Цікавую і вельмі насычаную вандроўку для жыхароў эстонскага горада Нарва, выхадцаў з Беларусі дый прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, зладзіла нарвская суполка “Сябры”. Па маршруце Нарва—Брэст—Белавежская пушча—Гродна—Нарва падарожжа прайшло ўпершыню, і ў яго выправіліся 47 чалавек. А раней, нагадаю, “Сябры” вазілі нарвіцян у Мінск, Хатынь, Дудуткі, Мір, Нясвіж і, канешне ж, горад-пабрацім Нарвы — Барысаў.
Легендарная Брэсцкая крэпасць. Няма слоў, каб выказаць тое, што там адчуваеш. Сэрца сціскаецца ад болю: гэта месца, дзе ў чатыры гадзіны раніцы 22 чэрвеня 1941 года пачалася вайна... А які прыгожы сёння Брэст! І памятных мясцін яго не пералічыць. Ёсць, напрыклад, “Вуліц ліхтароў”: аформілася нядаўна. Вуліца ж была і раней (носіць імя Мікалая Гогаля з 1909 года), а каваныя ліхтары на ёй з’явіліся ў апошнія гады. І ў Брэсце ўжо склалася традыцыя: кожны вечар сапраўдны ліхтаршчык запальвае тыя ліхтары. Ахвочых паглядзець на відовішча заўсёды шмат. Пабачылі рытуал і нарвіцяне, а некаторыя нават патрымаліся за гузік на мундзіры ліхтаршчыка і загадалі жаданні. Асаблівае месца ў горадзе і ў пешаходнай вуліцы Савецкай, якую між сабой жыхары называюць “Брэсцкім Арбатам”. Маляўнічая прырода, казачная атмасфера, арыгінальныя скульптуры чароўных персанажаў акружылі нас у сядзібе Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. Сустрэча і размова з казачным героем, чараўніком ды цудатворцам, яго пытанні, тонкі гумар і эрудыцыя пакарылі нарвіцян, якія на час нават забыліся, што даўно ўжо не дзеці.
Шмат цікавага даведаліся мы пра старажытны горад Гродна. А як прыемна было плыць на цеплаходзе па Аўгустоўскім канале...
Па дарозе дадому турысты дзяліліся ўражаннямі. І ўсе яны былі эмацыйнымі, яскравымі, пазітыўнымі. Казалі добрыя словы і ў адрас “Сяброў”, дзякавалі за радасць ад сустрэчы з вельмі прыгожай, утульнай і гасціннай краінай — Беларуссю.
Віктар Байкачоў,
намеснік старшыні Нарвскага беларускага таварыства “Сябры”, Эстонія