Весяліліся ўсе ў Вентспілсе

Ужо 16-ы міжнародны фэст “Ад Ліга да Купалля” прайшоў у латышскім горадзе.

На пачатку ліпеня ў Вентспілсе ў чарговы раз непаўторнае свята дружбы й дабрыні сабрала гасцей: гэта быў 16-ы міжнародны фэст “Ад Ліга да Купалля”. Так праходзяць Дні беларускай культуры ў гэтым горадзе, іх ладзіць Вентспілскае беларускае таварыства “Спадчына” з падтрымкай гарадскога самакіравання.


01-ansambl_belorusskoy_pesni_zhuravinka.jpg

На свяце сярод іншых выступаў і ансамбль “Журавінка” з вентспілскай суполкі “Спадчына”


Фэст адкрылі кіраўніца “Спадчыны” Наталля Бальшакова й Амбасадар Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч. “Рады вітаць вас на гэтым свяце, якое ў дар маем ад нашых продкаў, — казаў спадар Амбасадар. — Назва фэсту “Ад Ліга да Купалля” сімвалічная, бо абодва народы, якія жывуць у міры й дружбе, адзначаюць гэтае свята. Хацелася б, каб тое прадаўжалася заўсёды. Дзякую вентспілсчанам і прадстаўнікам бізнесу за тое, што яны паважаюць беларусаў і падтрымліваюць іх!”

Штогод фэст ладзіцца ў пару, калі надыходзяць латышскае Ліга й славянскае Купалле. З 2005 года ў першыя выхадныя ліпеня Вентспілс чуе беларускія найгрышы, звонкія спевы. Галоўная мэта імпрэзы — узаемныя знаёмствы: латышы знаёмяцца з беларускай культурай, традыцыямі, укладам жыцця і наадварот. Сёлета ў Днях беларускай культуры на сцэне дзіцячага гарадка Вентспілса з беларускімі, латышскімі, украінскімі ды рускімі песнямі выступалі гурты нацыянальных таварыстваў Латвіі: “Пралеска” (Даўгаўпілс), “Журавінка” (Вентспілс), “Паўлінка” (Ліепая), “Надзея” (Рыга), “Узоры” (Ліваны), “Рябинушка” (Прэйлі), “Аколіца” (Дагда) ды іншыя. Выступаў і вядомы спявак з Вісагінаса (Літва) Сяргей Шабадалаў. Свята ўпрыгожылі й нумары юных удзельніц танцавальных ансамбляў, карагодныя Купальскія гульні.

А напярэдадні канцэрта быў урачысты выязны прыём Амбасады Беларусі ў гонар Дня Незалежнасці для прадстаўнікоў беларускай дыяспары Латвіі, актывістаў мясцовага самакіравання.

Анжэла Фаміна, "Голас Радзімы"