Сярод паважных, часам можа і не такіх таленавітых, але бясспрэчна сур’ёзных і правільных беларускіх творцаў на эміграцыі, Дудзіцкі вылучаўся хоць бы тым, што за сапраўднага паэта яго ніхто не ўважаў — ані тыя, хто працаваў з ім на Радыё «Вызваленне», ані тыя, хто піў з ім, ані тыя, хто нават друкаваў ягоныя вершы ў «Бацькаўшчыне» ці якім іншым перыёдыку.
Уладзімір Дудзіцкі
У такой парадаксальнай сітуацыі, зрэшты, вінаватыя не жорсткі капіталістычны свет і не абыякавасць грамадства, а сам наш герой — enfant terrible беларускай творчай (і палітычнай) эміграцыі.
Першыя крокі
Нарадзіўся Уладзімір Гуцька — такое было яго сапраўднае прозвішча — 8 студзеня 1911 года ў вёсцы Дудзічы былога Ігуменскага павету (сёння Пухавіцкі р-н). Сям’я была немалая: чатыры сыны і чатыры дачкі. Бацька памёр, калі Уладзіміру было толькі два месяцы, гадаваўся ён пры айчыме. Навучанне Дудзіцкі пачаў у мясцовай чатырохгадовай школе, працягнуў у мінскай сямігодцы. Тут ён і пачаў пісаць свае вершы, якія змяшчаліся ў насценнай газеце.
Зацікаўленне літаратурай прывяло Уладзіміра Дудзіцкага ў літаратурны гурток пры Мінскім клубе чыгуначнікаў, дзе праводзіліся заняткі, выдаваўся на шклографе часопіс «Першыя крокі», ладзіліся вечарыны. Да маладых гурткоўцаў прыходзілі Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот, Валеры Маракоў, Тодар Кляшторны.
Па заканчэнні сямігодкі ў 1927-м Дудзіцкі паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум імя Усевалада Ігнатоўскага. Тут, у «Беларускім ліцэі», як часам называлі гэтую навучальную ўстанову, вучылася нямала пісьменнікаў першых паслярэвалюцыйных гадоў. Настаўнікі былі адпаведныя: сам Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Лёсік, Якуб Колас. Апрача насценнай газеты выдаваўся літаратурны часопіс «Крыніца».
Тэхнікум быў адным з прыкметных цэнтраў беларускасці. Таму калі пачалося змаганне з «беларускім нацыянал-дэмакратызмам», паляцелі галовы і выкладчыкаў, і студэнтаў. Разам з Сяргеем Астрэйкам, Лукашам Калюгам, Сяргеем Русаковічам Дудзіцкі быў выключаны з навучальнай установы. Бацькі ўжо арыштаванага на той час Антона Адамовіча далі ім прытулак.
«Пасля доўгага і паўгалоднага бадзяння», як пазней згадваў Уладзімір Дудзіцкі, у 1929-м пры дапамозе Лукаша Калюгі і Уладзіміра Хадыкі ён уладкаваўся на працу стыльрэдактарам газеты «Савецкая Беларусь» і перакладчыкам у Навукова-тэхнічным выдавецтве. Адначасна ён вучыўся на літаратурна-лінгвістычным факультэце Вышэйшага педагагічнага інстытуту.
Але ў ноч з 22 на 23 лютага 1933 года Уладзімір Дудзіцкі быў арыштаваны НКВД і асуджаны да трох гадоў лагероў. Падчас арышту знік і падрыхтаваны да публікацыі зборнік паэта «Песьні і думы». Пакаранне адбываў у Новасібірску і Марыiнску; у сваіх успамінах Дудзіцкі пазней апіша той час і людзей, з якімі сядзеў.
Па заканчэнні тэрміну ён быў сасланы на два гады ў Сярэднюю Азію, дзе і жыў да канца 1937 года ў Ташкенце, і адкуль быў датэрмінова вызвалены з прычыны захворвання на малярыю.
Па дарозе ў Беларусь Дудзіцкага абрабавалі — рэчы, невялікія грошы і, галоўнае, пашпарт. Таму на станцыі ў Мінску яго арыштавалі зноў. Па высвятленні мясцовы аддзел НКВД прапанаваў Дудзіцкаму цягам 24 гадзінаў пакінуць сталіцу і выехаць у Віцебск ці Барысаў. Ён абраў Віцебск, дзе нейкі час працаваў у газеце «Віцебскі пралетары», а потым да канца 1940-га выкладаў беларускую мову ў розных навучальных установах гораду — пакуль не быў звольнены, бо «не патрапіў забяспечыць партыйнасць у выкладанні мовы і літаратуры».
