Рада Беларускае Народнае Рэспублікі абвяшчае пра ўзнагароджаньне Мэдалём да стагодзьдзя Беларускае Народнае Рэспублікі. Адпаведны дэкрэт падпісаны Старшынёю Рады БНР.
Згодна са сваім статутам, Мэдаль уручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.
Мэдаль уручаецца:
– Асобам, якія адзначыліся на ніве змаганьня за волю і незалежнасьць Беларусі,
– Выбітным грамадзкім і культурніцкім дзеячам у Беларусі і сярод беларускага замежжа,
– Замежнікам, якія спрычыніліся да дасьледваньняў і папулярызацыі Беларусі ў сьвеце, а таксама іншым чынам спрыялі нацыянальным інтарэсам Беларусі.
Сярод узнагароджаных – першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Сўорц і амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан; палітыкі і грамадзкія дзеячы; вэтэраны беларускага незалежніцкага руху і палітычныя вязьні; дасьледчыкі Джым Дынглі, Арнольд Макмілін, Адам Мальдзіс; акадэмік Радзім Гарэцкі; пісьменьнік Уладзімер Арлоў; стваральнікі эталёну дзяржаўнага гербу “Пагоня” Аляксей Марачкін і Леў Талбузін; і многія іншыя.
Агулам узнагароджаныя больш за 130 асобаў зь Беларусі і замежжа.
Уручэньне ўзнагародаў адбудзецца на працягу 2019 года.