Пасля распаду СССР жыхары постсавецкіх краін даведаліся пра трагедыю тых, хто біўся супраць нацыстаў у войсках заходніх хаўруснікаў і быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі.
Жаўнеры Войска Польскага ў Заходняй Беларусі
9 траўня ў нашай сям’і заўсёды быў святочным днём. Дзед надзяваў парадны пінжак з узнагароднымі калодкамі, сустракаўся з калегамі-ветэранамі ў Сычкава пад Бабруйскам, дзе яны выпівалі франтавыя сто грамаў. Я любіў гэтае свята яшчэ і таму, што па тэлебачанні паказвалі ваенныя фільмы.
Прайшоў час, знік СССР, адкрыліся раней забароненыя факты па гісторыі Другой сусветнай вайны. Выявілася, што напісаная прыдворнымі крамлёўскімі «даследчыкамі» гісторыя Вялікай Айчыннай не такая адназначная. Так, жыхары постсавецкіх краін даведаліся пра тое, што падчас Другой сусветнай мільёны савецкіх грамадзян… змагаліся на баку Германіі супраць Сталіна. Стала вядома і трагедыя тых, хто біўся супраць нацыстаў у войсках заходніх хаўруснікаў і быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі.
Беларусы былі добрымі жаўнерамі яшчэ ў 1939-м
За год да сваёй смерці, у 2010 годзе, мой дзед, палкоўнік савецкага войска, удзельнік Вісла-Одэрскай аперацыі ў 1944 годзе, які атрымаў за гэта «Медаль за Адвагу», прачытаў мой артыкул, прысвечаны гісторыі жаўнераў Другога польскага корпуса з Беларусі. «Якая жудасная несправядлівасць. Яны ж як і мы змагаліся супраць гітлераўцаў. Урэшце рэшт, яны ваявалі ў войску краіны-члена антыгітлераўскай кааліцыі. Як іх маглі рэпрэсаваць? Дэпартаваць? За што? Жудасна», — сказаў тады мой дзед. «Так, жудасна. Але гэта толькі адно з вялікага спісу злачынстваў бальшавіцкай сістэмы», — адказаў я.
Жаўнеры Другога Польскага корпуса
У складзе Польскіх узброеных сіл на Захадзе ваявалі тысячы ўраджэнцаў паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай, а таксама этнічных беларусаў. У канцы 1941-пачатку 1942 года яны, у сваёй большасці, трапілі ў польскае войска, якое пачало фарміравацца на тэрыторыі СССР. Варта задумацца над тым, што адбылося, калі б Германія не напала на Савецкі Саюз. Хутчэй за ўсё гэтыя прадстаўнікі так званага «польскага кантынгенту» так і згнілі ў лагерах ГУЛАГу, турмах, ці казахстанскіх стэпах. Разам з тым, нават напад Гітлера на свайго ўчарашняга хаўрусніка не даваў 100-адсоткавай гарантыі на свабоду.
Для савецкай улады ўсе жыхары новых заходніх абласцей БССР і УССР (нават тыя, хто не паспеў атрымаць савецкія пашпарты) з’яўляліся савецкімі грамадзянамі. Польскі бок як мог спрабаваў супрацьстаяць гэтай палітыцы савецкіх улад, падкрэсліваючы, што заканадаўства Польшчы пабудаванае на прынцыпе роўнасці ўсіх грамадзян незалежна ад нацыянальнасці.
У адказ у снежні 1941 года Дзяржкамітэт абароны СССР дазволіў прызываць у Войска Польскае толькі этнічных палякаў з тэрыторый усходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай.
