Астравеччына – малая радзіма пісьменніка Станіслава Валодзькі. Спатканне даўніх і новых сяброў са слынным земляком адбылося з нагоды выхаду ў Латвіі і Беларусі некалькіх новых яго кніг і дыскаў з песнямі на яго словы. Станіслаў Валодзька захацеў перадаць кнігі і дыскі цэнтральнай раённай бібліятэцы, а бібліятэкаркі Ірына Чаркіна і Наталля Ачарэтава – падарыць астраўчанам яшчэ адну сустрэчу з паэтам і яго творчасцю. Пагадзіцеся, што пачуць верш або песню з вуснаў аўтара не тое самае, што, напрыклад, прачытаць у кнізе.
У актавай зале СШ №2 гучалі вершы ў выкананні аўтара і вучняў школы, песні на яго словы выконвалі астравецкі кампазітар і спявак Аляксандр Якіменка і сябры паэта па славянскіх суполках з Латвіі муж і жонка Яўген Пашкевіч і Лідзія Знотыня. У цёплай атмасферы ўзгадалі не толькі біяграфію паэта, але і дарагія яго сэрцу мясціны і людзей.
– Сёння адбыўся цудоўны ўрок роднай мовы і патрыятызму, – сказала на заканчэнне імпрэзы старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун.
І было б добра, калі б гэты ўрок засвоілі перш за ўсё тыя, каму ён прызначаўся – школьнікі, і панеслі па жыцці тую любоў да роднага краю і роднага слова, якая працінае ўсю творчасць Станіслава Валодзькі.
Так напісала ў газеце “Астравецкая праўда” пісьменніца Ніна Рыбік, якая прысутнічала на сустрэчы.
Беларускае таварыства “Уздым” (Латвія)