Пад акупацыяй
Нарэшце Уладзімір Дудзіцкі здолеў вярнуцца ў Мінск, дзе пры дапамозе Аўгена Калубовіча ўладкоўваецца на працу ў часопіс «Савецкая школа». Праўда, ненадоўга, бо ўжо праз месяц яго звольнілі па загадзе наркома асветы як «ворага народу». Пасля доўгіх пошукаў працы нарэшце трапіў у Ветэрынарны тэхнікум у вёсцы Курасоўшчына пад Мінскам. Там яго і заспела вайна.
У часе вайны Дудзіцкі вельмі актыўны: адзін з арганізатараў «Беларускай газеты», загадчык аддзелу культуры і асветы ў Мінску і Мінскай акрузе, школьны інспектар у Барысаве, рэдактар часопіса «Беларус на варце». У гэты ж час падрыхтаваў да друку новы зборнік паэзіі «Напярэймы жаданням» і зборнік прозы. Ніводны з іх свету не пабачыў.
Найбольш часу забірала праца ў Беларускім культурным згуртаванні, дзе яму дасталася пасада загадчыка аддзела прапаганды. Узначальваў Згуртаванне даўні знаёмец Дудзіцкага Аўген Калубовіч; у склад Цэнтральнага ўраду ўваходзілі паэтка Наталля Арсеннева, рэжысёр і акцёр Вячаслаў Селях, кампазітар Мікола Шчаглоў, знаўца музейнай справы Антон Шукелойць. Рэдактарам адноўленага літаратурна-мастацкага часопіса «Узвышша» быў Юрка Віцьбіч.
Як адказны за прапаганду, Дудзіцкі нямала паклаў высілак на беларусізацыю гораду: тэатру, замяніўшы там усё кіраўніцтва; школаў, спрычыніўшыся да заснавання часопіса «Беларуская школа», што па пэўным часе мусіў замяніць савецкія падручнікі.
Ён належаў да тых, хто даволі хутка пазбавіўся ілюзіяў адносна палітыкі новай акупацыйнай улады. Пра гэта сведчаць і ягоныя вершы, і ўдзел у адным з першых нелегальных пасяджэнняў у Мінску, на якім была прынята пастанова аб стварэнні Беларускай незалежніцкай партыі. Але нянавісць да савецкай улады была мацнейшая.
Да гэтага дадалася асабістая трагедыя: партызаны, не схіліўшы Дудзіцкага да супрацоўніцтва, забілі яго маці.
Чалавек, годна перацярпеўшы канцэнтрацыйны лагер, зламаўся.
П'яніца і авантурнік
Менавіта да часу акупацыі належаць успаміны сведкі, якія не толькі дадаюць новае пра асобу паэта, але, на нашую думку, дапамогуць раскрыць таямніцу знікнення Уладзіміра Дудзіцкага. Яніна Каханоўская прыгадвае:
«Перачытала Вашую кнігу і пасмяялася трошкі. Вядома, Вы не маглі ведаць Дудзіцкага. А я яго вельмі добра ведала. Адкуль? У Менску працавалі разам, у Культурным згуртаванні пры Самапомачы. У Вас ён — такі чалавек, Віцьбіч рэкамендуе яго на Радыё. А гэта п’яніца і авантурнік. І мы гэта ведалі з Менску. Ён быў прыгожым мужчынам, добра рэпрэзентаваўся. І добры беларус, шчыры, адданы. Але маральна… Гэта хвароба бальшыні нашых людзей — п’янства. Але нас не паслухалі, сцягнулі яго. А вельмі хацеў паехаць туды Грыцук Аляксей з Канады.
