Як беларуска на Сіцыліі ператварае хібы бруку ў аб’екты мастацтва

Беларусу, які трапіць у горад Месіна на Сіцыліі, абавязкова варта пабываць на Віяле-Бачэта і звярнуць увагу на брук. Тратуар на гэтым праспекце шмат дзе ўпрыгожаны мазаікай, створанай мастачкай з Мінска, якая пераехала сюды жыць. Завуць яе Ірына Бяляева, а творчы псеўданім – Ірма.

Зробленых ёю з кавалачкаў каляровай керамікі карцінаў пад нагамі сёння тут ужо больш за трыццаць. Сюжэты самыя розныя: фрагмент партрэта Антанэла да Месіна «Марыя Анунцыята», прысвячэнне мясцоваму фальклорнаму герою Кола-Пешэ, дзесьці – проста арнамент, кветачкі, птушачка, коцік, дзяржаўныя сцягі, надпіс Boccetta...

Ірына распавядае, што ідэя прыйшла да яе выпадкова. Аднойчы яна ішла па вуліцы, спатыкнулася аб выбоіну ў плітцы і ўпала. Такіх пустотаў тут хапае, кажа яна, так што паваліцца зусім проста, асабліва калі адцягнуць увагу на тэлефон. Для сталага чалавека гэта вялікая рызыка атрымаць сур’ёзную траўму.


01-a284e286a550776e769cb7c6bb9bd563.jpg

«Марыя Анунцыята»; Кола-Пешэ. Фота: з архіву Ірыны Бяляевай


– Месіна – горад з багатай гісторыяй, буйны порт і вароты Сіцыліі. Тут шмат турыстаў. А Бачета – адна з найгалоўных вуліц, важная артэрыя. І вось прыплываюць сюды турысты на гэтых велізарных «тытаніках», ходзяць і падаюць. Мясцовыя жыхары таксама пакутуюць. Мая сяброўка нядаўна такім чынам нагу зламала. Гэта кепска! – перажывае яна.

Беларуска захацела выправіць такі недахоп. Пачала думаць, як гэта можна зрабіць. Паназірала: хтосьці залівае дзіркі цэментам, хтосьці засыпае пяском. А ў яе якраз да гэтага часу з’явілася новае захапленне – мазаіка. Вось і вырашыла паспрабаваць злучыць карыснае з прыўкрасным.

Спачатку заліла на вуліцы адну невялікую мазаіку, а тады іншую. А потым італьянскія сябры падказалі: нягледзячы на тое, што справа добрая і займаецца ім Ірма за свае грошы, самавольна рабіць такое нельга, бо могуць аштрафаваць на 800 еўра. Таму трэба ісці ў мясцовы выканкам і атрымаць дазвол – «permesso».


02-12ea81775f408de27024f0de755110bd.jpg

Мастачка за працай на Віяле-Бачэта. Фота: з архіву Ірыны Бяляевай


Са словаў нашай суайчынніцы, дазвол гэта яна атрымала, хаця і не без цяжкасцяў. Спачатку, у 2018 годзе, ёй далі яго на два месяцы, а пазней, у 2019 годзе, яшчэ на шэсць.

– Акрамя вышчэрбінаў, хацела яшчэ акультурыць пянькі. Тут іх на вуліцах шмат. Апошнім часам дрэвы ў Еўропе, асабліва пальмы, псуе нейкая хвароба, і іх зразаюць. Але мне сказалі, што для гэтага патрэбная экспертыза біёлагаў, што не ўсё так проста. Таму спыніліся толькі на пустках ў плітцы, – тлумачыць Ірына.

Ірына пачала з асабліва людных месцаў. На Віяле-Бачэта ёсць царква святога Францыска Асізскага, а побач з ёй – важны прыпынак. Тут я і пачала запаўняць шчарбіны. З цягам часу мазаік на праспекце стала з’яўляцца ўсё больш.

І вось – у 2019 годзе, як кажа сама мастачка, «пайшоў на мяне бум». Пра беларуску пісалі газеты, а па тэлебачанні і на радыё транслявалі пра яе сюжэты. На цэнтральным канале нават выказалі ідэю аб прыездзе ў Рым, каб і там заняцца такой самай справай.


