Дызайнер з усясветным імем Уладзімір Цэслер напрыканцы жніўня ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады – і амаль адразу з’ехаў з Беларусі. І раней творца не асабліва быў у пашане з боку дзяржавы, але да ад’езду не даходзіла. Мастак прызнаваўся, што не любіць нават падарожнічаць.
– Што такое адбылося, што вы з’ехалі 21 жніўня?
– У мяне ёсць сябры, так бы мовіць, набліжаныя да пэўных структураў, і ад іх пайшлі сігналы, што, маўляў, добра б памаўчаць, пачакаць, не публікаваць пасты з малюнкамі, але мяне ж было не стрымаць – і з’явілася інфармацыя, што справа можа быць нават падсудная, таму трэба знікнуць на нейкі час. Мяне вырашылі перавезці, а я не надта супраціўляўся. Пра што казаць – кандыдата на этапе выбараў у турму саджаюць, Алексіевіч дапытваюць... Гэта і боль, і слёзы. А да Каардынацыйнай рады я так і не паспеў далучыцца, хоць душой і сэрцам я з імі.
– Чаго болей у вашай эмацыйнай ацэнцы сітуацыі – злосці, радасці, надзеі?
– Ды ўсё разам збіраецца. Першыя дні пасля выбараў я ніяк не мог паверыць, што нашыя людзі здольныя на такую лютую жорсткасць, неверагодную... Потым паехаў на некалькі дзён да прыяцеля ў вёску, пабыў там, адышоў, потым вярнуўся і пачаў працаваць – я паглядзеў тыя відэа, і мяне накрыла. Зрабілася зразумела, што сітуацыя выклікае перахлёст эмоцый, і творчыя людзі адчуваюць уздым, калі папросту выплёскваецца, выліваецца гэта ўсё.
– Вы кажаце пра пэўную крышталізацыю чалавека, калі надыходзіць такі час, калі кожны вызначаецца з пазіцыяй?
– Так, складаны час гэтаму спрыяе. Творчасць нараджаецца на вастрыні – гэта бывае ў радасці, у горы, на падвышаным эмацыйным стане, тады вельмі добра гэта працуе. Калі ты забываешся, што ты мастак, і проста выказваеш свае пачуцці. Мне здавалася, што быць у палітыцы – ну не, гэтага не будзе ніколі! Але што гэта зараз? Гэта суб’ектыўная рэальнасць, мастак распавядае пра яе, пра ўсё, што накіпела.
– Вы гэта адчуваеце толькі ў сабе, ці ў іншых таксама?
– Я пачуў музыку, якую нейкія хлопцы напісалі – вельмі цікавую, я паглядзеў, якія плакаты людзі нясуць – гэта проста неверагодна. Яны ідуць – і гэта цэлы тэатр ідзе, і ты бачыш, якая цікавая і нацыя наогул, і гэтыя адметныя людзі – яны складаюць у нейкім сэнсе сутнасць нацыі. Я схадзіў, дарэчы, на самую вялікую маніфестацыю, паспеў, і гэта проста як свята нейкае – такія добрыя людзі, такія твары, і радасць, і гэтая тэма сэрца, якое паказвала Калеснікава – яно аказалася самым страшным для ўлады, гэтае сардэчка. Яго трэба было ім забараніць, гэтае сэрца.
– Сутыкнуліся любоў і нянавісць.
– І любоў перамагае ўсё адно. Нацыя аб’ядналася. Мне здавалася, што гэта немагчыма – але гэта здарылася.
І канешне, кроку назад не будзе, што б там не прыдумвалі. Пра мае адчуванні. Я хацеў сказаць, што, калі гэта ўсё здарылася, гэта ж распачаў наш “прэзідэнт”, ці як яго называць зараз, гэтую рэвалюцыю. То бок, калі ён зразумеў, што прайграў, і сказаў, што аднак не сыдзе, людзі паспрабавалі паставіць яго на месца, але атрымалі сур’ёзны адпор ад амону, ад сілавікоў, і тады стала зразумела, што справа не ў Лукашэнку, бо сыйдзе ён, прыйдзе такі ж самы – справа ў структуры. Гэта агромністая колькасць дармаедаў.
Па сутнасці, нас выходзяць караць людзі, якія нічога не ствараюць, не будуюць, яны не вытворцы. А людзі, якія выходзяць на вуліцы – гэта і ёсць тая маса, якая корміць, корміць амон, корміць іх усіх. І гэтых людзей збіваюць. Ён сам гэта справакаваў невядома навошта. І куды падзецца. А сышоў бы ціха – і ўсё б засталося...
Але здарылася вось так.
– А дармаеды цяпер з усіх сіл будуць трымацца за свае крэслы.
– Канешне, будуць, яшчэ як! І ўсе “прыкарытныя” – іх усё задавальняе, а народ яны ўспрымаюць як быдла, маўляў, сядзіце і маўчыце. Ніхто ж не думаў, што можа падняцца столькі насельніцтва. Я ў Менску ўсё жыццё – і я ніколі не бачыў такой колькасці людзей на вуліцах. Гэта ўпершыню ў маім жыцці.
Раней жа як? Перакалоцяць, супакояць, і зноў цішыня, зноў чаканне. А тут – не атрымалася нічога. І ўжо не атрымаецца.
– Чаму Вы ўвайшлі ў Каардынацыйную раду? Вы заўжды кажаце, што выказваецеся выключна праз творы.
– Мне пазванілі, прапанавалі – ці можна мяне далучыць? Ды канешне ж, так.
– Патройны значок – сэрца, кулачок, вікторыя – ваша ідэя?
– Не, ні ў якім разе. Мая ідэя – сэрца, якое выходзіць з чырвонай стужачкі, і гэта ўжо постфактум было створана, бо быў патрэбны быў нейкі такі сімвал, каб сказаць, што Беларусь – гэта любоў. Гэта яго сутнасць.
А патройны значок – не, гэта нехта іншы, у нас хапае народу крэатыўнага. І гэты знак працуе, ён можа крыху наспех зроблены, але ў гэтым і ягоная вартасць. Я б, відаць, зрабіў яно крыху па-іншаму. А можа б я і горш зрабіў... А ён працуе – гэта галоўнае. Нармальна.
– Як Вы далі рады з пераездам? Помню, што не любіце ездзіць, а тут – такі пераезд разам з працоўным месцам, можна сказаць.
– Я не люблю не тое каб ездзіць, я не люблю перамяшчацца, гэта праўда. Гэта нейкі род ляноты, можна сказаць. Пакуль мяне ўсё задавальняе, я сяджу і працую. І я заўважыў, што тут у прынцыпе тое ж самае: я сяджу і працую.
– Па працах Вашых новых я бачу, што ў Вас шмат веры ў перамогу цяпер.
– Ды канешне!
– А калі гэта зацягнецца? Вы гатовы застацца далёка на даўжэй, без краіны, без блізкіх?
– Гэта складана, безумоўна. Я вось ужо прапусціў сезон на яблыкі антоўнаўку, на памідоры там пэўныя – ведаеце, ёсць такія рэчы знакавыя, яны ў кожнага свае. Так надоўга я не ад’язджаў, гэта праўда. Але я ўпэўнены, што вярнуся.