Ці ведаеце, што ён страляў у сваю жонку ў Менску? А ў Менску ў яго іх было дзве. Адна ў адным раёне жыла, а другая — у другім. І калі Дудзіцкі напіваўся, ён мог забіць чалавека. А вершы так цяжка радзіў. Нараніцу прыходзіць, і нашыя ўжо падсмейваюцца: «Дудзіцкі радзіў, роды цяжкія былі, але радзіў». То не быў такі паэт, што сядзе, напіша, і правіць нічога не трэба. Яму цяжка давалася паэзія. Пад яго вялікім уплывам быў такі таленавіты паэт Салавей. Малады быў, 19 гадоў [меў], як прыехаў у Менск. Ідзе раз ён з Дудзіцкім у госці да яго. Абодва ўжо падвыпіўшыя. Заходзіць першы Салавей у дом — і дастае паленам па галаве. Жонка думала, што гэта Дудзіцкі. Або такая сцэнка. Радыё немцы дазволілі рабіць. Трэба чытаць тэкст. А ўявіце: Менск разбіты. Ні тэлефонаў, нічога няма. Калубовіч чакае на Дудзіцкага. Трэба напісаць тэкст. Пасылае па Дудзіцкага хлопчыка. Той збегаў, вяртаецца і кажа: няма таго ў хаце. Калубовіч месца сабе не знаходзіць, злуецца. За колькі хвілінаў перад самым пачаткам прыходзіць Дудзіцкі. Калубовіч на яго накідваецца: «Дзе былі? Мы за Вамі пасылалі». — «А куды пасылалі?» — пытаецца той. «Да жонкі», — адказвае Калубовіч. І Дудзіцкі ў адказ: «Вы пасылалі не да той жонкі, трэба было да другой — на супрацьлеглым баку гораду».
Запомнім гэтае важнaе, хоць і гратэскнае сведчанне пра Дудзіцкага і жанчын.
У пошуках прытулку
Напрыканцы вайны — мо праз сваю авантурнасць, а мо ад неспатоленай прагі надалей працягваць змаганне з Саветамі — Уладзімір Дудзіцкі далучыўся да генерала Андрэя Уласава ў якасці прапагандыста стварэння беларускіх аддзелаў. Дудзіцкаму, і так не надта папулярнаму сярод беларускага актыву, яшчэ доўга закідвалася тое супрацоўніцтва як здрада беларускай незалежніцкай ідэі.
Пасля вайны Уладзімір Дудзіцкі апынуўся ў Зальцбургу ва ўкраінскім лагеры Ды-Пі (DP (Displaced Persons) Camp, лагер для перамешчаных асоб — рэд.) з беларускай секцыяй. Паэт арганізаваў тут Беларускі нацыянальны камітэт літаральна праз дзесяць дзён пасля капітуляцыі Германіі, разам з Алесем Салаўём, Міколам Ганьком і Алесем Грыцуком наладзіў выданне часопіса «Пагоня» і газеты «З беларускага жыцця».
У лагеры Ды-Пі Дудзіцкі быў параўнальна нядоўга. Як відаць з ягоных пазнейшых лістоў, да асаблівасцяў жыцця і парадкаў, якія там панавалі, ён ставіўся вельмі адмоўна: «Лягеры дэмаралізуюць людзей і абніжаюць годнасьць нацыянальных групаў. Дэмакратыя ў тым сьвятле, як яе ўспрынялі асобныя грамадзкія дзеячы зь лягераў Ды-Пі, нічым не адрозьніваецца ад савецкае самакрытыкі на партыйных чыстках; сродкі й мэтады, якімі падмацоўваецца права дэмакратыі крывога люстра, стаяць у адной роўніцы з сродкамі й мэтадамі работнікаў МВД. З такое сытуацыі трэба ўцякаць як найхутчэй. Працаваць на карысьць свае нацыі й рэпрэзэнтаваць вызвольныя ідэі народу можна заўсёды і ўсюды — найлепей за акіянам...»
Дудзіцкі выехаў у Венесуэлу.
«Тут чалавек вольны як птушка»
Новыя эмігранты прыязджалі ў тую краіну ў вірлівы час. У 1947-м была прынята новая Канстытуцыя краіны, і першым прэзідэнтам, абраным паводле яе, стаў знаны празаік, паэт, асветнік Рамула Гальегас (Rómulo Gallegos). У сярэдзіне лютага ўрад абвясціў, што запрашае да сябе на працу з Еўропы 20 000 эмігрантаў. Толькі ўжо 24 лістапада 1948 года ўрад Гальегаса быў скінуты вайскоўцамі, а прыход да ўлады вайсковай дыктатуры — хунты — не мог не адбіцца і на стаўленні да новапрыбылых, хоць па-ранейшаму краіна была зацікаўленая ў спецыялістах.
Знаходзілі сваё месца ў новай краіне і беларусы. Уладзімір Дудзіцкі стварыў у сярэдзіне 1949-га першую, а мо і адзіную, тамтэйшую беларускую арганізацыю — Аб’яднанне беларусаў у Вэнэсуэле (АБВ).
