У Вільні адкрыўся гурток беларускіх традыцыйных спеваў

Пра тое, навошта традыцыйныя спевы ў сучасным свеце і чым яны дапамагаюць эмігрантам, разважае фалькларыстка і спявачка гурта Miareža Святлана Чакушка.


Заняткі па спевах – штосераду і штосуботу

Спеўны гурток адчыніўся на мінулым тыдні ў Вільні пад кіраўніцтвам Святланы Чакушкі, спявачкі гурта Miareža.

«Часова з'ехаўшы з Беларусі, я прыхапіла сваю Беларусь з сабою і мару падзяліцца ёю з вамі. Буду чакаць усіх – усіх жадаючых жыхароў Вільні, каб разам адкрываць для сябе свет беларускага традыцыйнага спеву», – напісала яна перад першым заняткам у сябе на старонцы ў Facebook.


03-b47c355e3bfd48a584104a3bee357720.jpg

Гурт "Miareža" на фестывалі "Камяніца". Фота Алега Чырыцы


Заняткі па традыцыйных спевах праходзяць штосераду а 19 гадзіне і штосуботу а 15-й. Яны з’явіліся дзякуючы падтрымцы Віленскага Цэнтра беларускай культуры і супольнасці і праходзяць па адрасе: вуліца Vilniaus, 20.

Першая сустрэча спеўнага гуртка адбылася 22 верасня, і на яе прыйшло даволі шмат людзей, каля двух дзясяткаў. У асноўным гэта былі беларусы Вільні, хтосьці з іх прыехаў зусім нядаўна, іншыя ўжо жывуць там нейкі час.

«Вялікая колькасць беларусаў з’ехала не па сваёй волі, і гэта цяжка, цяжка нават калі рашэнне прынята загадзя. А спевы – гэта своеасаблівая медытацыя. Яны могуць быць спосабам псіхалагічнай разгрузкі: калі мне не вельмі добра, я спяваю сама ці збіраюся разам з каляжанкамі, тады робіцца лягчэй, – кажа Святлана. – Магчыма, праз спевы атрымаецца дапамагчы людзям расслабіцца і пачаць давяраць адзін аднаму».


04-b3531d7b56168c7340dd8f3f93e55a65.jpg

Святлана Чакушка. Фота kanaplev_leidik


Беларусаў у Літве зараз сапраўды шмат: за год, пачынаючы з мінулага жніўня, беларусы атрымалі каля 20 тысяч нацыянальных літоўскіх віз. Вядома, не ўсе атрымальнікі пераехалі і жывуць у Вільні. Тым не менш, можна лёгка сустрэць беларусаў і нават знаёмых выпадкова на вуліцы.

«Я хачу, каб беларусы не згубіліся, хачу даць ім рэчы, якія дапамогуць лягчэй перанесці эміграцыю. Гэта мінімум, які я магу зрабіць, каб людзі не страчвалі сувязь з Радзімай, – кажа Святлана. – Да таго ж мы тут у сваіх варунках, праводзім час з сябрамі і знаёмымі. А мне хацелася б паказаць беларускую культуру жыхарам Вільні. Умоўна кажучы, каб мы ладзілі святы, і на іх прыходзілі мясцовыя літоўцы, палякі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. У сваю чаргу, мне было б цікава на гуртку павучыць спевы іншых народаў – літоўскія, польскія, нават яўрэйскія ці татарскія, каб быў міжкультурны абмен.

<…> Я б хацела, каб беларуская моладзь магла паказаць сябрам з іншых краінаў, якія ў нас ёсць песні, танцы і святы. Нічога не маю супраць “Купалінкі”, але яна не народная. Хацелася б, каб беларусы спявалі не толькі яе».

На пытанне, ці магчыма было б стварыць такі ж гурток у Беларусі, Святлана тлумачыць: магчыма, але сілы звычайна сыходзілі на іншае – на тое, каб падтрымліваць душэўную раўнавагу.


«Мы вучыліся спяваць і ездзілі з канцэртамі»

Фальклор Святлана называе сваім ладам жыцця і кажа, што гэты гурток у яе не першы.

«Калісьці ў Віцебску мы з сябрамі таксама стварылі этнаграфічную суполку, а на базе яе з’явіўся гурт. Мы назвалі яго Паўночная Сухадроўка. Сухадроўка – рэчка ў Віцебскім раёне, невялікая, але ёсць жа Паўночная Дзвіна? То хай будзе і Паўночная Сухадроўка. Мы з дзяўчатамі вучыліся разам спяваць, выступалі з канцэртамі на Віцебшчыне, двойчы ездзілі ў Даўгаўпілс на фальклорны фестываль…» – расказвае кіраўнічка спеўнага гуртка.


