У траўні выйшаў першы нумар беларускага альманаху пра выцінанку і папяровую выразку – „Выцінанка. Palunisa. Almanac“!
Гэта некамерцыйная ініцыятыва. „Выцінанка. Palunisa. Almanac“ дзеля даступнасці, папулярнасці і сапраўднай народнасці задумаўся бясплатным і платным ніколі не будзе. Каб падпісацца, трэба проста зарэгістравацца ў гугл-форме.
Аўтарка ідэі стварэння альманаху – Вольга Palunisa, народны майстар, рэспубліканскі стыпендыят у галіне культуры і мастацтва, загадчыца секцыі выцінанкі Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, сябра міжнароднага таварыства „Бумажные традиции“ (Рассея) і Guild of American Papercutters (ЗША). Задачу новага выдання яна бачыць у пашырэнні культуры папяровага выразання ў Беларусі, выхаванні густу, падтрымцы сувязяў паміж майстрамі, мастакамі, спажыўцамі гэтага віду мастацтва. Вольга Palunisa спадзяецца, што з дапамогай альманаху веды пра выцінанку дойдуць да кіраўнікоў і працаўнікоў школьных і пазашкольных установаў, дзіцячых садкоў, мастацкіх студый, проста да асобаў цікаўных да гэтага віду мастацтва.
„Аднойчы я зразумела, што выцінанка ёсць тое, чым я дакладна буду займацца ўсё жыццё! – дзеліцца ўспамінамі спадарыня Вольга. – Гэта здарылася ў 2004-м, калі я атрымала магчымасць праз інтэрнэт даведвацца пра ўсё, што робіцца ў свеце папяровага выразання. Тады ж я ўсвядоміла ўнікальнасць беларускай выцінанкі!“
Выданне разлічана на публікацыі мастацтвазнаўцаў, этнографаў, прафесіяналаў выцінанкі, але яго аўтарам можа стаць кожны, хто дашле свой матэрыял і апавядзе пра свой досвед стасункаў з выцінанкай, падзеліцца ўспамінамі і вынаходніцтвамі. Альманах мае на мэце аператыўна дапаўняць і выпраўляць тыя матэрыялы пра беларускую выцінанку, якія ўтрымліваюць ранейшыя выданні на гэтую тэму. Асобнай ўвага адведзеная пытанням абароны аўтарскіх правоў у гэтай галіне мастацтва.
„Альманах – гэта мой досвед, мае веды, мае стасункі, мае падарожжы, мае сустрэчы і мае ўражанні, якімі я хачу падзяліцца, – кажа Вольга Palunisa. – І да іх далучаецца шырокае кола самых розных творчых і навуковы асоб, мастакоў, этнографаў, музейных працаўнікоў, мастацтвазнаўцаў, калекцыянераў самых розных узроўняў. Гэтае кола ўтварылася больш чым за 30 год майго захаплення выцінанкай“. Калі ласка, чытайце і запрашайце да падпіскі: https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSeLemfHJ3hvOU0zMS7ruIMBq4ogMDGMENr38osU1l-i5p1SFA/viewform?...
Паводле прэс-рэлізу