Знайшоў працу ў Міністэрстве будоўлі садоў і паркаў у якасьці садоўніка, пачаў няблага зарабляць. Уладкаваўшыся сам, распачаў захады, каб дапамагчы выехаць з лагераў Ды-Пі Юрку Віцьбічу, Масею Сяднёву, Уладзіміру Клішэвічу: высылаў запрашэнні, афармляў дакументы, раіў, куды звярнуцца, каб прыспешыць ход справы. У лістах да сяброў ён імкнуўся перадаць нязвыклае і новае для яго, чалавека з досведам жыцця ў таталітарнай дзяржаве, адчуванне свабоднай краіны з усім станоўчым і адмоўным:
«Кажная краіна мае свае асаблівасьці; звычкі, традыцыі, жыцьцёвы ўклад, безумоўна, ня маюць нічога супольнага з нашаю Бацькаўшчынаю, як і з Эўропаю наагул. Як і кажная краіна, яна мае свае й мінусы, і плюсы. Жыць можна, а галоўнае тое, што тут чалавек вольны, як птушка. Пачатак жа цяжкім ёсьць усюды, асабліва, калі чалавек прыяжджае бяз грошай ды ня мае ні знаёмых, ні блізкіх і мовы ня ведае. Заўсёды лепш разьлічваць на благое, чым на добрае.
Абавязку працы Вэнэцуэля, як і ўся Амэрыка, ня ведала й ня ведае. Рабі што хочаш і жыві як хочаш. Сацыяльны кантраст страшэнны: поруч з казачным багацьцем стаіць і нечуваная беднасьць добрае чвэрці мясцовага жыхарства. Аднак, гэта тая частка, што ня любіць працы й ня хоча працаваць або прапівае ў сыботу ўсё тое, што заробіць за тыдзень (грошы тут плоцяцца кожнага тыдня, а п'юць так, як нам ніколі й ня сьнілася). Аднак самы бедны чалавек ня ведае ні суму, ні цяжкіх (а мне думаецца, што наагул ніякіх) перажываньняў. Цяжка і, відаць, немагчыма зразумець гэтую зямлю таму, хто на ёй ня жыў і ніколі ня бачыў ейных людзей. Вельмі віратлівае жыцьцё; у ім няма часу на доўгі адпачынак і вялікія развагі. Сіла гарачага поўдня, сіла зямлі — найвялікшы валадар чалавека. Адным словам, раўнуючы да іншых краінаў Амэрыкі, Вэнэцуэля ўсё ж найбольш надаецца эмігранту. Бясспрэчна, Нью-Ёрк — цудоўны горад, але ён не для крычаўскага Лукаша й не для старобінскае Тэклі... Там патрэбныя вялікія тысячы. І калі ў першым выпадку чалавек можа быць сам сабе гаспадаром, дык у другім — вечным парабкам... І яшчэ заўважу. Сучасны — першы дэмакратычны й сапраўды народны, нацыянальны — урад вельмі дбае пра эміграцыю, гледзячы на яе, як на будучых сваіх грамадзянаў. Краіна зь вялікімі пэрспэктывамі. Між іншым, на прэзыдэнта абраны выдатны пісьменьнік Вэнэцуэлі і, безумоўна, усяе Амэрыкі — Галлегос Ромуло. Клічу да Вэнэцуэлі».
Але ніхто не прыехаў.
Лісты і рукапісы
«Падрыхтаваў да друку два зборнікі вершаў — «Хвалі» і «Да блізкіх і далёкіх», зборнік апавяданьняў «Купальскія росы» (зборнікамі, пэўна ж, называю ўмоўна, бо ўсё роўна нідзе ня выдам). Скончыў пісаць аповесьць «Голас крыві» — 8 друкаваных аркушаў. Працую над дзьвюма вялікімі паэмамі».
«Вельмі задаволены Вашай думкай пра выданьне кніжак паэтаў і пісьменьнікаў. Гэтае ж пытаньне нікім яшчэ не закраналася. Ёсьць фонды ці няма, будуць ці ня будуць, а кніжкі выдаваць трэба. <...> Яшчэ ў 1942 годзе я меў гатовым да друку зборнік «Напярэймы жаданьням». <...> Маю гатовым да друку й другі зборнік «Журботныя струны». І першы, і другі — памерам на 6-8 друкаваных аркушаў».