Вось што пісалі ў лісце да польскага амбасадара ў СССР беларусы, сасланыя ў Амурскую вобласць: «Мы, тыя, хто ніжэй падпісаўся, польскія грамадзяне, просім прыняць нас у польскае войска. Мы беларусы і праз гэта нас не бяруць у польскае войска, паколькі ў ваенкамаце нам паведамілі, каб мы чакалі, пакуль нас мабілізуюць у беларускае войска (!). Калі генерал Сікорскі дапаможа нам вызваліцца з няволі, то мы будзем яму аддана служыць. Калі ласка, не глядзіце, што мы беларускай нацыянальнасці. Звярніце ўвагу на тое, што нас вывезлі ў Сібір, а вывозілі туды толькі тых, хто быў на баку Польшчы. Калі ласка, як мага хутчэй дайце нам адказ, што нам рабіць. Ці самастойна накіроўвацца ў месцы фарміравання польскіх дывізій, ці польскі ўрад сам нас мабілізуе».
Польскае камандаванне спрабавала ўратаваць усіх сваіх грамадзян. У кнізе «Без апошняга раздзела» генерал Уладзіслаў Андэрс апісваў размову, якая адбылася паміж ім, кіраўніком польскага ўраду Сікорскім і Сталіным у Крамлі.
"Сікорскі: «Я ўражаны тым, што вы не жадаеце адпускаць з Чырвонай Арміі і працоўных батальёнаў усіх польскіх грамадзян, якія былі вамі ўзяты з тэрыторый, акупаваных у 1939 годзе».
Сталін: «Мы ж іх адпускаем».
Андэрс: «Толькі пачалі вызваляць трошкі людзей з тых батальёнаў, але ў асноўным палякаў. Але нас афіцыйна праінфармавана, што беларусаў, украінцаў і габрэяў адпускаць не будуць. Яны былі і не перасталі быць польскімі грамадзянамі, так як вы адмянілі ўсе дамовы з Германіяй».
Сталін: «На што вам гэтыя беларусы, украінцы, габрэі. Вам патрэбныя палякі, яны лепшыя жаўнеры».
Сікорскі: «Тыя, хто ў 1939 г. былі польскімі грамадзянамі, імі і засталіся».
Сталін: «Яны ўзялі ўдзел у галасаванні і сталі савецкімі грамадзянамі».
Андэрс: «Але не зрабілі гэта добраахвотна. А калі казаць пра беларусаў, то яны адчувалі сябе палякамі і былі добрымі жаўнерамі падчас вайны 1939 года»".
Шлях жаўнера
У сувязі з цяжкай для беларусаў сітуацыяй шматлікія нашыя суайчыннікі вымушаны былі пазначаць сваю нацыянальнасць як «паляк». Знакаміты брытанскі даследчык гісторыі Польшчы Норман Дэвіс у сваёй кнізе «Шлях надзеі», прысвечанай Другому польскаму корпусу, падкрэслівае, што падчас мабілізацыі ў Армію Андэрса «тэрмін «паляк» азначаў тое ж самае, што і польскае грамадзянства». «Жаўнеры Андэрса былі вельмі рознымі ў этнічным, рэлігійным, палітычным і грамадскім планах. Усе былі польскімі грамадзянамі, але ў ніякім разе не згуртаванай этнічнай групай. Яны складалі статыстычны зрэз 37-38-мільённага грамадства даваеннай Польшчы», — пісаў брытанскі гісторык.
Андэрсаўцы з Беларусі ў італіі, 1945
Былы жыхар Піншчыны Міхась Шведзюк, які з Арміяй Андэрса эвакуіраваўся з СССР на Захад, адзначаў: «Перад беларусамі на прызыўных пунктах паўстаў вельмі цяжкі выбар: альбо задэклараваць сваю нацыянальнасць і рэлігію, быць не прынятым у Войска Польскае і застацца ў цяжкіх абставінах у Савецкім Саюзе, альбо назваць сябе палякам і католікам, а часта яшчэ мяняць імёны, ды такім чынам ратаваць сябе і сваю сям’ю выездам у Іран. Многія з беларусаў выбіралі менавіта другое».