03-4d81b6fde0f4b6842de4311575ca9799.jpg

Артыкул пра беларуску ў газеце Cronaca di Messina. Фота: з архіву Ірыны Бяляевай


Пачало прыходзіць столькі запытаў на інтэрв'ю, што Ірма спалохалася, ці будзе мець час, каб займацца ўласна мазаікай. Таму напісала сваю кароткую гісторыю і выклала ў Facebook, каб журналісты маглі кампанаваць артыкулы без яе ўдзелу. Многія мас-медыя гэтым скарысталіся, але і да гэтага часу «тэлефон усё дрын-дрын-дрын».

– Сталі шмат пісаць і ў сацсетках. «Грукаюцца» ў сябры, дзякуюць за працу, хочуць дапамагаць. Напрыклад, прапанавалі адкрыць гурток мазаікі пры царкве. Днямі італьянка з Генуі прасіла распавесці пра тэхніку, каб зрабіць тое самае ў сваім горадзе, – кажа яна.

Адным словам, сёння ў Месіне беларуска знакамітасць, якую пазнаюць на вуліцах. І яе праект з мазаікай на ходніках пад назвай Tapetti di Irma – «Кілімчыкі ад Ірмы» – італьянцы называюць маленькай рэвалюцыяй. Да нашай суайчынніцы такога тут ніхто не рабіў.


04-4a67a2639c7fcf105f680a16c143499b.jpg

Беларуска каля адной з сваіх працаў. Фота: з архіву Ірыны Бяляевай


Ірына нарадзілася ў Мінску ў сям’і вайскоўца, і ад бацькі пераняла, як сама кажа, «гены дысцыпліны». Прызнаецца што з дзяцінства не мела ні жадання, ні асаблівага таленту, каб маляваць. Хацела стаць балярынай, нават паспрабавала танчыць на пуантах – аказалася, гэта вельмі балюча.

Але маці «пад бізуном» адправіла яе ў Дом піянераў засвойваць менавіта маляванне. Пасля была вучоба ў мастацкай вучэльні імя Самокіша ў Сімферопалі.

Нейкі час пасля выпуску мастачка малявала, але калі выйшла замуж і нарадзіла дзіця, перастала. Калі зноў аднавіла творчасць, то ў канцы 1990-х нават выстаўлялася ў мінскай галерэі і някепска зарабляла. А затым спалохалася, страціла веру ў свае здольнасці і малявала толькі пры нагодзе – для сябе і блізкіх.

У 2005 годзе наша суайчынніца пабралася шлюбам з італьянцам, які прыехаў у Мінск. Ён паабяцаў, што калі пераедуць да яго на Сіцылію, там яна зноў пачне маляваць.


05-45c18e6e45da77c95ece7070a6a72fc5.jpg

Матэрыял, з якога ствараецца мазаіка. Фота: з архіву Ірыны Бяляевай


– І сапраўды: калі я апынулася тут, то была ў захапленні. Уразілася і закахалася ў найбагацейшую прыроду выспы. Сапраўдны вулкан жарсцяў, вар’яцтва, адрэналін.

На Сіцыліі, са словаў мастачкі, яна адрадзілася і зноў пачала маляваць акварэлі, удзельнічаць у выставах. Дачка Ліяна ўжо вырасла, а муж забяспечваў усім патрэбным, таму часу на творчасць ставала.

Трохі пазней беларуска захапілася ляпнінай – па-італьянску stucchi. Аднойчы вырашыла заладзіць дзірачкі ў сцяне. Узяла шпатэль, пачала працу, і з-пад рукі выпадкова выйшаў лісточак. Потым яна ўжо наўмысна зрабіла яшчэ адзін лісточак, ружачку, і пайшло-паехала.

Следам за ляпнінай заасвоіла мазаіку. Першую рызыкнула стварыць яшчэ ў 2008 годзе на тэрасе дома, дзе жыве з мужам. Там былі голыя старыя сцены, якія мастачка ператварыла ў маляўнічае палатно з усходнім каларытам: калоны, купалы, кветкі бугенвілеі...

– Матэрыял для мазаікі я шукала ў розных месцах. На Сіцыліі шмат крамаў, якія прадаюць кераміку. Стала прыносіць дадому выкінутыя разбітыя вазачкпі. Ездзілі на Этну – чорныя кавалкі лавы адтуль таксама пайшлі ў працу. Яшчэ пачала збіраць старую плітку па знаёмых. Агулам, было няпроста, – успамінае мастачка.

