беларускія СМІ, перажываю за тое, што адбываецца. Хаця і разумею, што тое, чым я жыву, — не зусім Беларусь, у рэчаіснасці яна можа быць іншай.
Я езджу ў Мінск да родных нячаста — з маленькімі дзецьмі гэта няпроста. Асабліва ўскладняе паездкі Мытны саюз: з беларускім пашпартам я не маю права ў Беларусі кіраваць машынай на польскіх нумарах. Таму трэба альбо пакідаць на мяжы вялікія грошы — залог за машыну, альбо саму машыну і далей ехаць цягніком. А прамы цягнік з Варшавы дарагі, як і квіткі на самалёт. Вядома, было б прасцей, калі б у Мінск лёталі лоўкосты.
Парк у Млахове
Што можа зрабіць беларуская дзяржава, каб беларусы замежжа больш з ёй супрацоўнічалі? Змяніць падыход да ўсіх сваіх грамадзян. У Беларусі кожны чалавек павінны быць на вагу золата — нас праўда вельмі мала ва ўсім свеце. Але ў нашай дзяржавы іншае стаўленне — не цэняць ні тых, хто жыве ў Беларусі, ні тых, хто з’ехаў. Ніхто не думае пра тое, як законы таго ж Мытнага саюза адаб’юцца на канкрэтных людзях. Польскія палітыкі ў сваіх праграмах часта маюць пункт па лабіраванні інтарэсаў палякаў замежжа, той жа Вялікабрытаніі. А ў нас няма такога рычага ўплыву. Таму многія, хто з’ехаў, махнулі рукой і проста радзей прыязджаюць на Радзіму. Хаця мы і не супраціўляемся асабліва — абураемся толькі ў тых жа сацыяльных сетках альбо ў цягніку ў Беларусь.
Калі беларусы за мяжой займаюцца актывізмам — гэта як магчымасць супакоіць сумленне: ты не з’ехаў з канцамі, робіш штосьці карыснае. Але з іншага боку, няма ніякага граху ў тым, што чалавек змяняе месца жыхарства. Ён не страчвае сувязі са сваёй краінай і, можа, яшчэ зробіць для яе штосьці карыснае. Напрыклад, вернецца з капіталамі альбо новым вопытам.
Мікалай Н., 36 гадоў, Білефельд, Нямеччына
Нарадзіўся ў Мінску, з 2008 года жыве ў Нямеччыне, мае від на жыхарства і беларускае грамадзянства.
Я прыехаў у Білефельд працягваць адукацыю пасля беларускага ўніверсітэта, так тут і застаўся. З 2013 года працую ў моўнай школе, выкладаю нямецкую мову замежнікам.
Да таго як я паехаў сюды вучыцца, я пажыў год у Нямеччыне. Але адаптавацца было цяжка — сышло дзесьці тры гады. Мне было каля дваццаці шасці і ў Мінску засталося ўсё маё жыццё, да якога я прызвычаіўся: бацькі і сябры, кола знаёмых, культурны пласт, да якога я належаў. Самае складанае, што ў іншай краіне людзі твайго ўзросту ўжо нечага дасягнулі, “прараслі”, і яны цябе не чакаюць.
Гэта былі цяжкія гады, бо я жыў без сяброў, побач не было чалавека, да якога можна было прыйсці, нармальна паразмаўляць. Мова таксама адыгрывае ролю: можна размаўляць на замежнай мове, але гэта не толькі граматыка, гэта міміка, жэсты, жарты, гульня словаў. Трэба было ва ўсё ўрубіцца.
Але і я ставіў сабе не самыя простыя мэты — хацеў адаптавацца менавіта сярод мясцовых. Ехаў не да беларусаў Нямеччыны, але ў Нямеччыну, каб камунікаваць з немцамі. Таму я не хадзіў у рускія крамы (там усё калектыўнае з Украіны, Расіі, Беларусі называецца “рускім”), не кантактаваў з людзьмі з рускамоўных суполак. Наўмысна хадзіў на нямецкія імпрэзы, нават туды, дзе быў адзіным не з Нямеччыны і часам адчуваў сябе ідыётам, бо сапраўды не да канца ўсё разумеў.
Білефельд
Адзінае што камунікаваў з некалькімі свядомымі беларусамі, знайшоў іх па каментарах на ют’юбе. Мы сустракаліся, размаўлялі па-беларуску.
Але калі я трохі адаптаваўся, то перастаў так катэгарычна ставіцца да мовы зносінаў, цяпер карыстаюся рознымі, у тым ліку рускай.
Дома з жонкай мы размаўляем па-руску. Але я б хацеў, каб мае будучыя дзеці размаўлялі па-беларуску, каб ведалі свае карані.
Я прыязджаю да бацькоў у Мінск на “падзарадку”, бо гэта мой першапачатковы дом. Адчуваю сябе беларусам і іншым ужо не буду, але я вельмі добра пачуваюся ў Нямеччыне. Хаця пра карані я пачаў больш разважаць менавіта тут, бо пабачыў розныя народы, якія добра ведаюць сваю гісторыю: немцаў, палякаў, расійцаў. У мяне быў знаёмы з Азербайджана, які мяне аднойчы запытаў: “Немцы — пратэстанты, я — мусульманін, а хто ты?” Я, нехрышчоны, моцна тады задумаўся і пасля паехаў у Беларусь каб пахрысціцца. Пэўны час размаўляў з беларусамі толькі па-беларуску.
Як толькі я адчуў, што адаптаваўся і ў мяне тут з’явілася кола знаёмых, у адносінах з мінскімі сябрамі штосьці пачало псавацца, бо час і адлегласць робяць сваё — нашы кантакты абарваліся. Так, я падтрымліваю кантакт з двума сябрамі “са старога жыцця”, але яны цяпер у Расіі, мы размаўляем праз скайп альбо тэлефон.
У Нямеччыне я маю кола сяброў. Праўда, немец сярод іх толькі адзін, ён цікавіцца еўрапейскім усходам, ведае рускую, падтрымлівае палітычны курс Украіны. Мы з ім часам размаўляем на рускай, нямецкай альбо руска-нямецка-польскай трасянцы. А так большасць маіх сяброў — палякі, з імі мне лягчэй за ўсё.
Беларусы не так кідаюцца ў вочы, як іншае расійскамоўнае насельніцтва, іх вельмі цяжка ідэнтыфікаваць. Лічу, гэта такая тыповая рыса беларуса. Палякі, расійцы, украінцы — яны ўсе маюць якіясьці нацыянальныя ідэі, аб’ядноўваюцца ў суполкі. Пра свядомыя суполкі беларусаў у Нямеччыне я не чуў.
Але я і не ведаю, па чым, што засталося ў Беларусі, апроч сваіх сяброў і сваёй сям’і, сумуюць беларусы за мяжой. Кола маіх сяброў жыве з болем праз тое, што адбываецца на Радзіме, і гэты боль заўсёды з намі.
Вельмі хацелася б, каб не было візаў. Напрыклад, каб атрымаць нямецкае грамадзянства, мне трэба адмовіцца ад беларускага пашпарта. Тады давядзецца ездзіць да бацькоў па візе. Я гэтага не хачу.
У Нямеччыне, як і ў любой краіне, бывае добра, бывае дрэнна. Цяпер там трохі неспакойна праз рэакцыю грамадскасці на вялікую колькасць эмігрантаў — палітычны клімат не такі лагодны, як быў раней. Ну і вельмі шмат бюракратыі. У Беларусі нават некаторыя сэрвісы працуюць хутчэй, напрыклад, мабільныя. Але мне тут падабаецца, у цэлым тут лепш.