Рукапісы згаданых зборнікаў зніклі; уцалела тая частка спадчыны, што дасылалася аўтарам у перыядычныя выданні — спачатку ў Нямеччыну, пазней у ЗША. Вялікая адлегласць паміж аўтарам і выдаўцамі ўскладняла кантакты, выклікала нараканні на «недрукаванне», а яшчэ больш — на адвольнае рэдагаванне. («Мы ж не якія-небудзь зломкі, каб нашыя творы правяраліся, як вучнёўскія дыктанты....»). З гэтае прычыны Юрка Віцьбіч, праз якога Дудзіцкі меў сувязі з рэдактарамі газетаў і часопісаў, пісаў тагачаснаму рэдактару «Бацькаўшчыны» Станіславу Станкевічу: «Мой сябра Уладзімір Дудзіцкі змагаецца з рэдактарамі за кожную коску, за кожную літару ў сваім творы, як тэй пратапоп Абакум «за Святы Аз». <...> Таму ветліва прашу Вас, калі што-небудзь такое заўважыце ў ягоных вершах, дык лагодна абмінайце гэтае заўважанае».
Аўтографы твораў Уладзіміра Дудзіцкага “Прыдзі”, “Ні маністаў ні зораў”, “Спрытныя жарты”.
Таямнічае знікненне
Акурат у гэты час Дудзіцкі знік. Лісты перасталі прыходзіць, дасланыя яму заставаліся без адказу. Юрка Віцьбіч пачаў шукаць яго праз агульных знаёмых беларусаў, што былі выехалі таксама ў Вэнэсуэлу. Як потым тлумачыўся сам паэт, «благога нічога ня сталася, але й добрым не магу пахваліцца. Першага кастрычніка леташняга году давялося страціць працу, усё здабытае, пакінуць кватэру й выехаць (пасьля пэўнага часу) у далёкую, глухую й сьпякотную вобласьць краю. Прычына: пэрсанальныя інтрыгі й дзікія паклёпы прыватнага й палітычнага характару...».
Насамрэч сітуацыя была троху інакшаю. Атрымаўшы адказ ад свайго карэспандэнта з Вэнесуэлы, Віцьбіч піша знаёмым: «Пераходжу да іншае свае навіны. Ужо ладны час як я шукаю праз знаёмых беларусаў у Вэнэсуэле Ўладзімера Дудзіцкага. Нарэшце тыдзень таму атрымаў ад аднаго з гэтых беларусаў даволі сумныя весткі. Прыехаўшы ў Вэнэсуэлу, Дудзіцкі перш за ўсё, як між іншым і ўсюды раней, пачаў шукаць прыгожых жанчын. Адна з гэтых жанчынаў — Паўліна Хвёдараўна, што паходзіла з старое расейскае эміграцыі, сталася ягонай жонкай. Яна як вэнэсуэльская грамадзянка знайшла для Дудзіцкага адмысловую працу ў адным з інстытутаў Каракаса. Праз колькі год Дудзіцкаму спадабалася іншая прыгожая жанчына — жонка старэйшага ад яе на 15 год расейца й матка трох дзяцей. Дудзіцкі спакінуў Паўліну Хвёдараўну, а «іншая прыгожая жанчына» — свайго мужа, забраўшы з сабой дзяцей. Ейны муж, што згубіў усю сям’ю — і жонку, і дзяцей — канчае самагубствам — пераразае артэрыі. У сваю чаргу Паўліна Хвёдараўна, абураная паводзінамі Дудзіцкага, робіць гэтак, што той ня толькі губляе сваю пасаду ў Інстытуце, але вымушаны спакінуць Каракас. Сёньня Дудзіцкі мае сям’ю з трыма дзецьмі й выпадковую (ня сталую) працу. Мне асабліва яго ад усяе душы шкада. Ён па сваёй натуры добры чалавек і таленавіты паэта».
А ў лісце да Антона Адамовіча той самы Юрка Віцьбіч напісаў, як сёння выглядае, прароча: «Адшукаўся сьлед Тарасаў. Нарэшце атрымаў ліст ад Дудзіцкага. Ачольвае нейкі дзяржаўны навукова-дасьледчы інстытут, у чым няма падставы сумнявацца, бo ўсё гэтае разам з тытулам — прафэсар — пададзена на канвэрце. Увогуле зноў трапіў на каня й, дай Божа, каб новая Елена Прыгожая яго ня выбіла зь сядла. На мой асабісты погляд, ён — найлепшы з нашых паэтаў на чужыне».
