Фестываль быў прысвечаны беларускаму народнаму святу “Купалле”. Разам са мной былі актывісты беларускага таварыства “Уздым” Вольга Паўловіч, Валерый Амбросаў, Таццяна Дзянісава, Яніна Юзэфовіч, Марына Медунецкая, а таксама два калектывы: вакальны – “Спадчына” і танцавальны – “Лянок”, якія сваімі выступамі ўпрыгожылі святочны канцэрт.
У свяце ўдзельнічалі калектывы з Латвіі, Польшчы і Беларусі: “Надзея” (Рыга), “Аколіца” і “Вярба” (Дагда), “Рабінушка” і “Калінушка” (Прэйль), “Узоры” (Ліваны), “Злата” (Елгава), “Крыніца” (Лудза), “Новіна” (Мельнік), “Нарэўчанкі” (Нарэўка), “Заманіха” (Полацка), “Весялуха” (Зэльва), “Траецкія музыкі” (Барысаў), а таксама салістка Хрысціна Легеза (Гродна). Яны выканалі шмат беларускіх народных і аўтарскіх песен.
У часе выступу я прачытаў свой верш “Цыганка-ноч”. Прагучалі песні на мае словы: “Бацькоўскі кут” (музыка Станіслава Клімава) у выкананні дагдскай спявачкі Ларысы Тукіш, “Касцёр для дваіх” у выкананні ансамбля “Узоры” і “Астры” ў выкананні ансамбля “Калінушка”. Вельмі ўдзячны ім за супрацоўніцтва!
Прысутных цёпла віталі старшыня Дагдскай краявой думы Айвар Труліс, генеральны консул Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, член праўлення Саюза беларусаў Латвіі Алена Лазарава, кіраўнік Аддзела культуры, ідэалогіі і па справах моладзі Юлія Чагарына.
У завяршэнне свята удзельнікі фестываля атрымалі дыпломы і сувеніры.
Станіслаў Валодзька