Беларускія андэрсаўцы
У 1942 годзе Армія Андэрса эвакуіравалася ў Іран. Нехта з андэрсаўцаў трапіў у іншыя падраздзяленні (ВПС, ці паветрана-дэсантную брыгаду), але большасць працягвала службу ў Другім Польскім корпусе, які ўвесну 1944 года ўдзельнічаў у вызваленні Італіі ад нацыстаў, у тым ліку, і ў знакамітай бітве пад Монтэ-Касіна. Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны перад беларускімі андэрсаўцамі стала дылема: застацца на Захадзе і пачынаць жыццё з пачатку, ці вярнуцца да дому, у БССР, дзе на іх чакалі жонкі, дзеці, бацькі.
Савецкія ўлады праводзілі актыўную працу па агітацыі беларускіх жаўнераў Другога польскага корпуса за вяртанне на Радзіму. Гэтым займаліся савецкія дыпламатычныя ўстановы. Маскоўскія чыноўнікі распаўсюджвалі сярод андэрсаўцаў савецкія перыядычныя выданні і паштовую карэспандэнцыю ад сваякоў і знаёмых з савецкай Беларусі. На Заходняй мяжы БССР ствараліся зборна-перасыльныя лагеры і праверачна-фільтрацыйныя пункты НКУС. У 1947 годзе аддзел па рэпатрыяцыі Савета народных камісараў БССР атрымаў загад збіраць ад жаўнераў Другога польскага корпуса, якія ўжо вярнуліся на тэрыторыю Савецкага Саюза лісты да саслужыўцаў, якія засталіся за мяжой.
Савецкая прапаганда спрацавала добра і значная частка беларускіх жаўнераў Другога польскага корпуса і іншых фарміраванняў вырашыла вярнуцца ў Беларусь. Звычайна яны прыязджалі ў Гродна, накіроўваліся ў фільтрацыйны лагер, адкуль пасля праверак маглі ехаць на месца жыхарства. Гутарка ішла, у асноўным пра Маладзечанскую, Баранавіцкую, Брэсцкую, Пінскую, Полацкую, Гродзенскую вобласці БССР. Савет міністраў савецкай Беларусі атрымаў указанне забяспечваць гэтых людзей працай і дапамагаць у арганізацыі быту. Аднак, гэта быў толькі фасад. Насамрэч, савецкія спецорганы актыўна сачылі за жаўнерамі «буржуазнага» войска, якія і апраналіся не так, як савецкія грамадзяне, і гаварылі больш свабодна, ды і ўвогуле былі «ненадзейнымі» асобамі.
Сапраўдны твар бальшавіцкай сістэмы
«Гульні» скончыліся ў сакавіку 1951 года, калі ў дамы беларускіх андэрсаўцаў пагрукалі чэкісты і міліцыянеры. Так пачалася дэпартацыя беларускіх андэрсаўцаў. Усяго, з улікам членаў сямей у Іркуцкую вобласць у гэты час з заходніх абласцей БССР было вывезена 4520 чалавек (са складу якіх 888 чалавек складалі менавіта былыя польскія вайскоўцы). Найбольшая колькасць дэпартаваных былі былымі жаўнерамі 5-й крэсавай дывізіі пяхоты і 3-й дывізіі карпацкіх стральцоў. Сярод выселеных былі і прадстаўнікі іншых польскіх фарміраванняў (маракі, пілоты, танкісты).
Чым было выклікана гэтае рашэнне бальшавіцкіх улад? Перш за ўсё тым, што паміж СССР і Захадам разгаралася «халодная вайна», якая вельмі хутка магла перарасці ў сапраўдную. Як павядуць сябе ў выпадку адкрытага канфлікту з Захадам гэтыя жаўнеры «буржуазнага» войска? Ці не павярнуць зброю супраць савецкай улады? Часцей за ўсё, прымаючы рашэнне аб дэпартацыі, бальшавіцкія чыноўнікі адзначалі, што дэпартаваныя «не служылі ў савецкім войску і ніякіх заслуг перад савецкай дзяржавай не маюць».
Дэпартацыя, 1940
У спецкамендатуры населенага пункта, куды прывозілі дэпартаваных ветэранаў Другой сусветнай вайны, іх прымушалі даваць падпіску аб тым, што ім аб’яўлена, што, па рашэнні Савета міністраў СССР яны пакінутыя на спецпасяленні навечна, а ў выпадку, калі паспрабуюць збегчы, то будуць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці паводле ўказу Прэзідыума Вярхоўнага савета СССР ад 26 лістапада 1948 года. Кожны дзень спецпасяленцы павінны былі адзначацца ў камендатуры.
Ахвяры дэпартацыі
З вайны ў полымя
«1 красавіка 1951 года, пасля вясновых канікул я павінен быў ісці ў школу. Напярэдадні ўвечары гуляў у шахматы са сваімі сябрамі ў будынку сельсавета. Вяртаючыся з адным з іх да хаты, убачыў, што нашая хата аточана жаўнерамі НКУС, якія трымалі аўтаматы ў руках. Сябра парадзіў не падыходзіць да дома і ісці да сваякоў, якія жылі ў нашай вёсцы. Там і заночыў. Раніцай прыйшоў супрацоўнік НКУС і загадаў ісці разам з ім да дому. Калі мяне прывялі, я ўбачыў, што дома быў вобшук: усё было перакулена і раскідана. Нашай сям’і аб’явілі, што мы арыштаваныя і на працягу гадзіны павінны сабраць самыя неабходныя рэчы і выйсці на вуліцу. Калі нас вывелі з дома, да яго пад’ехала тры вазы, на якія нам загадалі сядаць. На кожным сядзелі два супрацоўнікі НКУС. Куды нас павязуць і за што — мы не ведалі. Прывезлі ў райцэнтр, дзе пагрузілі ў «варанок» і пад аховай аўтаматчыкаў павезлі ў невядомым кірунку. Калі «варанок» спыніўся, мы ўбачылі, што знаходзімся на чыгуначнай станцыі ў Баранавічах. Нас сталі грузіць у таварныя вагоны. Тады мы канчаткова зразумелі, што наш нечаканы арышт — не памылка, ці непаразуменне», — узгадваў у ўспамінах сын беларускага андэрсаўца Уладзіміра Несцяровіча. У канцы 1920-х Уладзімір Вінцэнтавіч служыў у 24-м уланскім палку Войска Польскага. У 1942 годзе трапіў у Армію Андэрса. Служыў у 1-й танкавай дывізіі, потым у іншых фарміраваннях польскага войска. Быў узнагароджаны шматлікімі польскімі і брытанскімі ўзнагародамі. У 1951 годзе сям’я Несцяровічаў была дэпартавана ў пасёлак Кірзавод у Іркуцкай вобласці.
Падобны лёс чакаў і ўдзельніка абароны Львова ў складзе 81-га пяхотнага палка Войска Польскага ў верасні 1939 года Аляксандра Акуліча.
Аляксандр Акуліч
З кастрычніка 1939 года ён знаходзіўся ў савецкім лагеры для польскіх ваеннапалонных у Крывым Розе, а ў 1940 годзе быў на прымусовых працах. У 1941-м Акуліч трапіў у Армію Андэрса і ўдзельнічаў у вызваленні Італіі ад нацыстаў у складзе 15-га стралковага батальёна 5-й крэсавай дывізіі Другога Польскага корпуса.
Брытанскі вайсковы білет А. Акуліча
У 1951 годзе ветэрана Другой сусветнай вайны дэпартавалі ў Іркуцкую вобласць. Ужо на спецпасяленні ў яго нарадзіліся дзеці.
Даведка аб рэабілітацыі Акуліча
Вясной 1951-га ў Сібір дэпартавалі і сям’ю Ісая Лутохіна з вёскі Пукі Дзісенскага павета. У міжваенны час ён займаўся земляробствам. У 1936-м хлопца прызвалі ў Войска Польскае. Служыць давялося ў легендарным 76-м Лідскім пяхотным палку, які вёў свой радавод ад пяхотных падраздзяленняў самаабароны Літвы і Беларусі часоў польска-бальшавіцкай вайны 1920 года. Пасля дэмабілізацыі ў 1937 годзе Лутохін вярнуўся дадому.
