У Ташкенце пабачыў свет калектыўны зборнік твораў беларускіх паэтаў у перакладах на ўзбекскую мову

Кніга называецца: “Добры дзень, краіна дабрыні!”. Перакладчык — паэт Мінхажыдзін Мірзо, працаваў тады першым намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Узбекістана. (Пастановай Урада ад 12 верасня 2019 года Мінхажыдзін Мірзажанавіч Хаджыматаў прызначаны на пасаду кіраўніка Рэспубліканскага цэнтра “Маънавіят ва маърыфат” (“Духоўнасць і асветніцтва”. — Рэд.). Гэтаму таленавітаму чалавеку й належала ініцыятыва стварэння серыі кніг “Беларуская паэзія”. Выступаючы летась у Жыровічах, на Слонімшчыне, на Міжнародным круглым стале беларускіх і замежных пісьменнікаў “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго” ў пярэдадзень Дня беларускага пісьменства‑2019, спадар Мінхажыдзін адзначыў, што ў кнігі будзе й працяг.

У згаданай кнізе па-ўзбекску загучалі вершы Якуба Коласа, Навума Гальпяровіча, Міколы Мятліцкага, Віктара Шніпа, Леаніда Дранько-Майсюка, Таццяны Сівец, Юліі Алейчанкі. “Ведаючы, што Коласа шмат перакладалі ва Узбекістане, я крыху асцярожна падыходзіў да пераўвасаблення ягоных вершаў на сваю родную мову, — казаў перакладчык. — Але ж калі кнігу атрымалі чытачы, то водгукі былі прыхільныя. Дык можа з часам я адважуся й зрабіць “узбекскую” кнігу Якуба Коласа. Паэты ж, якіх я выбраў для перакладу, мне сталі сябрамі: як быццам нашы сэрцы судакрануліся. І мне вельмі хочацца паболей даведацца пра іх творчасць”.

У апошнія гады ў Беларусь наведаліся ўзбекскія пісьменнікі, літаратуразнаўцы Сіражыддзін Сайід, Анатоль Ліхадзіеўскі, Кучкор Наркабіл, Рысалат Хайдарава. І кожны з іх паехаў з Беларусі са сваім творчым праектам. Так што важная праца, скіраваная на развіццё беларуска-ўзбекскіх літаратурных, гуманітарных сувязяў, робіцца ў тым ліку й пісьменнікамі дружалюбных краін.

Кастусь Лешніца, „Голас Радзімы“