Украінскай паэтэсе Оксане Шалак – 55 гадоў

16 студзеня спаўняецца 55 гадоў украінскай паэтэсе Оксане Шалак. Сяргей Панізнік дасылае юбілярцы віншаванні – два снежныя  залпы з далёкіх аколіц”.


a.jpg


Оксана Шалак нарадзілася 14 студзеня 1966 года на Віннічыне ў настаўніцкай сям’і. Скончыла філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т.Шаўчэнкі. Працавала навуковым супрацоўнікам Інстытута ўкраіназнаўства, пазней – у аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, фалькларыстыкі і этналогіі імя Максіма Рыльскага НАН Украіны. Кандыдат філалагічных навук. Аўтар некалькіх манаграфій, 60 навуковых артыкулаў. Праз гады выдала некалькі зборнікаў вершаў, сярод якіх “Дзікі птах”, “Пры святле снягоў”, “Сем высокіх нябёсаў”, “Малітва пра сад”

Паэтэса, перакладчыца, фалькларыстка, сябра Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны стала лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя М. Кацюбінскага і іншых.

Творы Оксаны Шалак перакладзены на сербскую, беларускую мову. А сама Оксана Іванаўна перакладае вершы беларускіх паэтаў. Удзельніца міжнародных канферэнцый і сімпозіумаў у Чэхіі, Сербіі, Расіі, Беларусі. Мінск наведала ў сакавіку 2011 г.

Маё творчае супрацоўніцтва з Оксанай і пачалося вясной 2011 года. Я вельмі ўдзячны натхнённай кіеўлянцы за пераклады маіх вершаў на украінскую мову, стараюся аддзячыць ёй сваімі пераспевамі.


Оксана Шалак

Пакровы

Тую тугу
Выбавіць
Зможа старэнькі лірнік.
Пад яго пасыламі
Загалосіць,
Госпадзе, аж заякоча ліра:
“Плач, душа грэшная,
Плач наўзрыд!”
І распятая на крыжы,
Зняважаная шальмаваннямі
(Ці ж не бачыць Бог здзекі?!”
Ты ўваскрэснеш.
І для ўсіх недаверкаў
Аб”явішся…
Зіркотная, як слязіна з вачэй,
Україна…


х х х

Ноч натопчацца – і нябёсы
Асыпаюцца зоркамі сноў.
Сны мае падбіраюць росы
На сцяжынах абвугленых слоў.

Тлее попел. І галавешкі
Параскіданыя на разлог…
Толькі ў небе надзей усмешкі
Зноў з душою вядуць дыялог.


Народзіны

Воды прыроды,
Дзе неба зыркоча з плыні,
Дзе з глыбіні вяртаюцца
Забытыя пробліскі шчасця,--
Воды тыя, нібыта ў паводку,
Схлынаюць…
І дзіцёначак хакае-хакае,
Напаўняючы радасцю поўны ўздых.
Новы сусвет нарадзіўся.


Стэп

Памеркла сонца,
Пікі вострыя навальніц
Захраслі ў грунце.
Табун адзічэлы
Стаптаў капытамі
Стэп--
І вершнікі пакалыхваюцца
У звечаровай сівізне
Тужлівай жаночай
Песні.


х х х

Брама сутоння – наросхрыст.
Варты не чуцен тупат,
Сціхлі абшараў кросны,
Вуліц замоўклі дуплы.
Зноў з цішыні праз вечнасць,
Голасам, нібы джала,
Рэжа хтось пространі вечка…
Лезе з шапочым шалам…
І з даўніны, з адчаю,
З песні, якая не спудзіць,--
Крыкам адчайнай чайкі
СМЕЛАГА цемень будзіць.


х х х

Усё, што знікае
За белым тым аркушам, --
Бялёсае аж занадта…
За аснежжа бялей белізна --
Бель майго белага верша.
Люстэркі вачэй памятаюць цябе --
Мілае дзеўчанё.
Калі б да зачыну вяртацца --
Ты не захочаш абновы.
Тое, што перажыта-абжыта,
За плячыма зырчыць.
Тое, што навідоку, --
Навек абазнана найменнем
Айчына.


Пераклаў з украінскай мовы Сяргей Панізнік.