Аднак мірнае жыццё працягвалася нядоўга. У верасні 1939-га пачалася Другая сусветная вайна. Беларуса мабілізавалі ў 1-шы полк пяхоты легіёнаў у Вільні, аднак падчас адступлення на Усход ён трапіў у савецкі палон. Першапачаткова Лутохіна накіравалі ў лагер для польскіх ваеннапалонных у Запарожжа. Пазней ён аказаўся ў распараджэнні Паўноччыгунлага ў Комі АССР, дзе будаваў чыгуначныя шляхі. Па ўспамінах Ісая Акімавіча, умовы працы былі вельмі цяжкія. Шмат каго з былых польскіх вайскоўцаў апанавала цынга і іншыя хваробы. «Калі б немцы не напалі на бальшавікоў, каюк бы нам быў усім у той Сібіры», — адзначаў Лутохін.
Восенню 1941-га яго разам з іншымі зняволенымі накіравалі ў распараджэнне польскага войска ў СССР. Па ўспамінах жаўнера, першапачаткова Армія Андэрса нагадвала лазарэт. «Вакол адны дыстрофікі. Доктар папярэджваў, каб жаўнеры на ежу не накідваліся, бо арганізм не быў падрыхтаваны і маглі памерці», — узгадваў андэрсавец. У радах 14-га Віленскага батальёна 5-й крэсавай дывізіі беларус прайшоў усю Італьянскую кампанію. Удзельнічаў у кровапралітнай бітве пад Монтэ-Касіна.
Монтэ-Касіна
Пасля вайны ў 1947-м дэмабілізаваўся і паехаў у БССР. «Прыехаў дадому, пагрукаў у хату. Адчыніла сястра і не пазнала мяне. Я па-польску гаварыў. Дык папрасіўся пераначаваць. Бацька мой кажа: «Няхай ідзе. Жаўнер з сабой начлег не носіць». А я пытаю: «А дзе ваш Ісай?» У адказ чую: «Загінуў ён». «А хто ж я тады», — кажу. Маці прытомнасць страціла. Пазней усе радаваліся, што жывы і здаровы вярнуўся», — успамінаў ветэран Другой сусветнай. Аднак спакойнага жыцця не атрымалася. У 1951-м андэрсаўца дэпартавалі ў Іркуцкую вобласць. Пры гэтым канфіскавалі ўсю маёмасць, дакументы, здымкі і ўзнагароды.
Злева Ісай Лутохін, Усолье Сібірскае, 1953
…30 жніўня 1939 года беларуса Сяргея Завадскага накіравалі ў Цэнтральную падафіцэрскую школу Корпуса аховы памежжа ў Асаўцы. Хутка маладому сапёру прыйшлося прымяніць свае веды на практыцы: Германія напала на Польшчу. Беларус змагаўся супраць жаўнераў вермахта, але… трапіў у савецкі палон. Гэты парадокс стаў рэчаіснасцю пасля таго, як 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перакрочыла даваенную савецка-польскую мяжу і далучыла Заходнюю Беларусь да СССР. Тады ў бальшавіцкі «палон» трапілі дзясяткі тысяч нашых суайчыннікаў.
С. Завадскі
Завадскага накіравалі ў лагер у Старабельску. Калі Германія напала на Савецкі Саюз Сяргей запісаўся ў Армію Андэрса і з ёй прайшоў усю вайну. «Крыж Мужных», польскі «Вайсковы медаль», брытанская «Італьянская зорка», «Крыж Монтэ Касіна» — гэта толькі частка ўзнагарод гэтага мужнага чалавека.
Сяргей Завадскі на спецпасяленні
Ваенны білет Завадскага
Узнагароды Завадскага
Пасля заканчэння Другой сусветнай малады сапёр вярнуўся на Гродзеншчыну. Здавалася, яго чакае спакойнае жыццё, бо ён ваяваў на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Але так не лічылі ў Маскве і Мінску. У 1951 годзе сям’ю Завадскіх дэпартавалі ў Сібір, а ў 1958 годзе герой Другой сусветнай трагічна загінуў на лесапавале. «Ён быў малады, бадзёры мужчына. Жыць бы ды жыць», — праз плач адзначала ў размове з аўтарам дачка ветэрана.