05-59326d402c4eab593788a7b43734fb2d.jpg

"Паўночная Сухадроўка" на фестывалі ў Даўгаўпілсе


Пераехаўшы ў Мінск, яна два гады вяла спеўна-этнаграфічны гурток на базе Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. «Там я вучыла спяваць незнаёмых людзей і зразумела, што ў мяне, здаецца, гэта атрымліваецца», – кажа фалькларыстка.

На гурток у Вільні прыйсці можна не толькі тым, хто выдатна спявае, але і пачаткоўцам: розніца, па словах Святланы, будзе толькі ў тым, як хутка чалавек можа засвоіць матэрыял, ці трэба яму ці ёй займацца дадаткова.

«Да мяне неяк прыйшла дзяўчына, якая ну вельмі ціха размаўляла, але вельмі хацела спяваць. Мы з ёй некалькі разоў займаліся індывідуальна, але ў нейкі момант пачулі, што ў яе нізкі і аб’ёмны голас. І гэта было ваў!» – дзеліцца Святлана Чакушка.


06-9505f2e8f43f7994790306114fa2f336.jpg

Святкаванне Багача ў Вільні, 25 верасня 2021


Які ўзровень гуртка? Пакуль складана азначыць, бо калектыў яшчэ не склаўся. Але ў любым разе «ніхто не будзе выганяць за няправільную ноту ці біць па пальцах, як у музычнай школе», – кажа Святлана.

Магчыма, удзельнікі пажадаюць проста спяваць для душы ў сяброўскай атмасферы, але калі яны паставяць сабе мэту выступаць на фестывалях і канцэртах, то так і будзе, упэўненая кіраўнічка. Важна, што удзельнікі гуртка будуць не проста вывучаць спевы: Святлана ўдакладняе, што яе ідэя ў тым, каб пачынаць кожную сустрэчу з вывучэння традыцыйнай культуры і абрадаў.

Таксама ўдзельнікі звернуць увагу на асаблівасці разнастайнай спеўнай традыцыі Беларусі.

«Тое, як спяваюць на поўдні і на поўначы – розныя рэчы і па мелодыцы, і па гуказдабыванню, і па дыялектных момантах», – тлумачыць Святлана. Гэта азначае, што песні варта пераймаць з тымі асаблівасцямі, з якімі спявалі іх носьбіты.


Што такое традыцыйныя спевы?

Традыцыйныя спевы – гэта не проста музыка і асаблівая мова. У беларускай традыцыйнай спеўнай культуры яны былі спосабам уздзеяння на сусвет: выконвалі хутчэй не забаўляльную функцыю, а рытуальна-магічную, кажа Святлана Чакушка.

Праз спевы людзі спрабавалі зрабіць так, каб іх жыццё працягвалася і было добрым: багаты ўраджай, прыемнае надвор’е, ладнае жыццё сям’і.

«Традыцыйная культура накіраваная на тое, каб не знікла само жыццё. Рост і змяншэнне дня, рух сонца для продкаў былі магічнымі з’явамі, і праз спевы яны спрабавалі зрабіць так, каб гэты цыкл не спыняўся. Бо ад сонца залежыць нашае жыццё, і гэта навуковы факт», – разважае Святлана.

Каб надышла новая вясна, маладыя дзяўчаты падымаліся на самую высокую гару ды спрабавалі дакрычацца да сонца і іншасвету. Гэты прыклад паказвае асаблівую ролю жанчын, тыя выконвалі большасць традыцыйных і абрадавых спеваў. Гэта невыпадкова, бо жанчына лічылася дуальнай істотай, што звязаная з іншасветам, прыводзіць у гэты свет іншых людзей, можа ўплываць на продкаў і багоў.

Зрэшты, на гуртку не ставяць за мэту рэканструяваць стары лад жыцця, які ён быў у традыцыйнай культуры. Тады большасць людзей жыло ў вёсцы, а зараз доля гарадскога насельніцтва ў Беларусі каля 80%, і яна ўвесь часрасце, пераўтвараючы Беларусь у адну з самых гарадскіх краін Еўропы.

Зараз свет іншы, і функцыі спеваў змяніліся:

«У мяне адчуванне, што мы, беларусы, як маладое дрэва. Каб расці ўверх, як дрэва, нам трэба вельмі добра ўкараніцца ў глебу. І для мяне частка гэтай глебы – традыцыйная культура, – разважае суразмоўца. – Мы не ведаем, калі вернемся, але ствараць падмурак патрэбна. Складана размаўляць на гэтую тэму… Зрэшты Беларусь – гэта людзі, і мы не павінны пра гэта забываць. Караткевіч казаў, што кожны носіць сваё неба з сабой. Дык вось, кожны носіць сваю Беларусь з сабой. Будзьма беларусамі!»

Ганна Валынец, budzma.by