У 1954 г. у Мюнхене выдавецтвам “Бацькаўшчына” была выдадзеная сапраўды ўнікальная кніга — прынамсі, для нашае літаратуры: “Нядоля Заблоцкіх” Лукаша Калюгі. Унікальнасць палягала не ў вяртанні амаль страчанага твора і закатаванага імя аўтара: за год да таго сышлі з варштата “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя, падобныя трагічным чалавечым і кніжным лёсам. Унікальным выданне рабіла прадмова і паслямова (“Дасказаньне зьместу нявыдрукаваных частак “Нядолі Заблоцкіх” на аснове ўспамінаў пераказу гэтага зьместу самым аўтарам у лісьце да сябры на выгнаньні”) “хроснага бацькі” Лукаша Калюгі па “Узвышшы” Антона Адамовіча. Шчаслівы збег абставінаў — сяброўства пісьменніка з крытыкам і выключная памяць апошняга — захавалі для нас дэталі літаратарскага даваеннага жыцця і, што асабліва істотна, аўтарскую задуму працягу аповесці.
Антон Адамовіч добра арыентаваўся ў свеце Заблоцкіх: “Пасьля выпадку з аповесьцей [“Ні госьць, ні гаспадар”] Калюга бярэцца за больш нэўтральны матар’ял — “каб навет і без камсамольцаў”, як сам ён казаў: ён хоча адтварыць жыцьцё й быт самога сяла, тых ягоных “гаспадароў”-ралейнікаў самых па сабе, як яны ёсьць, ды задумвае й пачынае цыкль апавяданьняў пад агульным назовам “Баркаўцы й баркаўчане” (“Баркаўцы” — даволі празрысты псэўдонім роднага Калюгавага сяла Скварцы). З гэтага цыклю на балонах таго-ж “Узвышша” ў 1929 годзе друкуюцца апавяданьні, зьвязаныя адзінствам месца і асяродзьдзя дзеяньня — гэных “Баркаўцоў” і іхных жыхароў “баркаўчанаў”: “Трахім — штучны чалавек” (“Узвышша”, 1929, №2), “Ільлюк — дасьледчык” (тамсама, №3), “Як Міхалюку Баркаўцы даліся ў знакі” (тамсама, №5), “Тахвілін швагер” (тамсама, №8)”.
Міжволі згадваецца структура “Сагі аб Фарсайтах”, што таксама была пачалася з апавядання, а потым дапісваліся раманы, навелы, і ў выніку атрымаўся манументальны цыкль разнажанравых твораў, прысвечаных жыццю аднае сям’і. “Сагу пра Заблоцкіх” мы можам толькі спрабаваць сабе ўявіць з дапамогаю пералічаных апавяданняў, самой аповесці і пераказу.
І яшчэ аднаго апавядання!
Калюгава апавяданне “Шкодны вісельнік” было надрукаванае ў тым самым 1929 г., што і астатнія, але не ва “Узвышшы”, а ў іншым выданні: у літаратурна-мастацкім часопісе “Крыніца”, у 4-м, лістападаўскім нумары, сярод рэдактараў якога, дарэчы, быў і сам аўтар. Як мог Антон Адамовіч з сваёй вядомай усім фантастычнай памяццю забыцца на гэты твор — пры тым, што асобнік часопіса быў выяўлены менавіта ў ягоным асабістым архіве, — загадка.
Праўда, гэтае апавяданне суправаджае нейкі нешчаслівы лёс.
Нягледзячы на тое, што яно — насуперак арышту і высылцы ўладальніка асобніка, вайне, эміграцыі — захавалася, ні першая рэпублікацыя (часопіс “Спадчына”, 2001, №4), ні другая, факсімільная (“Запісы БІНіМ”, 2004, №27) не прыцягнулі ўвагу ні літаратуразнаўцаў, ні ўкладальнікаў апошняга па часе выдання твораў Лукаша Калюгі (Мінск, 2011).
Галоўны — зрэшты, адзіны — герой, Савоста Заблоцкі, Юстынаў сын, “наважыў болей на гэтым сьвеце ня жыць.
— Раз прападаць, — сказаў ён.
Ды давай шукаць, чым-бы спрытней сябе са сьвету збаёдаць. І так і гэтак мяркаваў, але ўсяго адна вяроўка магла яму ратунак даць [..]
Эх. Як успомніш, дык аж мяне самога зайздрасьць бярэ. Добра вешацца, каб вы ведалі. Дурань той, хто ні разу гэтага не прабаваў. Усё адно: раз прападаць, — як той Савоста казаў. Калі ўжо чалавека на сьмерць павяло, калі мае на сябе злосьць, дык хоць якую знойдзе сабе кару. Сама лепей — павесіцца, лепш як тапіцца: п’явак няма чаго баяцца й рак табою не пажывіцца, ня гнісьці, а сохнуць будзеш, гразь цябе не занясе, багавіньне ў валасы не наб’ецца, а чысьценькі, крыху доўжанькі будзеш сабе на ветры гутатацца”.