Захаваць памяць пра герояў
Вось так людзей, якія спазналі сталінскія лагеры і дэпартацыі яшчэ ў 1939-1940-х, якія змагаліся супраць нацыстаў на франтах Другой сусветнай вайны, а іх блізкія вымушаныя былі жыць пад нацысцкай акупацыяй, ізноў накіравалі на «нечалавечую зямлю» у Сібір. Толькі праз тры гады пасля смерці «ката народаў» Сталіна героі Другой сусветнай са складу Войска Польскага на Захадзе атрымалі магчымасць вярнуцца на Радзіму. Праўда, у Беларусь ехалі не ўсе. Хто мог, выязджаў у Польскую народную рэспубліку. Тыя ж, хто вяртаўся ў БССР, вымушаныя былі змірыцца з тым, што савецкія ўлады не прызнаюць іх вайсковыя заслугі.
У канцы 1950-х-пачатку 1960-х гадоў андэрсаўцы пачалі атрымліваць савецкія вайсковыя білеты, у якіх адзначалася: «У Вялікай Айчыннай вайне не ўдзельнічаў». Гэта азначала, што ветэраны Другой сусветнай вайны не мелі права карыстацца ільготамі, якімі карысталіся іх калегі, якія ваявалі супраць нацыстаў у складзе савецкага войска. У 1971 годзе Вярхоўны суд БССР прызнаў беспадстаўнасць дэпартацыі былых жаўнераў Войска Польскага на Захадзе. Некаторым з дэпартаваных быў выплачаны кошт канфіскаванай маёмасці.
Узнанароды беларускага андэрсаўца, якія вярнула Амбасада Вялікабрытаніі, 2019
У 1993 годзе ўжо ў незалежнай Беларусі быў прыняты Закон «Аб ветэранах», які прызнаў гэты статус за грамадзянамі Беларусі, якія ваявалі супраць нацысцкай Германіі на тэрыторыі замежных краін. Праўда, да гэтага часу дажыла невялікая колькасць беларускіх жаўнераў Арміі Андэрса. У 1995 годзе, калі ў краінах былога Савецкага Саюза адзначалася 50-я гадавіна Перамогі, некаторыя беларускія андэрсаўцы атрымалі адмысловы медаль.
У 2008 годзе кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас выступлення на мемарыяльным комплексе «Яма» адзначыў: «У сучаснай Беларусі робіцца шмат дзеля таго, каб зацвердзіць прынцып гуманізму і добрай волі. Мы свята шануем памяць усіх, хто змагаўся супраць фашызму на франтах Другой сусветнай вайны. У Брэстам, пад Сталінградам і Курскам. Хто вызваляў Варшаву, Прагу, Вену і Белград. Храбра біўся супраць ворага пад Монтэ-Касіна».
Аднак далей за гэтае заяву ўлады не пайшлі. У Беларусі не створана помнікаў і мемарыяльных дошак беларускім андэрсаўцам і іх камандзіру генералу Уладзіславу Андэрсу, у школах не расказваюць пра еўрапейскі кантэкст удзелу беларусаў і ўраджэнцаў нашай краіны ў барацьбе супраць нацызму. А значыць афіцыйны лозунг «Беларусь памятае! Памятаць кожнага!» (другую частку якога, дарэчы, аўтар гэтага артыкула выкарыстаў значна раней за дзяржаўных ідэолагаў) не выконваецца і застаецца пустым гукам. Таму сёння, напярэдадні свята 9 траўня, у Беларусі трэба ўзгадаць усіх нашых суайчыннікаў, якія змагаліся супраць нацызму падчас Другой сусветнай вайны. Тады і ўзгаданы лозунг будзе мець сэнс.