Як і чаму ў баварскіх Альпах ўшанавалі памяць слуцкіх паўстанцаў

У мінулую суботу баварскія беларусы прыехалі ў мястэчка Мітэнвальд, размешчанае ў Альпах, каб аддаць даніну памяці продкам. Помнік слуцкім паўстанцам тут праз 28 гадоў пасля Слуцкага паўстання ўсталявалі беларускія імігранты, адразу пасля Другой сусветнай, у памяць аб загінуўшых за незалежнасць Беларусі.


01-alp1.jpg


Нагадаем, некаторыя беларусы адзначаюць дату 27 лістапада як Дзень герояў. Менавіта ў гэты дзень у 1920 годзе ў раёне Слуцка пачаліся баі паміж беларускімі ўзброенымі фармаваннямі і савецкімі войскамі. Мэтай паўстання была абвешчана абарона незалежнасці Беларусі.


02-alp2.jpg


Маючы вялікую падтрымку мясцовага насельніцтва і дапамогу з боку прыхільнікаў беларускай незалежнасці, Слуцкая брыгада, вядомая як «Слуцкі збройны чын», правяла некалькі паспяховых атакаў паблізу Копыля, вёсак Цімкавічы і Вызна, выбіўшы адтуль савецкія войскі. Заклік Слуцкай рады пераходзіць на яе бок паслухала і частка салдатаў Чырвонай Арміі з ліку сялянаў, якія не падтрымлівалі палітыку камуністаў. Разгарнуўся актыўны антыбальшавіцкі супраціў.


03-alp3.jpg


Слуцкае паўстанне з’яўляецца эпізодам гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі і барацьбы беларусаў за сваю незалежнасць. За непадзельную Беларусь, абвяшчэнне рэспублікі і незалежнасць ад Польшчы і Расеі нашы продкі ішлі пад сцягам з Пагоняй і дэвізам «Тым, хто пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». На жаль, сілы былі няроўныя...

„Салідарнасць“