Віктар Марціновіч: Герой года – беларуская мова

Выкажу сваё асабістае меркаванне. Называць кіраўніка Нацыянальнага банка Паўла Калаўра “чалавекам 2017 года” за тое, што ён вярнуў давер да беларускага рубля, — тое самае, што ўзнагароджваць галоўнага рэдактара “СБ. Беларусь сягоння” Паўла Якубовіча за захаванне Курапат. Унёсак у абодвух выпадках праглядаецца, але ні першы, ні другі — не галоўныя. У першым выпадку Кабякоў, Мацюшэўскі, Снапкоў ці нават Лукашэнка выглядалі б больш натуральна. Самай сумленнай была б узнагарода ўсіх, хто рашэнне рыхтаваў, прымаў і нёс адказнасць.

Але герой — гэта не толькі перамога, але і самота. Герояў не можа быць многа на гранітным пастаменце пераможцы.

І калі вылучаць толькі аднаго трыумфатара, перавага якога была б неаспрэчнай, трывалай і не пакідала б пачуцця горычы, я б рызыкнуў назваць такім суб’ектам беларускую мову. Якая наблізілася ўшчыльную да мяжы, за якой стаіць поўны легалайз.

Прыкметаў гэтага да халеры, і нядаўняя прапанова Ігара Марзалюка выкладаць па-беларуску гуманітарныя дысцыпліны — толькі адна з іх. Не так даўно я натрапіў на смешную перадачу на дзяржаўным тэлеканале, дзе вядучыя, з цяжкасцю змагаючыся з беларускімі націскамі, прапанавалі гледачам патлумачыць сэнс беларускіх прыказак, такіх як “не ўсё кату масленіца” і “без труда не выцягнеш і рыбку з пруда”.

Калі ў мінулым годзе мы радаваліся, пабачыўшы рэдкую беларускамоўную рэкламу Samsung ці сіцілайт “Маё першае слова — “каханне”, то цяпер родная гаворка сталася камунікатыўным мэйнстрымам, кшталту чорна-белай моды ў партрэтным фота сярэдзіны нулявых. Зазірніце, калі ласка, на сайт БРСМ, і паглядзіце там стужку навінаў. Я не рабіў кантэнт-аналізу, але рускую мову тут хутка давядзецца вышукваць. Мова вяртаецца ў парламент.

Вяртанне мовы — рэч нашмат больш фундаментальная, чым мінулагодняя легалізацыя вышыванкі. Вышыванка — толькі фрагмент глыбы, якая завецца Беларуссю. Сімвалізуючы ў першую чаргу [вельмі важную для нас] сялянскую культуру, яна не з’ядноўвае так, як гэта робіць мова. Мова — і для сялян, і для магнатаў, якія некалі сялян прыгняталі, і для горада, і для вёскі. Да таго ж вышыванку можна вярнуць, а потым забраць, і ніхто асабліва змены сімволікі дзяржаўных святаў не заўважыць. А вось аднойчы даўшы мову, з ратоў і галоваў яе хутка не выскубеш. Мова адраджаецца павольней, але і затрымліваецца ўчэпіста, бы дзядоўнікавы бадзякі.

Зразумела, што беларусізацыя Беларусі — вынік працы канкрэтных людзей: тых, хто арганізоўваў моўныя курсы, падвышаў цікаўнасць да роднай літаратуры, вырабляў мабільныя праграмы і зазываў на кінапаказы. І я ўжо чую параўнанне гэтага (якога па ліку!) няпэўнага адраджэння мовы са стабілізацыяй беларускага рубля. Маўляў, проста кан’юнктура склалася так, што “вярхам” мова спатрэбілася, каб адасобіцца ад рускага царства. Але ў гэтым сутнасць любой палітыкі: ёсць энтузіясты, якія робяць тое, у што вераць, не азіраючыся на перспектывы; ёсць political entrepreneurs, якія рыхтуюць рашэнні, ёсць, нарэшце, акно магчымасцяў, якое заўсёды адкрываецца на непрацяглы час. І калі няма тых, хто ладзіў моўныя курсы, вырабляў мабільныя праграмы, выдаваў кнігі і зазываў на кінапаказы, палітычная плынь ідзе ў іншым кірунку. І замест абмеркавання гуманітарных курсаў ва ўніверсітэтах па-беларуску размаўлялі б мы пра шляхі выхавання рускамоўных студэнтаў, якія былі б патрыётамі нашага краю.

І так, усё напісанае вышэй не скасоўвае тэзаў, выкладзеных у маім нядаўнім артыкуле пра мадэрнізацыю беларускай нацыянальнай ідэі. Бо поруч з моўным легалайзам крочаць праблемы, якія пакуль незразумела як вырашыць. Так, з мовай болей не змагаюцца, яе хочуць вярнуць ва ўніверсітэты, у тэлевізар і парламент, але абсалютная большасць беларусаў застаецца рускадумнай. Афіцыянт у кавярні можа прыгожа і без акцэнту павітацца з вамі, але калі вы запытаецеся, з якіх кампанентаў складаецца крамбамбуля ён, спатыкнецца аб “мажывельнік”, і калі ў ягоным Андроідзе не ўсталяваны “Скарнік”, пра “ядловец” не ўспомніць.

Палову стагоддзя таму задача была б значна прасцейшай: трэба было, каб большасць, здольная паразумецца па-беларуску, прывучыла да роднай гаворкі меншасць — тых, хто не паходзіў з вёскі, тых, хто пераехаў з іншых саюзных рэспублік, і да т. п. Цяпер задача адваротная: меншасць мусіць засяліць, засвоіць сваім маўленнем велізарны стылы абшар большасці. Меншасць мусіць уцягнуць за сабой слухачоў “Рускага радыё”, гледачоў ТНТ і камедый “Ёлкі”.

Зразумела, што з двухмоўнымі (ці толькі беларускімі) законамі, беларускім выкладаннем ва ўніверсітэтах вяртанне беларускай пойдзе хутчэй. Але мова, як было адзначана вышэй, не толькі трымаецца ўчэпіста, бы дзядоўнікавы бадзякі, яна яшчэ і адраджаецца павольна, з хуткасцю сталення генерацыі, пры якой яе дапусцілі ў ВНУ. І як я ўжо падкрэсліваў, працэс гэты зойме дзесяцігоддзі, і да яго заканчэння наша краіна будзе вымушана рускамоўнай.

Каб не змарнаваць першыя поспехі беларусізацыі Беларусі, дзяржава мусіць умацаваць тыя парасткі самавітай культурнай палітыкі, якія пачалі праглядацца ў 2017-м. Бо мала блакаваць непрыязную для беларусаў прапаганду. Прыбралі з тэлевізара — гледачы, якія не могуць не пырыцца ў якую-небудзь скрыню, пойдуць глядзець “правду про Белоруссию” на Юцьюбе. Трэба ствараць свой экранны кантэнт, якаснае кіно на беларускай, таленавітыя серыялы, сінопсісы якіх не скапіяваныя з The Big Bang Theory. Трэба заахвочваць выдаўцоў ільготамі на беларускае кнігавыданне, трэба працягваць рабіць бачнымі тых герояў з чорных спісаў, якіх праз дурныя перасцярогі ўжо звольненага чынавенства прыбралі са сцэны, з эфіру, з белага свету.

Спадзяюся, мой тэкст па культурных выніках 2018 года не будзе пачынацца словамі “на жаль”.

Віктар Марціновіч, “Будзьма беларусамі!”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение