У якіх краінах захоўваюцца беларускія рарытэты?

У Беларусь вярнуўся Статут ВКЛ – той самы дакумент, які лічыўся першай у Еўропе Канстытуцыяй. Сабраць грошы на статут, выдадзены ў 1588 г., Музею гісторыі Магілёва дапамагалі талакой. 15 тыс. даляраў сабралі звычайныя людзі, прычым адзін беларус паклаў у агульную скарбонку 4,5 тыс. 30 тыс. даляраў ахвяравала на добрую справу фінансавая кампанія “Альпары”.


01-inx960x640.jpg

Сёння ў залях Палаца Радзівілаў у Нясвіжы вісяць кампутарныя копіі партрэтаў. Арыгіналы вывезеныя ў Варшаву. Фота: Сяргей Гапон


“Камсамолка” вырашыла ўзгадаць, якія яшчэ каштоўнасці і рарытэты наша краіна згубіла праз гады войнаў, рэпрэсій, эміграцыю. На пачатку 90-х была створана грамадская камісія “Вяртанне” пры Беларускім фондзе культуры. Вось ужо дваццаць гадоў яна займаецца вяртаннем, абменам, вывучэннем і выяўленнем згубленых беларускіх скарбаў. Дзякуючы працы і публікацыям Адама Мальдзіса і яго калег мы сёння хаця б ведаем, дзе беларускія рарытэты захоўваюцца.


02-inx960x640.jpg

Днямі ў Мінску прэзентавалі выкуплены на аўкцыёне ў Расіі Статут ВКЛ. Фота: Віктар Драчоў


Аўстрыя

У 1942–3 гг. немцы вывезлі ў Вену практычна ўсе звязаныя з габрэйскай культурай Беларусі экспанаты Мінскага гістарычнага музею, – карціны, рукапісы, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.


Бельгія

Ёсць звесткі, што ў 1868 г. у Бруселі рыхтавалі да выдання сачыненні забароненага тады Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Магчыма, ён перадаў праз эмігрантаў “Пінскую шляхту” ды інш. невядомыя творы. Прынята лічыць, што рукапісы варта шукаць у архівах эмігранцкіх выдавецтваў.


Ватыкан

У архіве і бібліятэцы Ватыкана захоўваюцца Граматыка “літоўскай” (беларускай) мовы і першы беларускі слоўнік, складзены арцыбіскупам Магілёўскім і Мінскім, рымска-каталіцкім мітрапалітам Расійскай імперыі Станіславам Богушам-Сестранцэвічам (1731–1826) (ён, дарэчы, прыходзіўся дзядзькам Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча). Ён быў не толькі аўтарытэтным рэлігійным дзеячам, але таксама навукоўцам, пісьменнікам і выдаўцом, пэўны час узначальваў Расійскую акадэмію навук.


03-inx960x640.jpg

У Фінляндыі знаходзіцца больш за тысячу кніг бібліятэкі Радзівілаў. Гэта адна з іх. Фота: Віктар Драчоў


Фінляндыя

У Хельсінкі знаходзяцца больш за тысячу кніг з Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў, якая лічылася найбуйнейшай у Рэчы Паспалітай XVI ст. Спярша яе вывезлі ў Пецярбург, а ўжо адтуль перадалі ў Фінляндыю. Акрамя кніг там могуць быць ўладальніцкія і іншыя важныя запісы.


Швецыя

У Стакгольмскім Музеі арміі сёння захоўваюцца тры гарматы, якія датуюцца 1557 і 1603 гг. Яны былі зробленыя на замову Радзівілаў.

А каштоўны беларускамоўны дадатак Томаша Макоўскага да першай дакладнай мапы Вялікага Княства Літоўскага захоўваецца ў бібліятэцы Упсальскага ўніверсітэта. Мапа была складзена ў Нясвіжы на пачатку XVII ст., сёння яе называюць Радзівілаўкай.


Польшча

У 1950 г. з Мінску ў Варшаву было вывезена восемдзесят дзевяць партрэтаў з галерэі Радзівілаў у Нясвіжы. У Музеі Войска Польскага ў Варшаве знаходзяцца сцягі паўстанцаў-каліноўцаў, а таксама фотаздымкі Кастуся Каліноўскага.

У зборы князёў Чартарыйскіх у Кракаве захоўваецца каштоўнае рукапіснае Лаўрышаўскае евангелле 1-й пал. XIV ст. Яно напісана на царкоўнаславянскай мове на пергаменце. Яно таксама ўтрымлівае ўладальніцкія запісы на старабеларускай мове. У Кракаве захоўваецца бібліятэка Полацкага сафійскага сабора.

У Познані, у бібліятэцы Рачыньскіх, захоўваецца беларускі рукапісны кодэкс XVI ст.


Літва

Самая старая рукапісная кніга, створаная ў Беларусі, якая захавалася да нашага часу – Тураўскае евангелле XI ст. – была вывезена ў Вільню ў 1862 г.

У Нацыянальнай бібліятэцы АН Літвы захоўваецца асноўная частка калекцыі Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея, які працаваў у 1921–1944 гг. у будынку былога базыльянскага ўніяцкага кляштара ў Вільні. У музеі захоўваліся слуцкія паясы, нумізматычная калекцыя, налібоцкае і ўрэчанскае шкло, старажытная зброя, іконы, пярсцёнкі з пячаткамі полацкіх князёў Усяслава і Барыса, пячатка Міндоўга, выданні Скарыны, каралеўскія граматы і прывілеі, архіў “Нашай Нiвы”.


Англія

У бібліятэках Оксфардскага ўніверсітэту захоўваюцца рукапісы да беларускіх друкаваных выданняў XVI–XVII стст., у т.л. “Граматыка”, “Азбукі”, “Часасловы”, выдадзеныя ў друкарнях ВКЛ.


05-inx960x640.jpg

У Швецыі захоўваюцца тры гарматы, адлітыя на замову Радзівілаў. Яны адзначаныя родаым гербам


Германія

У саксонскай бібліятэцы ў Дрэздэне знаходзяцца “Тры паланэза” беларускага музыкі XVIII ст. Мацея Радзівіла.

Кобленц. Сюды з Мінскага гістарычнага музею ў 1943 г. вывезлі гарматы XVI-XVIII стст., у асноўным з калекцыі Радзівілаў.


Францыя

У Парыжы або ў яго наваколлях, у адным з манастыроў знаходзіцца архіў БНР, вывезены самім Абрамчыкам з Прагі ў 1944 або 1945 гг.


Расія

У Музеі архітэктуры імя Шчусева захоўваецца самы вялікі збор беларускіх дакастрычніцкіх паштовак.

У Дзяржфільмафондзе Расіі знаходзяцца дзесяць дакументальных фільмаў пра даваенную Беларусь.

У Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу захоўваюцца восемдзесят тры выданні Скарыны, Літоўскі статут і трыбунал 1733 г., Катэхізіс Сымона Буднага, Полацкае евангелле, пісьмовыя крыніцы па гісторыі паўстання 1863–1864 гг., статуты ВКЛ XVI–XVIII стст., юрыдычныя акты Радзівілаўскага архіву XIX ст., граматы ВКЛ 1529 г.

У Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў захоўваецца Літоўская метрыка – збор дзяржаўных актаў на старабеларускай мове.


Украіна

Падчас Першай сусветнай вайны з маёнтка ў Шчорсах у Кіеў была часова перавезена бібліятэка апошняга канцлера ВКЛ Яўхіма Храптовіча, сабраная яго сям’ёй за некалькі стагоддзяў. Але яна так і не вярнулася на радзіму. Сёння гэтая калекцыя налічвае каля 5,5 тыс. рэдкіх кніг і 129 рукапісаў, у XVIII ст. яна ўтрымлівала блізу 20 тыс. ас.

У Алескім замку пасля здымак фільма “Дзікае паляванне караля Стаха” засталіся тры драўляныя скульптуры, якія кіношнікі незаконна вывезлі з Навагрудка. Пра гэта расказваў сам Уладзімір Караткевіч. У калекцыі Нацыянальнага музея ў Львове захоўваюцца экспанаты вядомага беларускага збіральніка старажытнасцяў Генрыка Татура (ён стварыў першы музей у Мінску). Адзін з самых каштоўных экспанатаў там – бронзавы крыж Жыгімонта Аўгуста.


Іран

У іранскіх сховішчах знаходзяцца пераклады Аляксандра Ходзькі (1804–1891). Ён нарадзіўся ў Крывічах на Мядзельшчыне. За дзесяць гадоў дыпламатычнай службы ў Персіі ён пераклаў мноства твораў персідскай паэзіі. Адказы на многія пытанні пра яго жыццё і дзейнасць могуць даць іранскія і часткова азербайджанскія архівы.


Кенія

Пасля Другой сусветнай вайны гэтую афрыканскую краіну абраў для пражывання спадчыннік старажытнага беларускага роду Андэрс Яўстафій Сапега. Прафесійны паляўнічы, ён арганізаваў у Кеніі платныя сафары – паляванне на сланоў ды інш. жывёл, а ў вольны час займаўся пошукамі звестак пра свой род. Яны былі сабраныя у працы “Сапежанский дом”, але туды ўвайшлі не ўсе матэрыялы. Ёсць звесткі, што некаторыя з іх так і засталіся ў сталіцы Кеніі Найробі.


