У Рызе — песенны букет

Як песнямі, так і непаўторным калейдаскопам беларускіх народных строяў ствараўся радасны настрой на першым Конкурсе беларускай песні ў Латвіі.

Ёсць у адным з твораў беларускага паэта-песенніка Івана Цітаўца дзівосныя словы: “Жыццё маё песняй спавіта”. Яны мне ўзгадваюцца і ў дачыненні да святочнай імпрэзы — першага Конкурсу беларускай песні Латвіі, што праходзіў у Рызе 23 лістапада 2019 года ў Палацы культуры “Zіemel blazma”. Ідэю конкурсу падалі супрацоўнікі Амбасады Беларусі ў Латвіі, яе падтрымаў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Мінкультуры Беларусі. Знайшліся й фундатары, у ліку якіх — беларускі вытворца касметыкі “Беліта — Вітэкс”, Таварыства садзеяння латвійска-беларускім эканамічным сувязям, Дабрачынны фонд латвійскага банка “Rіetumu”, беларускі прадпрымальнік, Ганаровы консул Латвіі ў Беларусі Аляксей Саўчук. Конкурс падтрыманы й за кошт сродкаў Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2016–2020 гады (падпраграма “Беларусы ў свеце”).

Рыжская восень багатая была сёлета на добрыя беларускія справы: праходзілі Дні беларускай культуры, адкрылася выстава беларускіх мастакоў, мы наведвалі магілы вядомых беларусаў на Дзяды, прайшлі Купалаўскія чытанні ў Рыжскай беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы… І першы Конкурс беларускай песні стаў знакавай падзеяй: бо ахапіў ён усю Латвію. У імпрэзе паўдзельнічалі 16 калектываў (з іх два дзіцячыя) з 9 гарадоў. І паплыла-паляцела на лёгкіх крылах песня беларуская ад сталіцы да ўскраін, абуджаючы ў сэрцах нашых столькі розных пачуццяў! Безумоўна, і таленавітыя спевакі кожны па-свойму, і сцэна не для ўсіх — месца звычнае, але разам яны вялікую справу робяць: узбагачаюць беларускую культуру. І кожны з іх — як своеасаблівая кветка нацыі, а чым іх болей, тым прыгажэйшы наш песенны букет.

Заўважу: песенны конкурсны букет атрымаўся даволі разнастайным, і вельмі добра, што кожны гурт мае ў рэпертуары песню народную. Выканаўцы тонка, мякка, па-народнаму проста вялі “мелодыю свята”, стварылі крыху настальгічны настрой у слухачоў, пераважна тых, хто жыве ўдалечыні ад Бацькаўшчыны. Апрача народнай песні, гучала й аўтарская — за тое наша ўдзячнасць асаблівая Станіславу Валодзьку, вершы якога добра кладуцца на музыку, цудоўна гучаць у выкананні землякоў.

Усцешна, што ствараўся ў зале святочны настрой як песняй, так і калейдаскопам беларускіх народных строяў. Колькі ў іх колераў, колькі паўтонаў! І здаецца мне часам, што менавіта песняй, некалі яшчэ бабуляй напетай, ды вышыванай рукамі маці кашуляй, бялюткім фартухом на тонкім стане дзяўчыны мы зможам “дастукацца” ў розумы, сэрцы адарваных ад роду-племені “касмапалітаў”. І зразумеюць, адчуюць яны велізарную жыццядайную энергетыку нашай спадчыны!

На працягу ўсяго дня ў зале панаваў святочны настрой. І нават самі ўдзельнікі, не толькі слухачы, бачыла я, часам забываліся, што ідзе конкурс: проста радаваліся, што такое беларускае песеннае свята ў Рызе стала яваю. А між тым кожнае выступленне ацэньвала прафесійнае журы. У яго ўвайшлі кіраўніца Міжнароднага фестывалю “Rіga Symphony” Алена Швілпэ, дацэнт Латвійскай акадэміі музыкі імя Язэпа Вітала, доктар мастацтваў Іева Ціхоўска, фундатар, дырэктар фірмы “Sture V” Васіль Зайцаў, консул Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгапілсе Яўгенія Барткевіч, дэкан факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржуніверсітэта культуры й мастацтваў Ірына Грамовіч. Прафесіяналы назвалі лепшымі: ансамбль беларускай песні “Журавінка” з Вэнтспілса й два дзіцячыя калектывы — гэта “Вавёрачка” (Рыжская беларуская школа) і дзіцячая студыя “Скарбніца” з Даўгаўпілса.

Віншуем пераможцаў конкурсу! Мяркуецца, што яны прадставяць Латвію на Фестывалі мастацтваў беларусаў свету ў 2020 годзе. І ўсім іншым удзельнікам таксама жадаем творчых поспехаў ды згадваць часцей словы кампазітара Міхаіла Глінкі, род якога мае моцныя беларускі карані: “Усе спевакі ад прыроды недасканалыя й вымагаюць навучання, мэта якога — выправіць недахопы і ўдасканаліць голас”.

Мы спадзяемся, што новы Конкурс беларускай песні ў Латвіі стане добрай традыцыяй. З мноства выслоўяў, што славяць песню, прывяду меркаванне ўлюбёнага ў песенную творчасць паэта Сяргея Панізьніка, шэраг вершаў якога таксама набылі песенныя крылы: “Песня — пладаносны жанр, які духоўна ўзвышае, яднае й лагодзіць людзей. Песня — нібы той Дабрасвет: плыве з Велікоднай званіцы й спараджае ў супляменнікаў пачуцці любові, вернасці. Ён аклікае нас, каб умелі ў грамадзе радавацца, не баяліся агучваць намоленую нашымі продкамі прастору — і натхняліся Жыццём”.

Ганна Іване, вядучая конкурсу, намесніца дырэктаркі Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы