23 чэрвеня на тэрыторыі ЗША прайшлі паседжанні выбарчых камісіяў, утвораных на выбарчых участках 107 і 108 у Вашынгтоне і Нью-Ёрку адпаведна. У склад камісій не трапіў ніводзін „не свой“ беларус. Збольшага абодва выбаркама складаюцца з працаўнікоў дыппрадстаўніцтва, членаў іх сем’яў, а таксама тэхнічнага персаналу.
„Асабіста я знаёмы з васьмю беларусамі, якія падалі дакументы на ўключэнне ў склад выбаркамаў. Гэта людзі рознага ўзросту, якія зараз жывуць у Ілінойсе, Каларада, Канэктыкуце, Масачусетсы, акрузе Калумбія і Тэхасе, – распавёў праваабаронца з Вашынгтона Вячаслаў Бортнік. – Усе яны не толькі сабралі і своечасова падалі неабходныя подпісы ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі ЦВК, але і неаднаразова кансультаваліся з работнікамі беларускага дыппрадстаўніцтва, якія ў сваю чаргу давалі супярэчлівыя тлумачэнні палажэнняў ЦВК. Тым не менш, ніводзін з маіх знаёмых не ўвайшоў у склад камісій. Больш за тое, нават не знайшлося часу, каб даслаць ім адпіскі. Ад самага пачатку ў мяне не было ніякіх сумневаў у падобным выніку справы. У 2010 годзе мне давялося быць назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах у беларускай амбасадзе ў Вашынгтоне. Тады Лукашэнка гуляў у дэмакратыю ў прадчуванні буйных пазык з боку ЕС. У 2015-м я зноў спрабаваў трапіць у назіральнікі. Да таго часу неабходнасці гуляцца ў дэмакратыю ўжо не было, і я атрымаў адмову. Падаў дакументы і сёлета. Я не сумняюся ў тым, што спісы сябраў выбаркамаў былі падрыхтаваныя задоўга да таго, як мае знаёмыя вырашылі падавацца. Такая ж самая гісторыя і з назіральнікамі. І тым не менш, я лічу, што важна дамагацца сваіх канстытуцыйных правоў, тым самым выкрываючы злачыннасць і дробязную подласць гэтага рэжыму“.
Вячаслаў Бортнік