Ведаў, як усё трэба правільна рабіць, у яе не было, працавала інтуітыўна, вучылася на ўласных памылках. Ірына кажа, што «саўковасць» у нашых краінах усё па звычцы лаюць. Ёй жа яна хутчэй дапамагае. У тым сэнсе, што да многіх рэчаў Ірына дадумваецца сама і ўмее абыходзіцца падручнымі сродкамі.

З тых часоў у мазаіцы беларуска ўжо налаўчылася. Замовіла ў Германіі адмысловыя інструменты, і цяпер можа абломваць кавалачкі не малатком, а кусачкамі, надаваць ім пры патрэбе скругленую форму, шліфаваць...

Выпрацавала і свае хітрыкі: цяпер ужо не выкладвае малюнак на самой шчарбіне, а рыхтуе яго папярэдне дома, лепіць на сеткаваты кілімчык – tapetto. Потым яго можна проста на тратуары заліваць растворам.


06-073fda74c830a1d4abd3438ff34c19f8.jpg

Інструменты і адзін з кілімчыкаў. Фота: з архіву Ірыны Бяляевай


Звычайна бліжэй да вечару беларуска апранаецца ў рабочую вопратку, грузіць на цялежку матэрыял з інструментамі і выпраўляецца да месца з адсутнай пліткай.

– Чышчу ямку ад зямлі, заліваю раствор, выкладваю мазаіку, колькі гадзінаў чакаю, каб трохі прыкарэла. Потым стаўлю папераджальныя знакі, сыходжу дадому і малюся, каб ніхто не ступіў і каб не пайшоў дождж, – пералічвае яна.


07-512c52c3008c8ea1f93a1309d68439fb.jpg

Фота: з архіву Ірыны Бяляевай


На другі дзень трэба зноў пакласці на карціну раствор, і пасля высыхання – а гэта можа быць ужо і на трэція суткі – счысціць лішні цэмент. Гатова! У выніку, калі лічыць з папярэдняй падрыхтоўкай кілімчыка, на адну мазаіку можа сысці да пяці дзён.

Усё гэта Ірма робіць адна, добраахвотна і бясплатна. Муж кажа – «дзівачка-беларуска». І усміхаецца.


08-63b1b3b4df86c0dd9aa70b25621087d5.jpg

Фота: з архіву Ірыны Бяляевай


Яна ж тлумачыць, што не можа проста так сядзець дома і глядзець тэлевізар, бо мае велізарнае жаданне ствараць вакол сябе прыгажосць і парадак. Спрацоўвае той самы «ген дысцыпліны». І дадае, што шукала паплечнікаў, аднак групу арганізаваць не атрымалася. Неяк прыходзілі двое дзяўчат, але сышлі: усё-ткі ствараць мазаіку – гэта сапраўды цяжкая праца.

У Беларусі мастачка бывае штогод. У Мінску жывуць яе мама і ўжо дарослая дачка. Ды і ў самой Італіі пра родную краіну яна ніколі не забываецца. Часта, у тым ліку на інтэрв'ю, ходзіць у кепцы з надпісам «Беларусь» і ў «вышыванцы». У такім самым стылі яна часта з’яўляецца і на здымках ў Facebook.


09-511bb9dd97a622cb865b8070e014f28e.jpg

Фота: з архіву Ірыны Бяляевай


– Раблю гэта свядома, каб даведваліся пра нашу краіну. Часта даводзіцца тлумачыць італьянцам, дзе яна знаходзіцца. Многія думаюць, што недзе ў Сібіры. І таксама даводжу, што правільна казаць «Беларусь», а не «Беларусія». Дарэчы, калі заўважылі, і ў нас, і ў Італіі на сцягах тры аднолькавых колеры - чырвоны, зялёны і белы. Я – за дружбу народаў, – кажа Ірына.

Адно з выданняў Месіны днямі ўключыла беларуску за яе працу на карысць горада ў лік шасьці герояў 2019 года. Але гэтая слава наўрад ці скончыцца «зоркавай хваробай», кажа яна. Бо наперадзе яшчэ шмат планаў і трэба многае паспець у гэтым жыцці.

Planet Belarus