Змест — як той Савоста лез на дрэва, што бачыў, што думаў, як з буслам перастрэўся. І як перадумаў. Як хацеў быў спусціцца, але паляцеў, праламаў страху ў лазні: “Паляжаў крыху, адбітыя месцы памацаў, плюнуў дый кажа сам сабе:
— От табе й павесься ня ўмеючы, ніколі ня вешаўшыся. Хай яно згарыць з такою работаю. Дурань той, хто вешаецца — я гэта на сабе дазнаў.
І па той жа раз — годзе Савоста вешацца. Выкінуў ён дур з сваёй галавы. Калі бывае гора яму ці бяда ўспадзе, дык памяркоўнымі думкамі сябе разважыць.
— Ат. Неяк жыць будзем. — скажа, як і даўней казаў. Засмуціцца бывае Савоста ды зараз-жа і вясёлы стане”.
Твор зроблены цалкам у Калюгавай манеры, але пра што ён? Ці гэта той выпадак Ядвігіна Ш., акрэслены Максімам Гарэцкім: “Самае важнае ў аўтора [..] аднак ня столькі тое, каб абсьмяяць заганы жыцьця, сколькі тое, каб пасьмяшыць чытаньніка”?
Апавяданне, нягледзячы на трагізм тэмы, напісана з добрым гумарам што да Савосты, хіба троху пакепліва; сур’ёзна тут гучыць адзін-адзінюткі абзац, дый тое ў спасылцы:
“Не падумайце толькі, што Савоста так, бяз дай прычыны напрападлую пусьціўся, што ён здуру вешацца надумаў. О, не. Бяда Савосту да гэтага давяла. Выбіраўся ён у бежанцы з баркаўцоў зьехаць ды агледзіўся, што грошы адсыралі за абразікам лежачы. От ён іх узяў ды на скаварадзе ў печ на пот паставіў. Ня выняў іх з печы ў пару, дык яны й зжалялі там стоячы — нельга ў рукі было ўзяць. Таму й прышла Савосту благая думка ў галаву, што: — Раз прападаць”.
Як бачым, прычына ў Савосты была зусім не жартоўная.
І мо ўсё ж у падсвядомасці Антона Адамовіча апавяданне прыхавалася, і менавіта яно выклікала наступныя развагі ў тэксце пра “Нядолю Заблоцкіх”: “Розныя шляхі разьвязаньня праблемы долі-нядолі назірала, адлюстроўвала й паказвала нашая літаратура. У ведамым і адным з наймацнейшых сваіх вершаў — “Перад вісельняй”, што ў часе напісаньня (у 1908 г.) у вабставінах царскае Расеі мог пашырацца адно нелегальна (у друк упяршыню трапіў за мяжою, у Львове, а на бацькаўшчыне — адно пасьля рэвалюцыі), Янка Купала паказаў адзін із такіх шляхоў — скрайны і адчайны шлях:
Як мне ўсе ходы зачынілі.
Ўсе ходы к зноснаму жыцьцю,
Я на пралом пайшоў у бясьсільлі
За праўду пастаяць сваю”.
Нагадаю яшчэ два слупкі з гэтага ж верша:
…Дзе-ж кат? Гэй, шэльма, вешай лоўка!
Ня меў я волі, ні вугла…
Намыль з канца ў канец вяроўку,
Каб лепей шыю абняла!
Ў паветры ногі затрасуцца,
Байца ня стане аднаго,
Дый хоць званы й не адгукнуцца,
Не пахаваеце ўсяго!
Антон Адамовіч далей спрабуе акрэсліць, якія ж наогул былі шляхі “разьвязаньня праблемы долі-нядолі”.
Першы — “шлях пралому ў бясьсільлі”.
Другі — “шлях заламаньня”.
Трэці, прамежны, — “шлях чаканьня й спадзяваньня долі”, “шлях лятуценьняў”.
Савоста Заблоцкі апынуўся на раздарожжы ў выбары шляху. Ужо не заламання, ужо не пралому ў бяссіллі, але яшчэ не бачыць чацвёртага шляху — актыўнага, дзейнага: не чакання пераменаў, а “здарэння іх”.
А з 1932 года іншы ўзвышэнец, Адам Бабарэка, піша пра нядолю — Савосты і астатніх Заблоцкіх? Калюгі і ягоных сяброў? — наступнае: “Нядоля яе [сям’і] ў тым, што яна сваімі рукамі сама сабе павінна труну рабіць, сама сябе ўмагіліць (такая канечнасьць вызначана для яе пануючымі яе часу, вызначана ўсім тагачасным ладам грамадзкім, у той час, як воля яе ў процілеглым, як дух яе ў творчасьці цікавага сьвету, у творчасьці сябе як сьвету вольнага часу, у творчасьці сябе чалавекам вольнае часіны, як сьвету ўцехі людзкое)”.
Дык усё ж, як сказаў Савоста, “неяк жыць будзем”!
Лявон Юрэвіч, “Будзьма беларусамі!”
Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.