Журналіст Руслан Кулевіч запісаў у Беластоку гісторыю 89-гадовай Станіславы Румоўскай, якая з’ехала з Гродна ў 1946 годзе ў Польшчу як рэпатрыянтка. Жанчына расказала пра жыццё ў Гродне ў 1930−40-х гг, гібель людзей падчас вызвалення, прычыны пераезду і ўспомніла, як вярнулася ў родны горад праз 72 гады.
Станіслава Пятроўна Румоўска (Варакса) нарадзілася ў 1932 годзе ў Гродне на вуліцы Дзям’янаўскай (суч. Камсамольская). У 1946 годзе з’ехала з Гродна ў Шчэцін.
Жылі бедна, былі вошы
Па ўспамінах Станіславы ў даваенным Гродне ім жылося бедна. Карміла сям’ю маці, бацька быў хворы і ляжаў дома. Падчас нямецай акупацыі ён памёр.
«У дзяцінстве я часта была галодная. У мяне былі вошы, не ведаю, можа гэта з-за бруду ці беднасці. У такіх умовах мы жылі. Карміцелем сям’і была мама. Яна зарабляла на Сенным рынку — прадавала ягады, грыбы, ну і ўсё, што можна было на рынку прадаць. Я з мамай усюды была. Хадзіла часта з ёй на працу. Там было шмат людзей: яўрэі, палякі і беларусы. Яўрэі былі пры грошах і ў мамы заўсёды куплялі тавар».
Жыла сям’я Вараксаў на вуліцы Дзям’янаўскай у доме пані Скавінскай — старой жанчыны. Але каму менавіта маці плаціла за жыллё, Станіслава не памятае. Побач з імі жылі палякі — сям’я Галяковых.
«Бацька на маёй памяці не працаваў. Ён хварэў і памёр у 1943 годзе. Ён увесь час дома быў, а калі выходзіў на вуліцу, то дзеці з яго смяяліся — казалі ненармальны чалавек. Гэта з-за ягонай хваробы.
Каб паліць у печы дома, мама збірала за Нёманам хруст [сухое галлё — Hrodna.life]. Хадзіла недзе ў напрамку Пышкоў. Збірала ў снапы і паліла. Так мы і жылі».
Рускія дапамаглі пазбавіцца ад вошай
Калі савецкія войскі ўвайшлі ў Гродна ў 1939 годзе, Станіславе было 7 гадоў. Гэты адрэзак свайго жыцця яна практычна не памятае. Адзіныя ўспаміны звязаныя з вошамі.
«Пасля прыходу рускіх у Гродна, нехта з лейтэнантаў падсяліўся да нас дадому. У мяне тады былі вошы і ён параіў маме купіць парашок ДДТ. Што за ён, я не ведаю, але яго так называлі [ДДТ або дзіхлордзіфенілтрыхлорэтан ці інакш "дуст" — дзейсны інсектыцыт, сёння забаронены ў многіх краінах свету — Hrodna.life]. Мама знайшла гэты парашок, мы сталі карыстацца і больш не было вошай. Яшчэ з прыходам саветаў у Гродна сталі вывозіць людзей. Казалі, што багатых адпраўлялі на Сібір, але каб кагосьці з нашай вуліцы вывезлі, дык я такога не памятаю. Мама аднойчы расказвала, што і нас павінны былі вывезці. Не паспелі, бо немцы ўвайшлі ў Гродна. Але чаму нас, я таксама не ведаю».
Праца ў старостве і пакаранне яўрэя
У першыя дні вайны ў чэрвені 1941 года, калі нямецкая авіяцыя напала на Гродна, горад сур’ёзна пацярпеў, успамінае Станіслава. Было шмат разбураных будынкаў. «Недалёка ад нашага дома бомба ўпала на шпіталь. Людзі выскоквалі з палаючага будынка».
У перыяд нямецкай акупацыі сям’і Вараксаў дапамагалі сваякі. Таксама маці Станіславы падзарабляла ў старостве, паліла там печы. Юная гродзенка часта хадзіла да мамы і дапамагала ёй.
«Не хацела дома з бацькам заставацца, таму і хадзіла. Аднойчы на мамінай падпрацоўцы я выкінула з акна попел, а там немец стаяў. Попел упаў яму на галаву. Была такая авантура. Немец прыляцеў і пачаў лаяцца. Маму абараніў начальнік: ён сказаў, што яна не спецыяльна, гэта ўсё дзіця. Калі б не ён, я не ведаю, што было б з намі».
Пры немцах Станіслава часта бегала ў цэнтр Гродна: бачыла гета і яўрэяў, якіх каралі смерцю, а потым вывозілі ў лагеры смерці.
«Помню, адна немка мяне спіхнула з тратуара на дарогу, яна ішла з дзецьмі. Спіхнула мяне проста і пайшла далей. Гэта было недалёка ад маёй вуліцы. Бачыла, як немец загадаў павесіць вяроўку яўрэю на галаве. Вяроўка на варотах вісела, а жыд на скрыні стаяў. Далей вяроўку на галаву і штурхнулі тую скрыню, жыд павіс. Гэта бачыла на ўласныя вочы. Бегала там і бачыла. Я не разумела ўсяго гэтага, можа мама казала, але я не памятаю. Вельмі шмат яўрэяў было ў гета ў Гродне. Цэлая вуліца з калючым дротам была, каб людзі не выйшлі».
Людзі ў сховішчы
У час вызвалення Гродна ў ліпені 1944 года Станіслава з мамай хаваліся ў сховішчы. Яго выкапалі каля дома суседзі. Людзі з горада хаваліся ў суседнім бункеры.