Доктар сельскагаспадарчых навук
Так, лісты ад Уладзіміра Дудзіцкага пачалі прыходзіць у ЗША ў адмысловых капертах, на якіх было выдрукавана: Dr. Wladimir R. Hicky, Unidad Agricola de Turen — Instituto Agrario Nacional, Centro de Experimentacion y Propagacion, Estado Portugesa, Venezuela. У тых лістах ён, пад чарговым новым прозвішчам, пісаў:
«Коратка аб профілі мае службы й працы. У Вэнэцуэлі, вельмі багатай краіне, сельская гаспадарка была ў вялікім заняпадзе — у стане поўнага прымітывізму. У апошнія гады, амэрыканізуючы шпаркімі крокамі край, урад зьвярнуў асаблівую ўвагу на гэтую галіну, каб падняць яе да ўзроўню перадавых краінаў...
Экспэрымэнтальны цэнтар мае 100 гектараў зямлі, першарадны дом з адпаведнымі лябараторыямі, мэтэаралягічныя станцыі, машыны, апараты й г. д. Цэнтар зьяўляецца месцам тэхнічных і навуковых кансультацыяў у шырокім пляне агранамічных навук, выдае свой навуковы часапіс, пэрыядычныя запіскі, бюлетэні й г. д. Маюць месца й рэфэраты на розныя тэмы. Шэфам гэтага Цэнтру працую ад студзеня месяца 1953 году, — пасьля таго, як здаў экстэрнам экзамены й абараніў дыплём доктара сельскагаспадарчых навук. Пазьней дашлю што-небудзь з выдадзеных мною часапісаў на гішпанскай мове».
Напружаная праца плюс знаёмствы і авантурны характар неўзабаве прынеслі плён. Як ацаніў сам Дудзіцкі, «посьпехі маю неблагія». Імя сталася ведамым, а гэта, у сваю чаргу, прывяло
«да інтрыгаў і розных паклёпаў ня з боку вэнэцуэльцаў, а з боку цэлай кучы ўсякіх «князёў», «баронаў» ды іншай расейскай трухлі».
Вось якраз у гэты час і атрымаў Уладзімер Дудзіцкі прапанову на пераезд у Нямеччыну — узначаліць Радыё «Вызваленне». Толькі абмеркаванне ягонай кандыдатуры адбывалася на значна вышэйшым узроўні, як тое думалася некаторым суайчыннікам.
Вокладка мінскага выдання твораў Уладзіміра Дудзіцкага (“Лімарыус”, 2010)
Вяртанне ў Еўропу
…Коратка пра радыёперадачу «Вызваленьне». З гледзішча матар’яльнага ня маю ніякіх падстаў пакідаць Вэнэцуэлю. Забясьпечаны й маю ўсе магчымасьці, як кажуць, стаць нагамі на ўласны грунт, іншымі словамі, — стацца гаспадаром вялікае фармы на новых землях (прапанавала дзяржава; нехаця сьмяюся й прыгадваю Коласавага дзядзьку ў Вільні). Прызнаньне й службовае становішча (дырэктар Экспэрымэнтальнага цэнтру Аграрнага інстытуту й Міністэрства земляробства ў вобласьцях эўрапейскіх каляністаў) паставілі мяне ў роўніцу з прывілеяванай інтэлігенцыяй краю (гэта, аднак, не выключае магчымасьці раптоўнага падзеньня: у краінах Паўдзённае Амэрыкі няма немагчымых рэчаў). Зрэшты, усе гэтыя плюсы й мінусы ня вельмі мяне й цікавяць, галоўнае ж палягае ў іншым. Я падыходжу да Вашае прапановы з гледзішча нацыянальнага, з гледзішча нацыянальнае карысьці мае працы й, нарэшце, з гледзішча духоўнага самазахаваньня. Нацыянальны бок справы — ясны, як Божы дзень; нацыянальная карысьць працы палягае ў чысьціні беларускае крыві, у нязломнасьці й вытрываласьці духу й сэрца; трэба ж зубамі вырываць чорную карту жыцьця із крывавых рук чырвонага акупанта-далакопа!
Калі нацыянальная рэвалюцыйная інтэлігенцыя і Ўрад БНР уважаюць кандыдатуру мае асобы карыснай і патрэбнай — я не магу не згадзіцца й не прыняць Вашую прапанову.
