Беларускі клуб “Крывічы” правёў у Іркуцку абрад Стрэчанне – сустрэчу зімы і лета.
«У ЗША сурок Філ прадказаў надыход ранняй вясны» – такія загалоўкі ў мінулую нядзелю запоўнілі ўсю сусветную інфармпрастору. Прагноз быў зроблены на той падставе, што прызначаны на ролю прадказальніка пяцікілаграмовы грызун, якога выцягнулі з норкі, не спалохаўся ўласнага ценю. Папросту кажучы, у гэты дзень на Індычынай горцы каля маленькага гарадка Панксатоні (штат Пенсільванія), дзе ўжо больш за сотню гадоў вялікай грамадой святкуюць Дзень сурка, было пахмурнае надвор’е... Вось жа ўмеюць амерыканцы з любой нагоды зрабіць шоў!
Старэйшына запальвае вялікую грамнічную свечку
Калі б Філ пражываў у цэнтры Іркуцка, то выцягнуць яго з цёпленькага жытла было б вельмі праблематычна: у сталіцы Прыангар’я 2 лютага была сонечна і вельмі халодна. Тут не толькі цені спалохаешся – пяты адмарозіш!
Ты гары, мая свечка...
– Нам амерыканскія суслікі не ўказ, – кажа правадыр іркуцкіх беларусаў, кіраўнік клуба «Крывiчы» Алег Рудакоў. – У нас ёсць свае прыкметы. Як вам, да прыкладу, такая: «Калi на Стрэчанне певень пад страхой нап’ецца, то на Юр’я вол травы наесца»? Перакладаю... Калі ў гэты дзень будзе адліга, то 6 траўня будзе свежая трава для жывёлы. Атрымліваецца, ранняй вясны ў нашых краях сёлета чакаць не даводзіцца.
Вясёлая забава «На сілкі»: задача — парваць ланцуг апанентаў
Беларусы ў мінулую нядзелю святкавалі Грамніцу. Гэтая ўрачыстасць прысвечаная багіні лета, жонцы грознага ўладара грому і маланкі – Пяруна. У народнай міфалогіі гэта была прыгожая, вельмі добрая і вельмі мажная жанчына. Яе выяўлялі з пладамі ў руках і саспелымі каласамі ў валасах. Яна была заступніцай сялянаў – менавіта ў яе пры неабходнасці прасілі дажджу. Згодна з павер’ем, багі-сужэнцы клаліся спаць на ўсю зіму, і толькі ў пачатку лютага Грамніца на кароткі час прачыналася, каб паглядзець, ці не замоцна лютуе Зюзя, бог зімы і маразоў. У гонар гэтай падзеі беларускі народ спрадвеку адзначае Стрэчанне (іншая назва свята) – сустрэчу зімы і лета.
«Цягалкі»: трэба ўцягнуць суперніка за рысу, накрэсленую на снезе
Абрад пачынаецца з развядзення вогнішча. Існуюць два нязменных правілы: робіцца гэта толькі з дапамогай іскры (пяруновай), без аніякіх запалак або запальніцы; а яшчэ ў працэсе здабывання агню ўдзельнічаюць толькі мужчыны – жанчыны тым часам, адвярнуўшыся, любуюцца на наваколле. Далей распарадчык (старэйшына) цырымоніі запальвае вялікую грамнічную свечку. Праводзячы круг над галавой кожнага з удзельнікаў, ён дапамагае кожнаму стварыць свой маленькі індывідуальны агеньчык (свечкі прыносяць з сабой). Пры гэтым чалавек павінен уголас агучыць сваё жаданне. Пасля выканання абрадавай песні ўсе прысутныя перагортваюць грамнічныя свечкі і тушаць іх аб снег. Цяпер удзельнікі, паводле перакананняў беларусаў, атрымалі цудадзейную абярэжную сілу на цэлы год: гэтыя свечкі запальвалі ў час навальніцы, прымаючы нованароджанага і развітваючыся з нябожчыкам, бралі з сабой увесну на першую баразну, ратавалі імі палі ад граду, з іх дапамогай лячылі зубы, адужвалі некаторыя хваробы, выкарыстоўвалі для варажбы ў Купальскую або Калядную ноч, хавалі ў рукаво, калі ішлі сватацца, воск ад іх улівалі ў адмыслова прасвідраваныя дзірачкі ў рогах каровы, каб абараніць жывёлу ад пошасці... Свечка на цэлы год ператваралася ў чароўную палачку.
Пярун зараз спіць, таму гром, б’ючы палкай па блясе, выклікалі юныя ўдзельніцы цырымоніі
Следам за ўрачыстай часткай, як гэта часта здараецца падчас традыцыйных народных гулянняў, настаў час нястрымнай весялосці. Пачынаўся ён з лаянкі Зімы з Летам, пасля чаго дзяўчаты, абраныя на гэтыя ролі, па чарзе набіралі сабе хаўрусьнікаў з ліку ўдзельнікаў. Затым – «Кавенькі», «На сілкі», «Цягалкі», «Канат» – усё гэта зімовыя гульні-забавы, якімі ў Беларусі забаўляліся спрадвеку. А пасля – песні і танцы, вядома ж, народныя. Завяршыўся вечар сяброўскім чаяваннем.
Старэйшае пакаленне паставілася да абраду вельмі сур’ёзна
Грамніца ізноў адправілася адпачываць. Кіраваць светам працягнуў Зюзя...
Андрэй Семакін, газета “Копейка”