Ушануюць памяць Героя

Ініцыятыва сяброў Беларускага зямляцтва на Браншчыне па ўшанаванні памяці Джурахана Усманава знайшла падтрымку ў Гомельскім аблвыканкаме.


01-200px-usmanov_dzhurahan.jpg

Джурахан Усманаў.


У 2019 годзе ў артыкуле “Подзвіг на правым беразе Сажа” („Голас Радзімы“, 11.10.2019), Мікалай Голасаў, кіраўнік Беларускага зямляцтва на Браншчыне, расказаў пра родную вёску Хамінка, што ў Лоеўскім раёне Гомельшчыны. Што там памятаюць пра подзвіг узбека Джурахана Усманава, здзейснены ім пры вызваленні Беларусі ад ворагаў восенню 1943 года. У Хамінцы ёсць вуліца Усманава — у гонар Героя Савецкага Саюза, кавалера ордэнаў Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі. “Малады хлопец з Узбекістана праявіў гераізм пры фарсіраванні Сажа ля вёскі Карпаўкі, за тры кіламетры ад Хамінкі, — напісаў Мікалай Іванавіч. — Архіўныя дакументы сведчаць, што 29 верасня 1943 года ўночы невялікая група смельчакоў пад камандаваннем старшага сяржанта Усманава заняла маленькі плацдарм на правым беразе ракі. На досвітку фашысты іх выявілі, спрабавалі знішчыць. Больш за 30 нападаў адбіла група, у жывых засталося 9 байцоў, але яны не адступілі. Калі чарговы бой заціхаў, яны збіралі патроны, гранаты. Параненых байцоў выносілі з поля бою на руках. Адбіваліся да падыходу падмацавання. Загад быў выкананы! За праяўлены гераізм Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15.01.1944 года Джурахану Усманаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. На той час яму было 20 гадоў”.

Потым Джурахан Усманаў удзельнічаў у іншых баях, вызваляючы беларускае Палессе. У канцы 44‑га быў цяжка паранены, адпраўлены ў шпіталь у Ташкент. І ўжо там 14 лютага 1945 года памёр ад ран. А пахаваны Герой у родным кішлаку Сават Хавастскага раёна, Сырдар’інскай вобласці.

Мікалай Голасаў у публікацыі выказаў меркаванне, што “было б хораша й правільна да 75‑годдзя Вялікай Перамогі ў Хамінцы ўсталяваць мемарыяльную пліту, ці дошку ля абеліска — у гонар Героя Савецкага Саюза Джурахана Усманава. Пра такую ініцыятыву мы праінфармавалі саветніка Амбасады Узбекістана ў Беларусі Даніяра Абідава. Сам жа Мікалай Голасаў, калі быў сёлета ў Гомелі, сустракаўся з намеснікам старшыні аблвыканкама Уладзімірам Прывалавым — пра тое й напісаў на сайце суполкі ў інтэрнэце пад загалоўкам “Увековечим память Героя Д. Усманова!”. Прапанова па адкрыцці ў Хамінцы мемарыяльнай дошкі знайшла падтрымку, супрацоўнікам Лоеўскага райвыканкама было дадзена даручэнне падключыцца да высакароднай справы. “Намесніца старшыні Лоеўскага райвыканкама Наталля Каурава ў тэлефоннай размове актыўна падтрымала ідэю землякоў, абяцала выехаць у вёску Хамінку, каб на месцы вызначыцца з аб’ёмам працы, — паведамляе Мікалай Голасаў. Паводле яе слоў, раён апошнім часам адкрыў дзве мемарыяльныя дошкі, да 75‑годдзя Перамогі стараецца ўвекавечыць памяць байцоў, якія вызвалялі Лоеўшчыну. Наталля Каурава падкрэсліла, што ёй асабіста цікавы праект: яе бабуля родам з вёскі Хамінкі, з яе аповедаў ведае пра жорсткія баі, што былі ў вайну ў тым рэгіёне”.


02-frontovik_12663_bd9d9a54bf400724786094042089a808_avatar.jpg

Бюст на магіле Героя.


На сайце Беларускага зямляцтва на Браншчыне змешчаны таксама й верш “Джурахан” гамяльчанкі Валянціны Карнавушанкі — як водгук на ранейшую публікацыю ў “Голасе Радзімы”. З тэксту вынікае: родзічы Валянціны — з тых жа месцаў Лоеўшчыны. Прычым у вайну яе цётка наступіла на міну ды стала калекаю, “А ў цётачкі Надзеі на вачах/ Двух сыночкаў паднялі фашысты на штыках”. У 1943‑м, калі наступалі савецкія войскі, “Пераправа цераз Сож у Карпаўцы была,/ Дык вось, людзечкі: гарэла тут зямля./ Нібы свечка, загарэлася й царква,/ Хаты, гумны былі знішчаны да тла”. Далей апісваецца подзвіг байцоў пад кіраўніцтвам узбекскага хлопца, яго гібель ад ран: “На радзіме, у кішлаку ён пахаваны./ Памятае й Беларусь пра Джурахана”.

З апошняга паведамлення ў рэдакцыю Мікалая Голасава: “Наталля Каурава паведаміла: зроблены дзве мемарыяльныя дошкі з пластыка, памерам 40 на 60 сантыметраў. Прымацуюць іх на сценах дамоў па вуліцы Усманава. Дату іх урачыстага ў Хамінцы адкрыцця, мяркую, з‑за каранавіруса перанясуць. Але галоўнае: памяць Героя будзе сёлета ўшанаваная”.

Іван Іванаў, „Голас Радзімы“