«У гары было сховішча, мы туды пайшлі. А людзі з усяго горада прыйшлі хавацца ў бункер, які немцы будавалі для ўласнай абароны, але калі савецкае войска ўвайшло ў горад, немцы былі вымушаныя бегчы. Яны перайшлі на другі бок Нёмана, узрывалі за сабой чыгункі і масты для машын і пешаходаў. Бункер, пакінуты немцамі, быў ўзяты падчас бамбардзіроўкі, мірнымі жыхарамі — вялікай групай гродзенцаў. У савецкай арміі, відаць, быў план для гэтага бункера, таму што бомбы трапілі ў два існуючыя ўваходы. Саветы, напэўна, падумалі, што немцы ў сховішчы. Трагедыя людзей там неапісальная, яны задыхнуліся і загінулі. Маса людзей, яны беглі з цэлага Гродна схавацца ў гэтым сховішчы».
Як успамінае Станіслава, калі фронт прайшоў, то мясцовыя жыхары адкопвалі загінуўшых людзей. Гродзенка кажа, хто як сядзеў, так і загінуў.
«Быў жудасны смурод. Гэта ўсё было на нашай вуліцы, не апісаць словамі. Загінулі нашыя людзі. Даставалі іх, збівалі скрыні і хавалі».
Рускі салдат і тушонка
Вызваленне Гродна ад немцаў Станіслава яшчэ запомніла сустрэчай з рускім салдатам, які накарміў яе.
«Фронт прайшоў і такі брудны рускі салдат выйшаў з-за гары на нашай вуліцы і мне кажа: "Хочаш есці?". А я галодная, пастаянна была галодная. Сказала: "Так". Ён дастаў з заплечніка тушонку, такую рускую тушонку, кавалак хлеба і намазаў мне гэтую тушонку. Як гэта было смачна. Я так наелася, як ніколі ў жыцці. Рускія людзі добрыя, я ўспамінаю пра іх добра».
Любы нямецкі дом для гродзенцаў Пасля вайны ўсім польскім сем’ям савецкі ўрад дазваляў выязджаць з Гродна. Сям’я Станіславы таксама вырашыла рэпатрыявацца. Выязджалі яны з роднага горада ў 1946 годзе. З’ехалі ў Шчэцін.
«Мой старэйшы брат Эдэк быў вайскоўцам і ён пасля вайны апынуўся ў Шчэціне. Як ваенны пасяленец ён мог прывезці сям’ю. Ён нас запрасіў. Мы не павінны былі з’язджаць з роднага Гродна, але так трэба было. Калі там была Польшча, мы б не з’ехалі. Прыйшлося ехаць на захад. Ехалі мы з Гродна таварным цягніком. Два тыдні. Сяліліся мы ў нямецкія дамы. Такія чыстыя і прыгожыя. Усё было там. Трэба было проста зайсці і жыць. Пасля Гродна для нас гэта быў сапраўдны люкс».
Станіслава ўспамінае, што можна было займаць любы вольны нямецкі дом, але сям’я абрала самы дрэнны. Кажа, што ў немцаў гэта была часовая пабудова. «Мама баялася, што немцы-гаспадары вернуцца і забяруць у нас жыллё. Хоць яны і не маглі вярнуцца ў свае былыя дамы, але мама ўсё роўна баялася. Дом, дзе мы пасяліліся, усё роўна быў лепшы, чым у Гродне».
Жэнька з Гродна
У Шчэціне Станіслава ўпершыню пайшла ў школу — адразу ў чацвёрты клас. Ёй тады было 14 гадоў, яна хутка дагнала аднакласнікаў.
«Мне падабалася вучыцца, але я сумавала па Гродне. Сумавала па сяброўцы Жэньцы. Я і сёння думаю, чаму не зрабіла так, каб мець з ёй кантакт. Абарваліся сувязі. Сёння мяне гэта мучыць. Думаю сабе, дзе яна жыве і ці жыве яна ўвогуле. Прозвішча не памятаю. Толькі памятаю, што яе звалі Жэнька. Мая сяброўка, з ёй усюды бегала па горадзе. Жылі блізка ў тым самым доме. Цяпер я думаю, можа праз інтэрнэт мы знойдземся. Нават проста напісаць факты — з Гродна, вуліца, з кім мела зносіны і маё прозвішча Станіслава Варакса. Можа яна мяне пачуе і можа са мной звяжацца. Я чакаю, каб з ёю сустрэцца».
Вярнулася ў Гродна Станіслава толькі ў 2018 годзе, праз 72 гады пасля пераезду. У родным горадзе ёй прыйшлося ўспомніць як прыемнае, так і не вельмі.
«Мне вельмі хацелася ўбачыць Гродна, раку Нёман і месцы майго дзяцінства. Гэтае жаданне ўдалося выканаць. Я вярнулася ў родны горад улетку 2018 года. Калі я перасекла мяжу, калі ўбачыла Нёман, у вачах былі слёзы, і я быццам перамясцілася ў часе. У Гродне на вуліцы ўсё яшчэ нешта нагадвала пра маё дзяцінства. Убачыла тую гару, з якой мы з братам з’язджалі на санках. Прама з гары цераз вуліцу Дзям’янаўскую, ажно на пясчаны пляж на Нёмане заязджалі на санках. Памятаю, я спераду сядзела на санках і ў ваду. Брат мяне выцягваў і занёс дадому. Соплі як лёд былі. Быў час. Вельмі хацела б зноў жыць у родным Гродне».
budzma.org паводле hrodna.life