У Расеі чатыром беларусам далі арышты за бел-чырвона-белы сьцяг

Васілеастроўскі раённы суд Санкт-Пецярбургу прызначыў адміністрацыйны арышт на тэрмін ад двух да сямі сутак чатыром грамадзянам Беларусі за арганізацыю няўзгодненага мерапрыемства ў горадзе 24 студзеня.


64AD844C-0870-4BC2-8EF9-047AA67F04B3_w1597_n_r1_st.png

Жаночая акцыя ў Санкт-Пецярбургу ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі, 10 кастрычніка 2020


Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на аб'яднаную прэс-службу судоў Пецярбургу.

Юліі Штанько далі сем сутак адміністрацыйнага арышту, Паўлу Штанько – пяць сутак, Жаньне Галеевай – пяць сутак і Ягору Мякіньнікаву – двое сутак.

Усіх іх прызналі вінаватымі паводле адміністрацыйнага артыкула аб парушэньні парадку сходу, мітынгу, дэманстрацыі, шэсьця або пікетаваньня. Паводле пратаколаў, яны правялі на Марской набярэжнай у Пецярбургу публічнае мерапрыемства, дзе дэманстравалі бел-чырвона-белыя сьцягі «ў падтрымку пратэстоўцаў у Беларусі».

Паведамляецца таксама, што падчас акцыі Беларусы сьпявалі песьню «Падводная лодка» гурту N.R.M. Паводле выданьня «МБХ медиа», паміж куплетамі Юлія Штанько сказала фразу «свабоду Навальнаму».

Разам зь імі быў затрыманы сябра беларускага зямляцтва Ўладзімер Драгун, грамадзянін Расеі. У дачыненьні да яго таксама склалі пратакол паводле таго ж самага артыкулу, але суд у ягонай справе перанесьлі на 26 сакавіка.