ЗША

Ва ўніверсітэце штата Масачусэтс захоўваецца г.зв. “Палескі” фотаархіў польскага этнографа Юзафа Абрэмбскага, сабраны падчас экспедыцый студэнтаў і выкладчыкаў Варшаўскага ўніверсітэта. Акрамя фатаграфій у ім таксама захоўваюцца фальклорныя запісы, беларускія вершаваныя творы, напісаныя ў заходне-беларускіх турмах палітвязнямі.

У музеі Філадэльфіі выстаўленыя даспехі Радзівіла Чорнага. Гэта іспанская кіраса, рэдкі выраб знакамітага майстра з Таледа, упрыгожаны тонкім пазалочаным арнаментам. Заднюю частку кірасы знайшлі ў... хляве аднаго шляхціца: ён карміў з яе свіней. Пярэднюю частку нехта Вежбіцкі задарма атрымаў ад Радзівілаў і адразу ж прадаў за акіян.


АФІЦЫЙНА

– Сёння пытаннямі выяўлення, вяртання і ўвядзення ў навуковы зварот нацыянальных культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за мяжой, займаецца Міжведамасная камісія пры Савеце міністраў. Гэта грамадская камісія, таму яна не можа мэтанакіравана і паслядоўна весці работу па пошуку і вяртанню згубленых або перамешчаных каштоўнасцяў. Арганізацыі, якая б займалася гэтым на пастаяннай аснове, у Беларусі, на жаль, няма. Дзейнасць па рэстытуцыі ўключае ў сябе не толькі работу па выяўленні і пошуку каштоўнасцяў (гэта вывучэнне замежных архіваў, музейных фондаў, фондаў бібліятэк), але і іх экспертызу, складанне каталогаў, вопісаў каштоўнасцяў.

Акрамя гэтага, трэба працаваць на міжнародных аўкцыёнах па продажы твораў мастацтва. Найбуйнейшыя з іх часткова выстаўляюць у інтэрнэце каталогі маючых адбыцца аўкцыёнаў, але ў большасці выпадкаў гэтая інфармацыя платная. Калі краіна зацікаўленая, то яна павінна вылучаць грошы не толькі на закупку твораў мастацтва, якія маюць дачыненне да яе гісторыі, але і на іх пошук, – тлумачыць начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч. – Фізічна вярнуць страчаныя культурныя каштоўнасці з дзяржаўных музейных або архіўных сховішчаў сёння практычна немагчыма, існуюць заканадаўчыя забароны. У кожным выпадку мы павінны даказаць законнасць такога вяртання, але нават у гэтым выпадку пытанне вяртання, хутчэй за ўсё, будзе вырашацца на найвышэйшым узроўні.

На мой погляд, сёння важная не толькі наўпростая рэстытуцыя, але і ідэнтыфікацыя каштоўнасцяў. Нам перш за ўсё трэба пазначыць на міжнародным узроўні свае каштоўнасці як беларускія. Ідэнтыфікацыя беларускіх культурных каштоўнасцяў надзвычай патрэбна для беларускай ідэнтычнасці і выхавання будучых пакаленняў.


З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Міністр культуры Беларусі Павел Латушка: “Нам патрэбныя духоўныя сімвалы нацыі”

– Вяртанне Статута ВКЛ – безумоўны духоўны сімвал Беларусі. Гэта выключны акт прававой думкі, але сёння гэта рэліквія, гісторыка-культурная каштоўнасць нашай Беларусі. У Беларусі на дзяржаўным узроўні зацверджана праграма “Замкі Беларусі”. Але аднаўленне сцен – толькі частка вяртання нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Вельмі важна, каб у гэтых сценах знаходзіліся духоўныя сімвалы нашай нацыі.

У 2011–2012 гг. з дзяржаўнага бюджэту прадугледжана выдзяленне 10 млрд беларускіх рублёў для рэспубліканскіх музеяў сістэмы Міністэрства культуры на вяртанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў у Беларусь. Толькі сёлета мы набылі чатыры слуцкія паясы, якія будуць знаходзіцца ў Нясвіжскім замку Радзівілаў. На працягу апошніх чатырох гадоў Нацыянальны гістарычны музей набыў 179 унікальных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ў калекцыі музея.

Кацярына Кузьміч, "Комсомольская правда"


Тэгі: важнае