Безумоўна, загадзя мушу знаць наступнае: 1. службовае становішча. 2. месячны заработак (бяру на ўвагу забясьпечаньне сям’і ў Нямеччыне). 3. адпаведныя гарантыі й г. д.
Ул. Дудзіцкі.
У 1956 годзе Уладзімір Дудзіцкі прыехаў у Мюнхен як новы дырэктар Радыё «Вызваленне». Гэта быў плённы час — для творчасці, але няпросты побытава. Нехта з калегаў не мог дараваць «уласаўскага» эпізоду, хтосьці згадваў п’яныя выбрыкі — хоць, як сведчаць ветэраны Радыё, дырэктар мог выпіць цэбар гарэлкі і не заўсёды тое можна было спасцерагчы.
Тады ж пачалі заўважаць за ім новую хваробу — манію пераследу. Як згадваў Янка Запруднік, аднойчы жонка Дудзіцкага зазваніла да яго з просьбаю тэрмінова прыйсці да іх. Дудзіцкі быў нападпітку, сям’я, жонка й дзеці, стаялі на лесвіцы, а сам гаспадар нешта вышукваў у хаце. Калі ж абодва выйшлі на вуліцу, Дудзіцкі ўхапіў Запрудніка за паліто й сказаў: «Даражэнькі, нічога не магу зрабіць: як прыходжу з працы, заўсёды здаецца, што за дзьвярыма НКВД-ыст стаіць і чакае».
Заблытаныя шляхі
Зразумела, што доўга пратрымацца на пасадзе дырэктара Радыё Уладзімір Дудзіцкі не мог. У 1962-м уся сям’я выехала ў Нью-Ёрк, дзе паэт некаторы час працаваў пазаштатным карэспандэнтам «Вызвалення», але і гэтая праца ішла з прыгодамі, таму ён ахвотна прыняў запросіны Масея Сяднёва на працу выкладчыка ў адной з навучальных установаў штату Індыяна. І гэта бадай апошнія дакладныя звесткі пра паэта.
Праз кароткі час Уладзімір Дудзіцкі знік. Ягоная сям’я па сёння не ведае, што адбылося. У беларускай грамадзе пачала хадзіць чутка, што паэт паехаў у БССР. Такія чуткі характэрныя для эміграцыі: тут не аднойчы «хавалі» Уладзіміра Дубоўку, Язэпа Пушчу, Ларысу Геніюш, а што да вяртання ў Саветы — хто як не былы ўласавец здатны на тое?! Прычым фактаў ніякіх не было: проста «казалі» ды спасылаліся на «тых, хто казаў». Некаторыя, як Яніна Каханоўская, лічылі, што Дудзіцкі паехаў у Аргентыну, дзе эміграцыя была пераважна прасавецкаю, там напіўся і быў у нецвярозым стане вывезены ў СССР.
Тэма вяртання Уладзіміра Дудзіцкага ў Беларусь сёння выглядае не больш як даніна рамантычнаму патасу пачатку 1990-х. На цвярозы лад, не мог чалавек з біяграфіяй Дудзіцкага ў часе Другой сусветнай вайны ды з такой нянавісцю да Саветаў настолькі засумаваць па Беларусі, каб паехаць туды! На гэта не наважыўся нават самы прасавецкі з эміграцыйных паэтаў, Уладзімер Клішэвіч. Тым больш — Дудзіцкі, з ягонай маніяй пераследу, з абсалютна рэальным усведамленнем, што менавіта чакае па вяртанні яго — былога прапагандыста ў акупаваным Мінску, дырэктара Радыё «Вызваленне».
Значна больш рэальнай выглядае іншая версія: што зноў, як у сярэдзіне 1950-х, Уладзімір Дудзіцкі сваім знікненнем вырашыў уласныя сямейныя праблемы, кінуўшы жонку з дзецьмі дзеля мо чарговага каxання і чарговай краіны. Як бачна з ягонай біяграфіі, ён мог даць сабе рады ў гэтым жыцці. І — хто ведае — ён, можа быць, яшчэ жывы!
Артыкул-прадмова Лявона Юрэвіча да зборніка твораў Уладзіміра Дудзіцкага. Публікуецца з скарачэннямі з захаваннем правапісу арыгіналу ў цытатах. Рэдакцыя выказвае падзяку Наталлі Гардзіенка за дапамогу.